Cістэма мае перспектыву больш шырокага выкарыстання

- 10:57Уступная кампанія
Сёлета Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя А.Д.Сахарава, услед за БДУІР, пачаў прымяняць аўтаматызаваную сістэму падачы заяў і залічэння абітурыентаў. Пра тое, наколькі ўдалым быў першы вопыт выкарыстання згаданай сістэмы і пра яе далейшыя перспектывы, мы папрасілі расказаць Уладзіміра Іванавіча Красоўскага, першага прарэктара МДЭУ імя А.Д.Сахарава.

— Скажыце, Уладзімір Іванавіч, ці апраўдала аўтаматызаваная сістэма падачы заяў і залічэння абітурыентаў вашыя чаканні?
— Сістэма выконвае тое, што і павінна рабіць любая вылічальная тэхніка, — спрашчае руцінную чалавечую працу і забяспечвае абарону ад тэхнічных памылак. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што з базы Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў бяруцца звесткі пра абітурыентаў, пасля чаго ствараецца іх рэйтынг і адбываецца залічэнне. Усё гэтая сістэма выконвае вельмі аператыўна і з вялікай дакладнасцю.
Конкурс сярод абітурыентаў праводзіўся ў нас асобна па групе спецыяльнасцей факультэта маніторынгу навакольнага асяроддзя і факультэта экалагічнай медыцыны. Пры гэтым абітурыенты мелі магчымасць указаць тры спецыяльнасці адпаведнага профілю ў парадку прыярытэту.
Залічэнне абітурыентаў адбывалася ў адпаведнасці з іх баламі і заяўленымі прыярытэтамі. Абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе на першую названую імі спецыяльнасць, удзельнічалі ў конкурсе на наступную (другую, трэцюю) спецыяльнасць з прыярытэтнага спіса. Тыя, хто не прайшоў па конкурсе ні на адну з пералічаных у заяве спецыяльнасцей, па рашэнні прыёмнай камісіі залічваліся на вакантныя месцы іншых спецыяльнасцей адпаведнай групы.

— Як вы думаеце, Уладзімір Іванавіч, якія далейшыя перспектывы аўтаматызаванай сістэмы падачы заяў і залічэння абітурыентаў? Пакуль установы вышэйшай адукацыі не спяшаюцца да яе масавага ўкаранення…
— Па-першае, гэтую сістэму прапаноўваецца купіць, а сёння, калі ўстановы адукацыі лічаць кожную капейку, скажам шчыра, далёка не ўсе могуць сабе гэта дазволіць. А па-другое, хоць згаданая сістэма сапраўды вельмі добрая, яна не зусім своечасовая. Зараз сітуацыя такая, што многія ВНУ вядуць пагоню за любым абітурыентам, абы ён здаў ЦТ, — а гэта дазваляе ў асноўным запаўняць вызначаныя месцы, але не дазваляе праводзіць неабходны адбор.
Зрэшты, у больш аддаленай перспектыве аўтаматызаваная сістэма падачы заяў і залічэння абітурыентаў можа выкарыстоўвацца ў агульнай прыёмнай кампаніі ў межах усёй краіны. Бо калі мы ўжо сказалі А (увялі цэнтралізаванае тэсціраванне), то лагічна сказаць і Б — увесці цэнтралізаванае залічэнне.
У сістэме павінна быць закладзена магчымасць для тых, хто паступае, падаваць заяву з пералікам спецыяльнасцей не ў адзін універсітэт, а ў некалькі. І калі, напрыклад, абітурыент не паступіць у тую ўстанову, якую ўказаў першай у спісе прыярытэтаў, то можа паступіць у наступную. Зразумела, універсітэты не гараць жаданнем “аддаваць” камусьці сваіх абітурыентаў, якія маглі б прыйсці да іх вучыцца на ўмовах аплаты. Але для маладых людзей, якія шукаюць для сябе найлепшыя варыянты паступлення, такая сістэма, безумоўна, была б вельмі зручнай.
Відавочна, што сістэму трэба яшчэ дапрацоўваць. Сёння ў вельмі добра прадуманым тэхналагічным ланцужку ёсць адно слабае месца — у падачы заяў. Праблема ў тым, што заявы абітурыенты пішуць уручную, часта неразборлівым почыркам, і для таго, каб правільна, без скажэнняў, увесці ўсе звесткі ў камп’ютар, патрабуецца час. Зараз мы абмяркоўваем розныя варыянты, каб абітурыенты самі на камп’ютары запаўнялі заявы або каб яны звяралі інфармацыю, уведзеную аператарам у базу даных. Бо там, дзе прысутнічае чалавечы фактар, могуць здарацца памылкі, і нам трэба вырашыць, як ад іх надзейна застрахавацца.
Больш за тое, уводзячы аўтаматызаваную сістэму падачы заяў і залічэння абітурыентаў, трэба ісці яшчэ далей: ажыццяўляць прыём дакументаў завочна, без асабістай прысутнасці абітурыента. Так, зараз мы павінны праверыць даведку абітурыента пра стан здароўя, наяўнасць дакумента аб сярэдняй адукацыі, пераканацца, што гэта менавіта ягоны выбар, а не малодшы брат падае дакументы. Але калі мы ўжо ажыццяўляем пэўныя дзеянні з дапамогай электроннага подпісу (нават з фінансамі), то і аўтаматызаванай сістэме падачы заяў і залічэння трэба імкнуцца да гэтага. Такая сістэма была б зручнай яшчэ і тым, што калі абітурыент раптам перадумаў і захацеў змяніць спіс спецыяльнасцей ці памяняць месцамі прыярытэты, то ён можа сам адмяніць сваё папярэдняе рашэнне і перападаць заяву дыстанцыйна.
У аўтаматызаванай сістэмы падачы заяў і залічэння вялікія магчымасці, і яна павінна развівацца. Гэта забяспечыць камфортнае паступленне ўсім абітурыентам краіны.

— Скажыце, у вас прахадныя балы ў гэтым годзе вышэйшыя, чым летась?
— Так, вышэйшыя, але мы звязваем гэта ў першую чаргу з тым, што на ЦТ быў устаноўлены высокі парог, і гэта аўтаматычна пацягнула за сабой павышэнне прахадных балаў. Проста людзі з нізкімі баламі не ўдзельнічалі ў конкурсе.
Вядома, мы не можам пахваліцца такімі высокімі прахаднымі баламі, як, напрыклад, у БДУІР, але вопыт паказвае, што нярэдка і сераднячкі, дзякуючы сваёй стараннасці і сумленнаму стаўленню да вучобы, ужо на другім курсе пачынаюць дэманстраваць вельмі добрыя вынікі.
Ніколі не забуду выпадак, калі давялося адлічваць пераможцу многіх алімпіяд. Ён прыйшоў ва ўніверсітэт “самым разумным”, і ў той час, як астатнія карпелі над лабараторнымі практыкумамі, здавалі калёквіумы і штодня засвойвалі новыя веды, ён жыў сваімі былымі дасягненнямі. Але дадзены Богам талент трэба падтрымліваць штодзённай працай. У выніку менш паспяховыя на старце студэнты дзякуючы сваёй працавітасці хутка абагналі нашага генія, а ён мусіў пакінуць універсітэт.
Так што прахадныя балы — гэта толькі пропуск ва ўніверсітэт. Далейшая паспяховасць у многім залежыць ад саміх студэнтаў.

— Скажыце, ці запоўнілі вы ўсе бюджэтныя месцы?
— На жаль, 12 месцаў на спецыяльнасці “Ядзерная і радыяцыйная бяспека” аказаліся незапоўненымі. Хаця, насамрэч, гэта вельмі перспектыўная спецыяльнасць, набор на якую ажыццяўляецца толькі на бюджэтнай аснове. Прычына — у недастатковай прафарыентацыі і, адпаведна, прадузятых адносінах насельніцтва да таго, што звязана з ядзернай і радыяцыйнай бяспекай. Бо прафарыентацыя — гэта не толькі каляровыя флаеры з апісаннем спецыяльнасцей і прыгожымі фотаздымкамі, гэта яшчэ і размовы з людзьмі. Абітурыенты і іх бацькі павінны ведаць, што выпускнікі згаданай спецыяльнасці не будуць стаяць з рыдлёўкай у атамным рэактары і выбіраць з яго ядзернае паліва. Яны будуць працаваць у камфортных умовах, будуць мець высокія заробкі і гарантавана ў хуткім часе атрымаюць жыллё.
Праблема ў тым, што нашы адносіны да адукацыйнага рынку (а ён існуе і на бюджэтнай, і на пазабюджэтнай аснове) усё яшчэ пяшчотна-ідэалістычныя. А між тым, важна зразумець, што адукацыя — гэта тавар, і яго трэба ўмець граматна прасоўваць. І калі мы хочам выканаць заказ дзяржавы на ўкамплектаванне пэўнай спецыяльнасці, то павінны паказаць яе адпаведным чынам.
У складанай дэмаграфічнай сітуацыі, калі ўніверсітэты разгарнулі барацьбу за кожнага абітурыента, трэба вучыцца дзейнічаць на адукацыйным рынку згодна з усімі правіламі маркетынгу. І тады на кожную спецыяльнасць знойдзецца свой “спажывец”.

— Дзякуй, Уладзімір Іванавіч, за гутарку.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.