У школах краіны прагучалі апошнія званкі, завяршыліся выпускныя экзамены, летнія канікулы — у разгары. Час падвесці вынікі навучальнага года і намеціць шляхі для далейшага руху. Робім гэта ў размове з начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Русланам СМІРНОВЫМ, які расказаў пра стан і перспектывы развіцця сістэмы адукацыі свайго рэгіёна.
Для дзяцей і моладзі
— Руслан Іванавіч, чым быў адметны ўжо мінулы навучальны год для сістэмы адукацыі Гомельшчыны?
— Вынікі любога навучальнага года ў першую чаргу — гэта прыступка ў развіцці кожнага дашкольніка, школьніка, навучэнца прафесійна-тэхнічнай сістэмы. Для педагогаў — гэта рубеж, які дазваляе падвесці вынікі працы, парадавацца поспехам сваіх выхаванцаў, намеціць планы на будучыню. Для кіраўнікоў — гэта лічбы і факты, статыстыка і аналіз, магчымасць выбудоўваць будучую стратэгію развіцця галіны.
Мы радуемся будаўніцтву новых аб’ектаў: была ўведзена ў эксплуатацыю доўгачаканая школа № 75 у мікрараёне № 96 Гомеля на 845 вучнёўскіх месцаў. Паспяхова функцыянуе адкрыты ў мінулым годзе дзіцячы тэхнапарк, дзе развіваюцца запатрабаваныя навукова-тэхнічныя напрамкі інавацыйнай творчасці і інтэлектуальнага вольнага часу дзяцей: робататэхніка, электроніка, праграмаванне, графічны дызайн, стварэнне камп’ютарных гульняў, 3D-мадэляванне — усё, што вабіць сучасную моладзь.
На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы школьнікі заваявалі 114 дыпломаў, што дазволіла Гомельшчыне стаць на 2-е месца ў рэйтынгу каманд. На міжнародных прадметных алімпіядах навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці ў 2021 годзе заваявалі 17 медалёў. Акрамя таго, значныя перамогі маем і ў творчых, спартыўных спаборніцтвах, конкурсах рэспубліканскага ўзроўню. За кожнай з іх — асоба дзіцяці і захоплены педагог, таму можна з ўпэўненасцю гаварыць, што 2021/2022 навучальны год быў багаты на перамогі і зладжаную работу. У нас трапяткое стаўленне да адораных дзяцей, таму будзем працягваць работу ў гэтым напрамку. Тым больш перспектывы для развіцця ёсць.
— Як у вобласці арганізавана летняя аздараўленчая кампанія?
— Пасля напружанага навучальнага года ўсім школьнікам неабходна перазагрузка. Безумоўна, лепшы адпачынак — гэта адпачынак з бацькамі. Калі не атрымліваецца, то сістэма адукацыі заўсёды гатова падставіць плячо. У гэтым летнім перыядзе ў прышкольных лагерах (дзённых і кругласутачных) пройдзе аздараўленне больш як 23 тысячы школьнікаў. Гэта самая вялікая колькасць за апошнія некалькі гадоў, што сведчыць пра давер бацькоў. Для таго каб дзеці маглі цалкам абстрагавацца ад вучобы, прадуманы максімальна разнастайны змест дзейнасці лагераў. Распрацаваны і працуюць праграмы культурна-забаўляльнага, спартыўна-аздараўленчага, турыстычна-краязнаўчага, грамадзянска-патрыятычнага, ваенна-патрыятычнага напрамкаў. Дзейнічаюць лагеры для адораных і таленавітых дзяцей, лагеры працы і адпачынку.
Усе мерапрыемствы рэалізуюцца ў адпаведнасці з зацверджанай міжведамаснай праграмай “Лета на карысць — 2022”. Дарэчы, у межах рэалізацыі праграмы прыдуманы абласныя акцыі: “Лета бяспекі”, “Шэсць граняў лета”, “Лета з інавацыямі”. Цікавыя формы работы прапануюць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі як для дзяцей, якія знаходзяцца ў аздараўленчых лагерах, так і для дзяцей, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах у летні перыяд. Але ж самая запатрабаваная форма летняй занятасці — працоўная, у тым ліку ў рамках работы лагераў працы і адпачынку (іх запланавана больш за 240), у праектах па другаснай занятасці, у студэнцкіх атрадах. Каля 2000 школьнікаў будзе ахоплена індывідуальным працаўладкаваннем.
У Год гістарычнай памяці асаблівае значэнне набываюць мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці. У чэрвені была арганізавана работа трох абласных лагераў: на базе Гомельскага кадэцкага вучылішча дзейнічаў ваенна-патрыятычны палатачны лагер “Патрыёт” (для 81 кадэта); на базе КУП “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Сідзельнікі” ў рамках работы палатачнага лагера з кругласутачным знаходжаннем праведзена ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца” (для 100 юнармейцаў). Навучэнцы з Веткаўскага, Гомельскага, Добрушскага раёнаў (21 чалавек) аздаравіліся ў абаронна-спартыўным палатачным лагеры “Легіён” на базе ліцэя МНС.
Каб памятаць
— Якія праекты, што рэалізоўваліся ва ўстановах рэгіёна ў Год гістарычнай памяці, сталі самымі запамінальнымі?
— Выдзеліць нешта адно даволі складана, бо ўсё праходзіла на высокім эмацыянальным уздыме. З апошняга: пераможцай у рэспубліканскім фінале ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня” стала каманда сярэдняй школы № 21 Гомеля. Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі праведзены ўрокі памяці “Нам гэты свет завешчана берагчы”, прысвечаныя Вялікай Перамозе, захаванню гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу савецкага народа ў гады вайны. У маштабным V Рэспубліканскім грамадзянска-патрыятычным марафоне “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!” прынялі актыўны ўдзел установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гомельскую вобласць прадставілі навучэнцы Гомельскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя, якія занялі 2-е месца.
Актыўны ўдзел прымалі навучэнцы ў абласным конкурсе “Юны архівіст” (які, дарэчы, праводзіўся ўпершыню!), рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна: гісторыя і памяць”, у 15-й Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, рэспубліканскім патрыя-тычным праекце “Кветкі Вялікай Перамогі”, рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем”, ва ўручэнні віншавальных паштовак ветэранам у рамках акцыі “Пасланне ветэрану”.
У красавіку на пляцоўцы Гомельскага машынабудаўнічага каледжа з удзелам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь А.І.Іванца адбылася пашыраная сустрэча прадстаўнікоў органаў адукацыі, ваенных камісарыятаў, пагранічных службаў, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні міжведамасных структур па пытанні ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. У межах семінара-нарады абмяркоўвалася сістэма ваенна-патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі, дзейнасць ваенна-патрыятычных клубаў, прафарыентацыйная работа.
— Руслан Іванавіч, а як, на ваш погляд, можна ўмацаваць сувязь пакаленняў? Як выхаваць патрыёта сваёй краіны?
— Найперш гісторыяй сям’і. У нашай краіне няма ніводнай сям’і, дзе б не захоўвалі памяць пра родзічаў, якія ваявалі падчас Вялікай Айчыннай вайны або зведалі гора гэтай вайны. Не абышла вайна і маю сям’ю. У мяне ваявалі абодва дзяды (як па мамінай лініі, так і па бацькавай). Да таго ж бабуля была сагнана на работу ў Францыю. Складаная гісторыя, якая сведчыць пра вельмі няпростыя лёсы нашых продкаў. Дзед па ліні бацькі ваяваў у 3-й танкавай арміі, быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У яго жонкі, маёй бабулі, родны брат быў партызанам, які загінуў адстрэльваючыся. Пасля бабуля захоўвала яго ўзнагародную кніжку з партрэтам. Мае дзядзькі і цёткі, тата, я выхоўваліся на гэтых прыкладах. Дарэчы, бацька сваё жыццё звязаў з ваеннай справай, служыў у авіяцыі. Усё гэта я захоўваю ў сваёй памяці і расказваю сваім дзецям, каб ведалі і шанавалі сваіх прадзядоў і прабабуль, разумелі, што ўсё ў гэтым жыцці мае свой кошт.
На жаль, сёння не ўсе гэта разумеюць, таму вялікая роля ў наладжванні сувязі пакаленняў адводзіцца сістэме адукацыі, дзе рэалізуецца многа пошукавых праектаў. Калі дзеці збіраюць інфармацыю пра сваіх сваякоў, якія ваявалі, яны зусім па-іншаму пачынаюць ставіцца як да тых падзей, так і да памяці. Яны ганарацца сваімі продкамі, разумеюць, што цяпер мы добра і мірна жывём менавіта дзякуючы ім, іх любові і адданасці сваёй Радзіме. Таму мы будзем працягваць работу ў гэтым напрамку, развіваць пошукавыя праекты, сетку класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, кадэцкіх класаў.
Актыўны перыяд
Лета — самы актыўны перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Што запланавана зрабіць у навучальных установах вобласці?
— Так, лета — самая гарачая пара ва ўсіх сэнсах і звязана з падрыхтоўкай устаноў адукацыі да новага навучальнага года. У перыяд, калі дзеці адпачываюць, дарослыя выкарыстоўваюць максімальную колькасць сіл і сродкаў, каб установа адукацыі магла годна прыняць усіх у новым навучальным годзе. На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі Гомельскай вобласці ў бягучым годзе запланавана накіраваць звыш 15 млн рублёў.
Асноўная ўвага — захаванню ўмоў бяспечнага знаходжання навучэнцаў, умацаванню і развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы, паляпшэнню ўмоў працы работнікаў і дзейнасці вучняў, а таксама добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі, спартыўных стадыёнаў. Каб стварыць такія бяспечныя ўмовы і ўзмацніць прахадны рэжым, у асобных установах адукацыі плануецца ўстанавіць турнікеты, відэаназіранне, трывожныя кнопкі.
Ва ўсіх установах адукацыі будзе праведзены касметычны рамонт памяшканняў. У першую чаргу стаіць задача прывесці іх стан у адпаведнасць з нормамі супрацьпажарнай бяспекі і санітарна-гігіенічнымі патрабаваннямі. У асобных установах плануецца рамонт дахавых пакрыццяў, фасадаў, замена аконных і дзвярных блокаў на энергаэфектыўныя шклопакеты, а таксама рамонт харчаблокаў, спартзалаў. Дзе трэба, адрамантуюць або ўстановяць сістэмы пажарнай аўтаматыкі, інжынерных сетак. Будуць праведзены работы па паляпшэнні асвятлення. На тэрыторыях устаноў адукацыі таксама будуць праведзены работы па добраўпарадкаванні. Акрамя таго, да новага навучальнага года ў шэрагу ўстаноў плануецца абнаўленне тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання на харчаблоках, камп’ютарных класаў, вучнёўскай мэблі.
У падрыхтоўцы да новага навучальнага года актыўна ўдзельнічаюць не толькі будаўнічыя арганізацыі, але і калектывы, бацькі, навучэнцы. Аказваюць спонсарскую дапамогу арганізацыі і прадпрыемствы, за што ім вялікі дзякуй. Да 1 верасня плануецца абнавіць парк школьных аўтобусаў на 23 транспартныя адзінкі вытворчасці ААТ “Мінскі аўтамабільны завод”. Таксама сёлета плануецца закупіць 7 спецыяльных аўтобусаў для падвозу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і 3 школьныя аўтобусы для падвозу навучэнцаў да месца вучобы і назад у сельскай мясцовасці.
— Ці адчувае вобласць праблемы з педагагічнымі кадрамі? Што робіцца для таго, каб маладыя спецыялісты замацоўваліся на працоўных месцах?
— Мы пастаянна маніторым гэтае пытанне. Адным з асноўных напрамкаў у рабоце па кадравым забеспячэнні з’яўляецца цеснае ўзаемадзеянне з установамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пры фарміраванні заявак на маладых спецыялістаў. На пачатак 2021/2022 навучальнага
года нам патрэбны былі 975 маладых настаўнікаў. З іх прыбыло 943 чалавекі, у тым ліку на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі — 247 чалавек.
Аналіз замацавання маладых спецыялістаў паказвае, што пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі застаюцца ў сярэднім па вобласці 79 % маладых педагогаў. За апошнія тры гады для работы ў сістэме адукацыі вобласці накіраваны 2422 маладыя спецыялісты.
Для таго каб маладыя настаўнікі заставаліся працаваць (замацоўваліся на першым працоўным месцы), мы імкнёмся ствараць для іх максімальна спрыяльныя ўмовы. У калектыўных дагаворах устаноў адукацыі замацавана выдзяленне маладым спецыялістам, якія вучыліся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, аднаразовай выплаты пры ўмове працягу работы пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну і заключэння кантракта тэрмінам не менш чым на тры гады. Аказваецца матэрыяльная дапамога на ўладкаванне іншагароднім маладым спецыялістам. Захоўваецца выплата надбаўкі як маладому спецыялісту на трэці год работы ва ўстанове адукацыі.
Акрамя таго, актыўных і ініцыятыўных уключаем у перспектыўны рэзерв кадраў, імкнёмся да стварэння аптымальнага рэжыму працы і адпачынку з улікам пажаданняў работніка. Пад увагу бярэцца неабходнасць наведвання вучэбна-метадычнага кабінета, работы ў бібліятэцы, вучэбных заняткаў, майстар-класаў больш вопытных калег. Такая падтрымка садзейнічае таму, што Гомельская вобласць не мае асаблівай патрэбы ў педагогах, у тым ліку ў настаўніках матэматыкі, фізікі і інфарматыкі.
— А як педагогі Гомельшчыны павышаюць свой прафесійны ўзровень (у тым ліку і летам)?
— Цэнтрам павышэння кваліфікацыі педагогаў вобласці з’яўляецца Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Штогод больш за 8 тысяч педагагічных работнікаў вобласці павышаюць узровень свайго прафесійнага майстэрства пры засваенні праграм павышэння кваліфікацыі. Акрамя таго, больш за 9 тысяч нашых калег наведваюць вучэбныя семінары па найбольш актуальных для сістэмы адукацыі вобласці тэмах.
Магутным сродкам удасканалення прафесійнага майстэрства з’яўляецца атэстацыя. У бягучым навучальным годзе 575 педагогаў паспяхова прайшлі экзамен і атэставаліся на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Яшчэ 9 настаўнікаў Гомельскай вобласці за гэты перыяд атрымалі кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Гэта педагогі з Жыткавіч, Рагачова, Жлобіна, Рэчыцы, Мазыра, Светлагорска, Гомеля.
Летам метадычная работа прымае іншыя формы, але не спыняецца. Традыцыйна ў чэрвені і жніўні абласны інстытут развіцця адукацыі арганізуе работу летніх школ, дзе вучацца настаўнікі, якія займаюцца падрыхтоўкай навучэнцаў да інтэлектуальных спаборніцтваў. На пазамінулым тыдні за парты летніх школ селі 206 настаўнікаў, у жніўні яшчэ 65 педагогаў павысяць сваё майстэрства ў справе развіцця дзіцячай адоранасці.
Вялікай папулярнасцю ў настаўнікаў карыстаюцца фестывалі і конкурсы прафесійнага майстэрства. У канцы чэрвеня на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі праходзіў абласны фестываль “Педагагічныя надзеі — 2022”, у якім прынялі ўдзел 70 педагогаў — патэнцыяльных удзельнікаў конкурсаў педмайстэрства, іх ужо бывалыя калегі, лаўрэаты і пераможцы конкурсаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, “Лепшы класны кіраўнік Гомельскай вобласці”. Падчас фестывалю яны азнаёміліся з асаблівасцямі конкурсных выпрабаванняў, паўдзельнічалі ў квест-гульні “Гісторыя маёй Радзімы — мая гісторыя”. І самае галоўнае — набраліся новых уражанняў
і эмоцый.
— Сапраўды, гэта вельмі важна. Руслан Іванавіч, дзякуй за змястоўную размову.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.