Толькі творчы педагог можа абудзіць творчасць у вучняў. Слушнасць гэтых слоў красамоўна пацвярджае настаўніца абслуговай працы Наталля Шумак. Яна 29 гадоў плённа працуе ў Пінкавіцкай сярэдняй школе імя Якуба Коласа Пінскага раёна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Мая работа даўно стала хобі, ад якога я атрымліваю неверагоднае задавальненне і зусім не стамляюся, — прызнаецца Наталля Віктараўна, якая марыла стаць педагогам з дзяцінства і стала ім.
У тагачасным Пінскім педвучылішчы імя А.С.Пушкіна яна атрымала дыплом настаўніцы пачатковых класаў, але на гэтым не спынілася: прадоўжыла навучанне ў колішнім Мазырскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Н.К.Крупскай па спецыяльнасці “Працоўнае навучанне” са спецыялізацыяй “Абслуговая праца”. Выбар невыпадковы. Наталля Віктараўна са школы захапляецца кройкай і шыццём. У 14-гадовым узросце яна атрымала ад бацькі доўгачаканы падарунак — швейную машынку, з якой не расстаецца да сённяшняга дня.
— Увесь час штосьці майстраваць — гэта сямейная рыса, — заўважае педагог. — Толькі захапленні ў кожнага свае.
— Урокі працоўнага навучання для Наталлі Віктараўны — гэта спосаб расказаць пра тое, што яна даўно любіць і выдатна ведае, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Святлана Кандзярэшка. — Яна не толькі вучыць дзяцей асновам швейнай справы, але і выхоўвае ў іх адказнасць за сваю працу, фарміруе мэтанакіраванасць і самастойнасць. Наталля Віктараўна — прафесіянал з шырокай эрудыцыяй, які няспынна займаецца самаўдасканаленнем. Менавіта за гэта калегі выбралі яе кіраўніком раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў абслуговай працы.
Чытайце матэрыял Сяргея ГРЫШКЕВІЧА ў нумары ад 24 лютага 2023 года.