Убачыць талент і падтрымаць

- 10:29Адукацыйныя магчымасці

Ці патрэбны студэнту настаўнік? Настаўнік не проста ў сэнсе выкладчыка, а настаўнік як чалавек, спецыяліст, які сваімі дзеяннямі, навучаннем, суправаджэннем дапамагае студэнту рэалізаваць яго патэнцыял, накіроўвае і мабілізуе на дасягненне высокіх мэт, перадае свой шматгранны вопыт.

На першым плане Алена Сяцько і Вікторыя Мядведзева.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, дзе матанакіраваную работу з таленавітымі і адоранымі студэнтамі лічаць адным з прыярытэтаў дзейнасці, узяты курс на развіццё інстытута настаўніцтва.

Летась ва ўніверсітэце была распрацавана канцэпцыя па рабоце з таленавітымі студэнтамі. Тут дзейнічае савет па рабоце з адоранай моладдзю, створаны фонд фінансавай падтрымкі, што дазваляе студэнтам удзельнічаць у міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах за кошт установы адукацыі. За тры гады існавання такога фонду матэрыяльная падтрымка аказана звыш ста студэнтам.

— Штогод нашы студэнты ўносяцца ў рэспубліканскі банк даных адоранай моладзі, — гаворыць начальнік вучэбна­метадычнага ўпраўлення ГрДУ Марына Калацэй. — Створаны і ўніверсітэцкі банк адоранай і таленавітай моладзі. Студэнты ўключаюцца ў яго за асаблівыя дасягненні ў вучобе, навуковых даследаваннях, творчасці, спорце. Зараз у гэты банк даных уключаны больш за 500 чалавек.

Яшчэ адным крокам у гэтым кірунку стане распаўсюджванне практыкі настаўніцтва ў рабоце з таленавітай моладдзю. У ГрДУ распрацоўваецца палажэнне аб настаўніцкім суправаджэнні таленавітай і адоранай моладзі. Вызначыцца па гэтым пытанні прапанавана і студэнтам.

— Юнакоў і дзяўчат з розных факультэтаў мы запрасілі на семінар­практыкум “Настаўнік — студэнт: формула поспеху”, дзе яны ў групах працавалі над прапановамі палажэння, выказвалі сваё бачанне інстытута настаўніцтва, — расказвае Марына Яцакаўна Калацэй. — Удзельнiкам трэба было вызначыцца з вельмі рознымі характарыстыкамі па якасцях настаўніка, паказаць, чаго студэнты чакаюць ад настаўніка, якімі павінны быць узаемаадносіны паміж імі.

У семінары­практыкуме прынялі ўдзел і былыя студэнты, якія сёння з’яўляюцца выкладчыкамі ўніверсітэта і маюць уласны станоўчы вопыт супрацоўніцтва з выкладчыкамі­настаўнікамі. Адна з іх — выкладчык кафедры сістэмнага праграмавання і камп’ютарнай бяспекі факультэта матэматыкі і інфарматыкі Вікторыя Мядзведзева. Аб сваім шляху ад студэнткі да выкладчыка Вікторыя Юр’еўна расказала прысутным.

З залатым медалём скончыўшы сярэднюю школу № 6 Оршы, Вікторыя паступіла ў ГрДУ імя Янкі Купалы на факультэт эканомікі і кіравання на спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”. І ўжо на 1 курсе пачала актыўна займацца навукай, а штуршок гэтай рабоце дала дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Алена Сяцько.

Авак Вартанян.

Студэнты выказалі свае меркаваннi наконт якасцей настаўнiка: прафесiяналiзму, добразычлiвасці, матываванасці i зацiкаўленасці ў поспеху студэнта, адказнасці за агульны вынiк працы, прызнання поспеху.

— Алена Аляксандраўна амаль з першых дзён вучобы стала накіроўваць і падтрымліваць мяне, раскрываць мне самой мае моцныя бакі, — гаворыць Вікторыя Юр’еўна. — Таксама ўвесь час мяне суправаджалі настаўнік­куратар, настаўнік­выкладчык, настаўнік — навуковы кіраўнік, а сёння і настаўнік­дэкан, настаўнік — загадчык кафедры. Пастаянная ўсебаковая падтрымка дазволіла мне акрэсліць свой прафесійны і навуковы шлях.

Трэба адзначыць, што за гады вучобы ў Вікторыі Мядзведзевай не толькі бал паспяховасці быў 9,5, але і навуковы багаж склаўся важкі — звыш 50 навуковых публікацый, удзел у навуковых канферэнцыях. Па выніках Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў краіны яна была адзначана тройчы: адзін раз навуковай рабоце Вікторыі была прысвоена другая катэгорыя, два разы — першая. А.А.Сяцько і В.Ю.Мядзведзева прадстаўляюць свае даследаванні на навукова­практычных канферэнцыях, у сумесных публікацыях.

Шлях настаўніцкага суправаджэння на юрыдычным факультэце ГрДУ выбралі і пры падрыхтоўцы студэнтаў да ўдзелу ў юрыдычнай алімпіядзе. Намеснік дэкана юрыдычнага факультэта дацэнт кафедры грамадзянскага права і працэсу Авак Вартанян падкрэсліў, што камандная работа выкладчыкаў, пераемнасць і матывацыя студэнтаў дазволілі камандзе факультэта заваёўваць прызавыя месцы на Беларускай юрыдычнай алімпіядзе.

— Трэба заўважыць і падтрымаць матываванага студэнта, — разважае Авак Міхайлавіч. — Вопыт паказаў, што не кожны выдатнік можа добра выступіць на алімпіядзе. Таму сталі ствараць сістэму падрыхтоўкі, што спалучае тэорыю, практыку і матываванага студэнта, які можа працаваць у камандзе. Падбіралі і выкладчыкаў, якія ўмеюць працаваць са студэнтамі, запрашалі ў якасці настаўнікаў практыкуючых юрыстаў. Студэнты 2 курса прысутнічалі на алімпіядах у якасці, так бы мовіць, стажораў: назіралі, вучыліся. А праз год самі ўдзельнічалі ў алімпіядзе. Такая пераемнасць дае вынікі.

Падчас семінара­практыкуму “Настаўнік — студэнт: формула поспеху” студэнты выказалі свае меркаваннi наконт якасцей настаўнiка: прафесiяналiзму, добразычлiвасці, матываванасці i зацiкаўленасці ў поспеху студэнта, адказнасці за агульны вынiк працы, прызнання поспеху. Удзельнікі семінара прапанавалі зрабіць такія мерапрыемствы пастаяннымі. Карысць настаўніцтва для ўсіх ва ўніверсітэце відавочная.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧЭНКІ.