Шляхі павышэння якасці вучэбных дапаможнікаў па рускай мове, рускай літаратуры і мастацтве, дзейнасць інстытутаў развіцця адукацыі сталі галоўнымі тэмамі рабочага візіту намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра КАДЛУБАЯ ў Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі.
Дыялогавая пляцоўка, прысвечаная пытанням павышэння якасці вучэбных дапаможнікаў па рускай мове, рускай літаратуры, мастацтве для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сабрала лепшых прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці Гомельшчыны. Звяртаючыся да аўдыторыі, Аляксандр Уладзіміравіч адзначыў своечасовасць, значнасць і актуальнасць тэмы.
— Да распрацоўкі і стварэння новых вучэбных дапаможнікаў далучаюцца вядучыя вучоныя і метадысты, лепшыя настаўнікі і педагогі краіны. Найбольш значныя змяненні ў змесце навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу звязаны з практыкаарыентаванасцю навучання, скарачэннем аб’ёму тэарэтычнага матэрыялу, рэалізацыяй прынцыпаў паслядоўнасці і пераемнасці, узмацненнем міжпрадметных сувязей, фармулёўкай патрабаванняў да адукацыйных дасягненняў навучэнцаў на падставе кампетэнтнаснага падыходу, — удакладніў намеснік міністра.
Намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па метадычнай рабоце Людміла Раманоўская падзялілася з калегамі вынікамі выкарыстання новых дапаможнікаў у школах. Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі — вопытныя настаўнікі-практыкі, выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, члены аўтарскіх калектываў — абмеркавалі шляхі ўдасканалення сучасных падручнікаў. Педагогі дзяліліся думкамі, выказвалі прапановы, задавалі пытанні прадстаўнікам улады. Ніводнае меркаванне не засталося не заўважаным, магчымасць выказацца была ў кожнага.
Варта адзначыць, што па відэасувязі да абмеркавання далучыліся рэцэнзенты і некаторыя з аўтараў, якія таксама не засталіся раўнадушнымі і ўнеслі свае прапановы па далейшым удасканаленні школьных вучэбных дапаможнікаў.
У цэнтры ўвагі семінара-нарады, які правёў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, былі дасягненні і перспектывы развіцця інстытутаў развіцця адукацыі Беларусі. Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, кіраўнікі аддзелаў адукацыі горада і вобласці паслухалі даклад рэктара ГАІРА Віктара Акуленкі пра асноўныя кірункі дзейнасці ўстановы адукацыі. Выступілі перад калегамі прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Лідзія Нікіфарава і прарэктар па вучэбнай рабоце Вольга Блажко.
Асобна на семінары-нарадзе разглядаліся кірункі супрацоўніцтва Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра ў рамках рэгіянальнай метадычнай прасторы.
Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.





