У 2019 годзе Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага адзначыць 80-годдзе. Створанае ў 1939 годзе рамеснае вучылішча № 8 заклала падмурак якаснай тэхнічнай адукацыі. За амаль восем дзесяцігоддзяў установа адукацыі неаднаразова мяняла назву — гэта было і рамеснае вучылішча № 14 металістаў, і тэхнічнае вучылішча № 7 электрамеханікаў, і дзяржаўны электратэхнічны каледж. Аднак нязменнай застаецца якасць адукацыі, а таксама дэвіз установы: “У будучыню — з традыцыямі”.
— Апошняя рэарганізацыя адбылася ў мінулым годзе — каледж стаў установай сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — гаворыць дырэктар каледжа Алег Рыгоравіч Рахунок. — Гэта павысіла статус, дало магчымасць адкрываць новыя спецыяльнасці і прымаць выпускнікоў 9 і 11 класаў непасрэдна на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Зараз у каледжы рыхтуюць спецыялістаў па пяці спецыяльнасцях і шасці кваліфікацыях. Працуюць тры аддзяленні — аўтамабільнае, электратэхнічнае і аддзяленне сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На электратэхнічным аддзяленні вучацца будучыя электраманцёры, слесары-электрыкі, на аўтамабільным — слесары па рамонце аўтамабіляў. Дадаткова навучэнцы гэтых аддзяленняў атрымліваюць кваліфікацыю электразваршчыка ручной зваркі, што дазваляе павышаць канкурэнтаздольнасць на рынку працы. На аддзяленні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Электрычныя станцыі”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Аўтасэрвіс”, “Электразабеспячэнне”. Выпускнікі атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю з кваліфікацыямі “тэхнік-электрык”, “тэхнік-механік” і “аўтамеханік 5 разраду”.
Пры жаданні кожны навучэнец можа прайсці навучанне ў аўташколе і атрымаць пасведчанне вадзіцеля катэгорыі “В” і “С”, а таксама атрымаць адукацыю па спецыяльнасці “Зваршчык ручной зваркі”, “Манціроўшчык шын” і інш. Гэтыя дадатковыя адукацыйныя паслугі карыстаюцца папулярнасцю сярод навучэнцаў. У аўташколе каледжа вучацца і гродзенцы.
Сёлета ў каледжы аб’яўлены набор на дзве новыя спецыяльнасці: “Электроніка механічных транспартных сродкаў” з кваліфікацыяй “тэхнік-электронік” (пасля 9 класаў) і “Аўтасэрвіс” з кваліфікацыяй “аўтамеханік 5 разраду” (пасля 11 класаў). Як адзначыў Алег Рахунок, па першай спецыяльнасці падрыхтоўка ў Гродзенскай вобласці яшчэ не вялася, а патрэба ў такіх спецыялістах вялікая — уся тэхніка ва ўсіх галінах прамысловасці і сельскай гаспадаркі абсталявана электронікай.
Для навучання ў каледжы створана неабходная матэрыяльна-тэхнічная база.
— У сярэднім за год больш за два месяцы адводзіцца на вытворчае навучанне і практыку, — расказвае намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Андрэй Аляксейчанка. — Вучэбна-матэрыяльная база каледжа — гэта 17 вучэбных майстэрань і лабараторый, якія пастаянна аснашчаюцца сучасным дыягнастычным абсталяваннем, стэндамі, інструментамі, макетамі. Мы супрацоўнічаем з прадпрыемствамі горада і вобласці, такімі як ААТ “Гроднааблаўтатранс”, “Гроднааўтасэрвіс”, “Гроднаэнерга”, што дазваляе арганізаваць практычнае навучанне на высокім узроўні. Неабходна адзначыць, што многія навучэнцы праходзяць практыку на рабочых месцах з аплатай.
У каледжы дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”, дзе на працягу 1—2 тыдняў навучанне праходзяць не толькі навучэнцы каледжа, але і з іншых устаноў адукацыі вобласці.
Тэхнічная база каледжа падтрымліваецца на адпаведным узроўні ў двух кірунках. У яе развіццё ўкладваюцца грошы, якія зарабляюцца, па-першае, за кошт пазабю-джэтнай дзейнасці, а па-другое, за кошт уласнага рацыяналізатарскага і творчага рэсурсу выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання, навучэнцаў. Штогод яны актыўна ўдзельнічаюць у выставах і злётах тэхнічнай творчасці, а з апошняга рэспубліканскага конкурсу прывезлі дыплом ІІ ступені за вучэбна-лабараторны стэнд “Тэльфер”. Пры дапамозе гэтага прыстасавання можна мадэляваць работу пад’ёмна-транспартных механізмаў, работу электрычных схем, у тым ліку праз радыёкіраванне. Стэнд будзе размешчаны ў лабараторыі каледжа для практычнага навучання.
Дасягненні навучэнцаў немагчымы без падтрымкі і суправаджэння таленавітых педагогаў, якія таксама імкнуцца развівацца і ўдасканальвацца. Прыкладам таму можа служыць выніковы ўд зел у мінулым навучальным годзе выкладчыкаў электратэхнічнага аддзялення на абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, рэспубліканскім аглядзе “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі”.
Электронныя адукацыйныя рэсурсы па вучэбных дысцыплінах, створаныя выкладчыкамі Ігарам Сталяровым і Сяргеем Лагутам, удастоены дыпломаў I і III ступені на абласным конкурсе, а праект “Рэлейная абарона і аўтаматыка” Ігара Сталярова — дыплома II ступені на рэспубліканскім аглядзе. Укараненне інфармацыйных тэхналогій істотна павышае якасць адукацыі ў каледжы.
Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання не абмяжоўваецца ўкараненнем адных інфармацыйных тэхналогій на ўроках. Загадчык аддзялення сярэдняй спецыяльнай адукацыі Валянціна Шаўчэнка не толькі актыўна прымяняе тэхналогію эўрыстычнага навучання на занятках па электратэхніцы, але і з’яўляецца мадэратарам груп на курсах павышэння кваліфікацыі па згаданай тэме для педагогаў вобласці ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
З 2018/2019 навучальнага года ў каледжы пачне работу кабінет па вывучэнні альтэрнатыўных відаў энергіі, абсталяванне якога ў значнай меры таксама вынік тэхнічнай творчасці навучэнцаў, выкладчыкаў і майстроў каледжа.
Дарэчы, поспехі ў тэхнічнай творчасці штогод адзначаюцца як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўні. Так, Віталь Сікора, удзельнік аб’яднання па інтарэсах “Рэлейшчык” (кіраўнік Ігар Сталяроў), які прадстаўляў на рэспубліканскім конкурсе новы стэнд, адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Распрацоўка стэнда стала ў далейшым часткай яго дыпломнай работы.
Пазабюджэтная дзейнасць — гэта і супрацоўніцтва з цэнтрам занятасці па перападрыхтоўцы беспрацоўных па новых спецыяльнасцях, і работа аўташколы, вучэбнай майстэрні па шынамантажы, дзе сіламі навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання аказваюцца паслугі насельніцтву.
Удзельнічаюць навучэнцы электратэхнічнага каледжа і ў конкурсе WorldSkills. Сёлета Яўген Тарэвіч стаў пераможцам абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства, а па выніках рэспубліканскага этапу другі раз адзначаны сярэбраным медалём у кампетэнцыі “Зварачныя тэхналогіі”.
Рыхтаваў Яўгена да конкурсу майстар вытворчага навучання Сямён Самойла, які на WorldSkills Belarus выступаў і ў ролі эксперта.
— Як ёсць у людзей талент да літаратуры, мастацтва, так у Яўгена ёсць талент да зваркі, — гаворыць Сямён Мікалаевіч.
— А яшчэ вялікая працаздольнасць, стараннасць. Перад конкурсам мы працавалі з раніцы і да вечара. Нядзіўна, што яшчэ падчас вучобы хлопца заўважылі на прадпрыемстве “Гроднапраммантаж” і запрасілі на работу, хаця прапановы ён атрымліваў і з іншых рэгіёнаў краіны. Яўген Тарэвіч заканчвае вучобу з 5 разрадам зваршчыка, так што патэнцыял у яго вельмі высокі.
І такіх таленавітых навучэнцаў у каледжы шмат. Свае здольнасці яны дэманструюць не толькі ў вучобе і тэхнічнай творчасці. У каледжы працуе 31 аб’яднанне па інтарэсах, з іх 17 — прадметных, 5 — тэхнічных, 5 — фізкультурна-спартыўных, 2 — мастацкія, сацыяльна-педагагічнае і турысцка-краязнаўчае. Тут створаны ўсе ўмовы для грамадскай дзейнасці, мастацкага самавыяўлення, валанцёрскай работы, спорту. Навучэнцы каледжа з’яўляюцца пераможцамі шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсаў мастацкай творчасці.
— Для выяўлення і падтрымкі адораных навучэнцаў у каледжы праводзяцца алімпіяды, конкурсы прафесійнага майстэрства, агляды-конкурсы інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, — расказвае загадчык выхаваўчага аддзела Алёна Вярышка. — Лепшыя навучэнцы заносяцца на Дошку гонару. Штогод у чэрвені праводзіцца мерапрыемства “Так ідуць да зор”, дзе ўшаноўваюцца пераможцы і прызёры алімпіяд, конкурсаў. Толькі ў 2017/2018 навучальным годзе сярод дасягненняў нашых навучэнцаў — першыя месцы на абласным аглядзе-конкурсе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і супрацоўнікаў сістэмы адукацыі, на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлект”, на абласным фестывалі патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй”. Пераможца гэтага конкурсу Уладзімір Ішкоў з’яўляецца лаўрэатам прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А.І.Дубко і стыпендыятам абласнога аддзялення Беларускага фонду міру.
Электратэхнічны каледж можна назваць яшчэ і спартыўным. Каманда навучальнай установы заняла 1-е месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах па баскетболе, 3-е — па валейболе, 3-е — у рэспубліканскіх спаборніцтвах па выкананні нарматываў дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь. А зусім нядаўна выхаванец каледжа Аляксандр Жданюк заняў 2-е месца на першынстве краіны па пажарна-выратавальным спорце.
— Адным з прыярытэтных напрамкаў выхаваўчай работы каледжа з’яўляецца праектная дзейнасць, — расказвае Алёна Вярышка. — На працягу двух гадоў рэалізоўваецца даследча-краязнаўчы праект па аптымізацыі выхаваўчай работы “Спадчына ХХІ стагоддзя”, які аб’ядноўвае ўсе вучэбныя групы ўстановы, куратараў, майстроў вытворчага навучання і бацькоў. Аўтар праекта — Святлана Сенатарава, педагог-арганізатар і кіраўнік музея гісторыі каледжа і віртуальнага музея, які летась стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу “Віртуальныя музеі ўстаноў адукацыі”. Музейная педагогіка арганічна ўвайшла ў практыку каледжа. Навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Музейная справа” з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, Рэспубліканскага конкурсу творчых дасягненняў навучэнскай моладзі “Праз творчасць — да майстэрства”.
Захоўваючы традыцыі, абапіраючыся на багаты вопыт папярэдніх пакаленняў, робячы стаўку на маладых выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання, каледж глядзіць у будучыню і адкрывае новыя кірункі дзейнасці. Так, з 2017/2018 навучальнага года тут ажыццяўляецца дапрафесійная падрыхтоўка школьнікаў — адзін раз на тыдзень навучэнцы гродзенскіх школ №№ 27, 28 і 32 атрымліваюць азы тэхнічных прафесій. У наступным навучальным годзе плануецца ажыццяўляць дзейнасць у рамках інавацыйнай пляцоўкі па тэме “Укараненне мадэлі дапрафесійнай падрыхтоўкі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах сеткавага навучання”.
У маі гэтага года Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага заключыў пагадненне аб супрацоўніцтве з Аўгустоўскім адукацыйным цэнтрам Рэспублікі Польшча. Польская дэлегацыя пабывала ў каледжы, азнаёмілася з аўтамабільнымі і электратэхнічнымі майстэрнямі, вучэбнымі кабінетамі, а таксама тэхнічнымі распрацоўкамі навучэнцаў і выкладчыкаў. Бакі абмеркавалі праграму супрацоўніцтва. Адным з яе пунктаў з’яўляецца магчымасць узаемных практык і навучання.
Шукаюць тут шляхі і на Усход — наладжваюць сувязі з адным з тэхнічных каледжаў кітайскай правінцыі Ганьсу, якая цесна супрацоўнічае з Гродзенскай вобласцю.
— Мы павінны працаваць на будучыню, — гаворыць дырэктар каледжа. — Разглядаем магчымасць адкрыцця спецыяльнасцей, якія звязаны з электрамабілямі, што вельмі актуальна для Беларусі. Будзем супрацоўнічаць з універсітэтамі, у тым ліку па адаптацыі нашых спецыяльнасцей да праграм Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Вырашаць такія задачы рэальна з нашым калектывам — працаздольным, ініцыятыўным. Мы заахвочваем сваіх спецыялістаў павышаць кваліфікацыю, развівацца. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў каледжа — прыкладна 40 гадоў. І яшчэ адна лічба 40 — столькі працэнтаў майстроў вытворчага навучання складаюць нашы былыя навучэнцы. Так што традыцыі каледжа яны ведаюць, працягваюць і развіваюць.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва каледжа.