Мова адчыняе дзверы

- 12:37Адукацыйныя магчымасці
Падчас суботніка

Шлях у прафесію ў кожнага свой. У адных ён усвядомлены, у іншых выпадковы. Ёсць меркаванне, што ўсвядомлены выбар больш паспяховы. З гэтым можна пагадзіцца альбо не, аднак, аналізуючы жыццёвыя гісторыі сяброў і знаёмых, разумееш: справа, абраная па душы, заўсёды прыносіць плён.

Нельга плыць па цячэнні

— Калі мне было 5 гадоў, дзядзька падарыў мне кнігу — дапаможнік па англійскай мове, проста сказаўшы: “Гэта твой лёс”, — успамінае Алена Сажына, дэкан факультэта замежных моў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. — Насамрэч, тады ён падарыў мне будучыню.

Вось так, з маленства, дзяўчынка абрала сваёй прафесіяй замежную мову.

Гісторыя факультэта, які зараз узначальвае Алена Уладзіміраўна, пачалася ў 1993 годзе. Менавіта тады на філалагічным факультэце ўніверсітэта было адкрыта аддзяленне замежных моў. А праз 2 гады цяперашні дэкан прыйшла на факультэт студэнткай. У 1998 годзе аддзяленне пераўтвараецца ў самастойную структуру, і Алена Сажына становіцца выпускніцай ужо факультэта замежных моў. На руках дыплом з адзнакай, а наперадзе — вялікія планы. Вядома, тады нават і думкі не было, што з часам яна зменіць першага дэкана Людмілу Сцяпанаўну Баннікаву. Аднак мэтанакіраванасць і прага да дзейнасці гэтай дзяўчыны ўжо тады абяцалі высокія дасягненні.

Сёння дэкан, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алена Уладзіміраўна Сажына сваім асабістым прыкладам сцвярджае, што, калі чалавек хоча нечага дасягнуць, ён знаходзіць для гэтага магчымасці.

— Студэнцтва скончылася, і ўсё закруцілася: пачатак працоўнай дзейнасці, нараджэнне дачкі, работа над дысертацыяй, абарона, — успамінае Алена Уладзіміраўна. — Ці хапала часу? Прызнацца, іншы раз было нялёгка, але каб хацелася ўсё кінуць і проста сядзець — не.

На пасадзе дэкана факультэта замежных моў Алена Сажына 2 гады. Яны прыпалі на час значных змен у адукацыйным працэсе ўніверсітэта і вышэйшай школы ўвогуле. Інтэграцыйныя працэсы, якія адбываюцца ў сусветнай супольнасці ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, развіццё глабальных сістэм тэлекамунікацый і іншыя фактары — усё гэта, зразумела, закранула і ГДУ імя Францыска Скарыны.

— Плыць па цячэнні сёння нельга, бо тады адразу “выходзіш з гульні”, — дзеліцца думкамі суразмоўніца. — Таму мы ў пастаянным пошуку новых шляхоў развіцця. Інтэграцыя нашага ўніверсітэта ў міжнародную адукацыйную прастору — важная ўмова павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў і канкурэнтаздольнасці ўстановы.

Такім чынам, акадэмічная мабільнасць становіцца ўсё больш важным кампанентам адукацыйнай і даследчай дзейнасці ўніверсітэта. Факультэт замежных моў актыўна пашырае міжнародныя сувязі, уцягвае студэнтаў і выкладчыкаў у міжнародныя праекты і праграмы.

Міжнароднае супрацоўніцтва

Факультэт падтрымлівае навуковыя і адукацыйныя сувязі з аддзеламі па культуры пасольстваў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША і Францыі. Дзякуючы гэтаму студэнты і выкладчыкі маюць магчымасць удзельнічаць у шматлікіх праграмах абмену.

Так, у рамках праграмы Германскай службы акадэмічных абменаў DААD студэнты рэгулярна праводзяць летнія месяцы на моўных курсах у Германіі. Летась трапіла на іх і Яніна Карасёва. Дзяўчыну да гэтага часу не пакідаюць уражанні. Па-першае, яна апынулася ў сапраўднай інтэрнацыянальнай сям’і, бо моўныя курсы сабралі студэнтаў з усяго свету. Па-другое, нішто не выклікае ў чалавека такіх эмоцый, як наведванне новых краін і гарадоў. Але ж самае каштоўнае — гэта магчымасць палепшыць моўныя навыкі. Сёлета, у жніўні, на такія моўныя курсы ва ўніверсітэты Германіі адправяцца ўжо 3 студэнткі.

Пазайздросціць можна і яшчэ адной студэнтцы факультэта — Таццяне Чырык, якая ў рамках рэалізацыі праграмы Gemeinschaft für studentischen Austausch in Mittel- und Osteuropa (GFPS) (Студэнцкія абмены з Цэнтральнай і Усходняй Еўропай) на працягу цэлага семестра стажыравалася ў Дрэздэнскім тэхнічным універсітэце. Удзельнікам гэтай праграмы можа стаць студэнт любой спецыяльнасці, які перайшоў на 3 курс і добра валодае нямецкай мовай (узровень пацвярджаецца сертыфікатам TestDaF). Праўда, перш чым зайздросціць Таццяне, неабходна ведаць, што спачатку ёй давялося прайсці некалькі іспытаў.

— Самае складанае выпрабаванне — конкурс, — дзеліцца сваім вопытам дзяўчына. — Прэтэндэнтаў на нямецкую стыпендыю вельмі шмат, і канкурэнцыя высокая. Шансы на поспех значна павышае самапрэзентацыя, або матывацыйны ліст. Напрыклад, я ў сваім лісце матывавала выбар нямецкіх устаноў вышэйшай адукацыі, дзе марыла вучыцца. Потым яшчэ неабходна прайсці субяседаванне, пасля чаго выносіцца рашэнне.

Што да вучобы ў Дрэздэнскім універсітэце, то, па словах Таццяны, складана было толькі спачатку. Разумець нямецкамоўныя лекцыі, самастойна асвойваць аб’ёмны матэрыял, пісаць эсэ, рыхтаваць прэзентацыі — усё гэта патрабавала пэўных намаганняў.За час вучобы ўзровень нямецкай мовы гомельскай студэнткі істотна ўзрос. Да таго ж, там яна запісалася яшчэ і на пачатковы курс іспанскай мовы.

Актыўна развіваецца навуковае і акадэмічнае супрацоўніцтва факультэта з Маскоўскім дзяржаўным абласным універсітэтам. Штогод абодва бакі накіроўваюць на стажыроўку выкладчыкаў і студэнтаў, якія наведваюць лекцыі, семінары і майстар-класы, удзельнічаюць у навуковай рабоце ў рамках распрацоўкі сумесных тэм і рэалізацыі сумесных навукова-даследчых праектаў.

Цеснае творчае сяброўства ў факультэта замежных моў таксама з Нежынскім дзяржаўным універсітэтам імя М.В.Гогаля, Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэтам, Расійскім універсітэтам дружбы народаў, Чарнігаўскім дзяржаўным універсітэтам. Зараз на стадыі падпісання дагавор аб супрацоўніцтве з універсітэтам Сэма Х’юстана (ЗША), а гэта новыя магчымасці ў атрыманні грантаў і студэнцкіх абменах.

Вядома, удзел у міжнародных праграмах ці праектах, міжуніверсітэцкіх абменах даступны толькі паспяховым, мэтанакіраваным і старанным студэнтам. Як правіла, гэта тыя юнакі і дзяўчаты, якія прыходзяць на факультэт не проста за дыпломам, а за ведамі.

З перспектывай у заўтрашні дзень

Сёння кожны разумее, што валоданне замежнымі мовамі адкрывае дзверы ў вялікі свет, значна пашырае прафесійныя магчымасці.

На факультэце замежных моў ГДУ імя Францыска Скарыны вывучаюць асноўныя еўрапейскія мовы: англійскую, нямецкую і французскую. Як правіла, з універсітэта выпускнікі выходзяць, валодаючы дзвюма замежнымі мовамі. Абавязковай лічыцца англійская. У новым навучальным годзе студэнты змогуць вывучаць трэцюю замежную мову — іспанскую ці італьянскую.

— Навучанне замежным мовам ажыццяўляецца ў рамках асобаснага камунікатыўна-арыентаванага падыходу, — расказвае дэкан факультэта. — Выкладчыкі выкарыстоўваюць найноўшыя тэхналогіі і метады правядзення практычных і лекцыйных заняткаў. Факультэт мае сучасныя камп’ютарныя і лінгафонныя кабінеты, фона- і відэатэкі на замежных мовах.

Несумненным плюсам для “замежнікаў” з’яўляецца тое, што, пачынаючы з 3 курса, кожны можа паралельна атрымаць другую адукацыю ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі ГДУ імя Францыска Скарыны. І вось ты ўжо не проста перакладчык ці выкладчык замежных моў, а, напрыклад, эканаміст альбо юрыст са свабодным валоданнем англійскай і нямецкай мовамі.

Тым, хто хоча атрымаць акадэмічную ступень магістра філалагічных навук, прапануецца навучанне ў магістратуры па спецыяльнасці “Германскія мовы (англійская, нямецкая)”.

Адным словам, факультэт можа даць многае. Галоўнае, каб студэнт сам хацеў браць, вучыць, ставіў мэты і дасягаў іх.

— Наша задача ў тым, каб выпускаць высокакваліфікаваных, канкурэнтаздольных спецыялістаў, таму мы пастаянна развіваемся, спрабуем пераймаць і ўкараняць у сябе лепшы міжнародны вопыт, — гаворыць Алена Сажына.

Ужо з новага навучальнага года факультэт замежных моў гатовы прапанаваць сваім студэнтам шмат цікавага. Акрамя магчымасці вывучаць дадаткова трэцюю замежную мову, маладыя людзі змогуць слухаць лекцыі замежных выкладчыкаў. Ужо ёсць дамовы з польскімі лектарамі.

— Не здзіўляйцеся, што мы запрашаем не носьбітаў мовы, якую вывучаюць нашы студэнты, — тлумачыць Алена Уладзіміраўна. — У дадзеным выпадку мы ставім іншую мэту. Да нас прыедуць польскія выкладчыкі, якія займаюцца распрацоўкай методык выкладання моў. Такім чынам, мы пазнаёмімся з падыходамі палякаў і, магчыма, знойдзем нешта цікавае.

Ёсць намер арганізаваць пры факультэце тэсціраванне для вызначэння ўзроўню валодання замежнай мовай з выдачай адпаведных сертыфікатаў. Зацікаўленасць выклікае ідэя міжфакультэцкага супрацоўніцтва, якое мае на ўвазе распрацоўку навуковых тэм і падрыхтоўку навуковых праектаў сумесна з філалагічным факультэтам і факультэтам псіхалогіі і педагогікі ў рамках параўнальна-супастаўляльнага мовазнаўства і псіхалінгвістыкі.

На факультэце актыўна развіваецца сістэма электроннага навучання, што мае на ўвазе прысутнасць у сістэме Moodle ўсіх без выключэння дысцыплін, а таксама папулярнае ва ўсім свеце дыстанцыйнае навучанне. Абнаўляецца змест вучэбных курсаў, у тым ліку ўводзяцца новыя дысцыпліны і спецкурсы ў адпаведнасці з патрабаваннямі працадаўцаў.

Як бачым, задумана шмат, і няма сумненняў, што ўсе планы рэалізуюцца. На пачатку свайго існавання факультэт замежных моў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта быў скіраваны на падрыхтоўку выкладчыкаў замежных моў, і нават цяпер многія абітурыенты памылкова думаюць, што іх прафесійная дзейнасць абмяжуецца педагагічнай работай у школе. Насамрэч, сёння выпускнікі факультэта працуюць перакладчыкамі і перакладчыкамі-рэферэнтамі, тэсціроўшчыкамі ў ІТ-кампаніях, менеджарамі на буйных айчынных і замежных прадпрыемствах. Усё тлумачыцца проста: дыплом — гэта толькі дыплом. Прафесійныя дасягненні, кар’ерны рост і адчуванне сябе шчаслівым у абранай прафесіі залежаць выключна ад самога чалавека.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва факультэта.