Асаблівую падтрымку таленавітым навучэнцам аказваюць у Мінскім мастацкім каледжы імя А.К.Глебава

- 15:07Главная

Псіхалагічная падтрымка адораных дзяцей — справа няпростая і, так бы мовіць, індывідуальная. Да кожнага з таленавітых вучняў педагогу неабходна знайсці свой ключык. А што рабіць, калі ўсе навучэнцы ўстановы адукацыі таленавітыя і адораныя? Адказ на гэтае пытанне ведаюць у Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К.Глебава, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Тут пачынаецца мастак

Адказ на вышэй пастаўленае пытанне максімальна просты: быць адкрытымі да дзяцей. І пачаць варта з дзвярэй кабінета педагога-псіхолага. Каб кожны навучэнец, сутыкнуўшыся з часовай цяжкасцю, праблемнай сітуацыяй і г.д., не спыніўся перад зачыненымі дзвярыма спецыяліста, а зайшоў да яго са сваім пытаннем. І атрымаў падтрымку.

У тым, што падлеткам, асаб­ліва таленавітым, неабходна менавіта псіхалагічная падтрымка, а не дапамога, пераканана педагог-псіхолаг мастацкага каледжа імя Глебава (Глебаўкі, як яго тут усе называюць. — Заўвага аўтара.) Святлана Колабава. Святлана Яўгенаўна і яе калега сацыяльны педагог каледжа Юлія Аляксанд­раўна Сяргеева добра ведаюць асаблівасці сваіх навучэнцаў, у якіх усё жыццё ў Глебаўцы прасяк­нута творчасцю. У каледжы імя Глебава пачынаюць свой творчы і прафесійны шлях будучыя айчынныя мастакі, скульптары і дызайнеры. Галоўныя перамогі ў навучэнцаў Глебаўкі яшчэ наперадзе, а зараз іх жыццё напоўнена не толькі вучобай і творчасцю, але і празмернымі эмоцыямі і перажываннямі, стрэсам, няўпэўненасцю ў сабе, а часам і дэпрэсіяй. І гэта важна разумець самім навучэнцам, іх бацькам і педагогам.

На адной хвалі

Калі ты знаёмішся з чалавекам, то, як правіла, табе хапае пары імгненняў, каб адчуць: мы на адной хвалі. Святлана Колабава, расказваючы пра шлях у прафесію, пра навучэнцаў і іх фішкі, пра метады работы з падлеткамі, быццам прыадчыняе дзверы ў свой багаты і цікавы ўнутраны свет…

Вызначаючыся з прафесіяй, Святлана Колабава скончыла Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут, а пасля накіравалася ў БДПУ імя Максіма Танка, дзе атрымала ступень магістра псіхалагічных навук. Ёй давялося папрацаваць педагогам-псіхолагам у дашкольнай установе, невялічкай вясковай школе на мяжы з Літвой і самай вялікай (на той момант) сталічнай сярэдняй школе № 56, а таксама ў Смаргонскім сацыяльна-педагагічным цэнтры — яна шмат паездзіла па родным краі разам з мужам-вайс­коўцам. У адзін з момантаў Святлана Яўгенаўна зразумела, што ёй найбольш цікава працаваць з падлеткамі. Так жыццё, якое ўжо прадэманстравала ёй шматлікія асаблівасці і фарбы псіхалагічнай прафесіі, у 2020 годзе прывяло яе ў Глебаўку.

Паміж небам і зямлёй

Знаёмства з мастацкім кале­джам для педагога-псіхолага было таксама мастацкім. Уявіце сабе: вы прыходзіце на работу, а вас сустракае навучэнка ў шыкоўнай бальнай сукенцы. Мерап­рыемства? Свята? Дрэс-код? Не, проста так творчая дзяўчына адзна­чае сваё паўналецце. Са­цыяльнаму педагогу каледжа “пашанцавала” яшчэ больш: у першы працоўны дзень яе сустрэла навучэнка з паголенай галавой, на якой была накручана зялёная чалма з фаціну. Юлія Сяргеева прызнаецца, што спачатку складана было прымаць кампліменты тыпу “ў вас такая цікавая вачніца”. Сёння педагогаў каледжа ўжо не напалохаеш нес­тандартным выглядам і нечаканымі кампліментамі.

Псіхолаг — гэта не пра дапамогу, а пра тое, каб быць побач, пра падтрымку, — упэўнена Святлана Колабава. — Мы працуем згуртаванай камандай разам з сацыяльным педагогам Юліяй Аляксандраўнай Сяргеевай і намеснікам дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Аксанай Васільеўнай Філімонавай. Вучыцца ў мастацкім каледжы няпроста, а часам і дорага. Ёсць сярод бацькоў нашых навучэнцаў такія, якія падпарадкоўваюць сваё жыццё адукацыі дзіцяці ў Глебаўцы. І такое дзіця гаворыць, што зробіць усё, каб старанна вучыцца і каб бацькі бачылі, што яны не дарэмна гэта робяць. Тут недалёка і да нервовага зрыву, калі навучэнец атрымлівае па прадмеце 7 замест 10.

Псіхолаг і сацыяльны педагог каледжа прызнаюцца, што бываюць сітуацыі, калі яны знаходзяцца быццам паміж небам і зямлёй — паміж навучэнцам і яго бацькамі. Ёсць звышэмацыянальныя дзеці, якім неабходна спе­цыяльная дапамога. І вельмі цяжка растлумачыць бацькам, што іх дзіця мае патрэбу ў кансультацыі псіхатэрапеўта. Даводзіцца чуць у свой адрас: “Мая дачка ад’язджала з дому на вучобу ў каледж жыццярадасная”. Дзяўчынка, можа, і была жыццярадаснай дома, але зараз у яе жыцці такая сітуацыя, з якой ёй складана разабрацца. Праўда, па словах Святланы Колабавай, такія бацькі — хутчэй выключэнне з правіл. У асноўным таты і мамы навучэнцаў адразу ідуць на кантакт з педагогам-псіхолагам.

Твае работы будуць у Луўры

Святлана Колабава адзначае, што працаваць у каледжы з таленавітымі падлеткамі і ў школе са звычайнымі навучэнцамі не адно і тое ж. У школе адоранае дзіця трэба выявіць, у мастацкім каледжы адораныя дзеці — усе навучэнцы. У школе больш правіл — у паводзінах, знешнім выглядзе навучэнцаў. Навучэнец Глебаўкі на кожных занятках — з аркушам паперы і алоўкам, яго канспекты і кантрольныя работы — спрэ­с у малюначках. Для сябе Святлана Яўгенаўна выявіла формулу: калі ты не гатовы прымаць творчае дзіця такім, якое яно ёсць, а хочаш скарэкціра­ваць паводзіны такога дзіцяці, каб было, як павінна быць і як трэба, то табе нельга працаваць у мастацкім каледжы.

У маім кабінеце абавязкова адчынены дзверы, — дзеліцца педагог-псіхолаг. — Чаму? Таму што за зачыненымі дзвярыма заўсёды страшна, незразумела. Адчы­ніць дзверы і спытаць, ці можна зайсці, — ужо складана. Калі ж дзверы адчынены, то можна прыйсці і сесці на канапку. Часам проста паплакаць. Нашы дзеці ўсе творчыя, ранімыя, эмацыянальныя. Да іх трэба ставіцца беражліва. Для нас самае важнае — заваяваць іх давер. 

Сярод асаблівасцей работы з адоранай моладдзю Святлана Колабава і Юлія Сяргеева выдзяля­юць тое, што навучэнцы малодшых курсаў не надта вераць ва ўласныя сілы, не хочуць удзельнічаць у мерапрыемствах каледжа, у выставах. Ім здаецца, што спачатку трэба дарасці да 4 курса, каб мець магчымасць паказваць свае таленты. Так што і такім адораным дзецям неабходна матывацыя.

— Нашым таленавітым навучэнцам мы расказваем, што мастак — гэта не толькі чалавек, які валодае прафесійным навыкам, — гаворыць Юлія Аляксандраўна. — Тут важная кампазіцыя, калі ты кожны раз павінен прыдумаць штосьці новае. Адкуль узяць гэтае новае? З унутраных перажыванняў, атрыманых уражанняў, перажытага жыццё­вага вопыту, удзелу ў выставах, сустрэч з творчымі людзьмі.

Самае страшнае для нашых дзяцей, калі я пытаюся: “Ты можаш назваць сябе мастаком?” — працягвае Святлана Колабава. — Ім цяжка адказаць на гэтае пытанне. Для іх быць мастаком — гэта вынік жыцця. З іх верай у сябе ёсць пытанні, таму я імкнуся іх навучыць параўно­ваць сябе толькі з сабой. Адна навучэнка мне сказала, што будзе ўпэўнена ў сабе як мастачка толькі тады, калі яе работы будуць выстаўлены ў Луўры. Мне трэба было яе “прызямліць” за 45 хвілін заняткаў. Мне ў гэтым дапамагла іншая выкладчыца, на той момант студэнтка, якая расказала, што ў яе мастацкім жыцці былі правалы, былі моманты, калі хацелася адлічыцца з каледжа, і ў Луўры яе работ пакуль няма. Праўда, яна зараз рыхтуецца да дыпломнай работы — распісваць сцены знакамітага “ВГИКа”. І мая навучэнка супакоілася, прымірылася з сабой. Лічу, што проста супа­коіць дзяўчыну — твае работы бу­дуць у Луўры — было б няшчыра. Важна было знайсці чалавека, які б сказаў: “Давай сёння зробім штосьці, каб дайсці да першай выставы ў музеі, а пасля бу­дзем рухацца далей”.

Куды мігрыруе груша?

У кабінеце псіхолага Святланы Колабавай — творчы гармідар. Звязаны ён з прыемным фактам: у Глебаўцы хутка з’явіцца сапраўдны сенсорны пакой для навучэнцаў. Кіраўніцтва каледжа сумесна з Міністэрствам культуры зрабіла мастацкаму каледжу такі прыемны падарунак. Пакуль жа каробкі з рыштункам чакаюць свайго часу ў кабінеце педагога-псіхолага.

Навучэнцы ўжо запісваюцца ў чаргу на адпачынак у сенсорным пакоі. Прычым, па словах Святланы Яўгенаўны, умовай пры ўладкаванні пакоя было тое, што яго дызайн зробяць самі студэнты-“глебаўцы”. Навучэнцы лепш ведаюць, што ім сапраўды неабходна для рэлаксацыі, педагог-псіхолаг і сацыяльны педагог толькі прапанавалі ім магчымыя варыянты. Гэта будзе месца, дзе творчы чалавек зможа пабыць з сабой і адпачыць.

— Адпачынак для кожнага чалавека свой, — упэўнена педагог-псіхолаг. — Гэта не абавязкова мора, пляж, падарожжы, паездкі. Можна адпачыць, з’еўшы шакаладку і выпіўшы кубачак кавы. Мне важна, каб будучы сенсорны пакой быў месцам, дзе студэнт Глебаўкі можа пабыць самім сабой. Не творчай асобай, крутым мастаком, а проста чалавекам.

А яшчэ ў кабінеце педагога-псіхолага ёсць баксёрская груша. Яе можна лічыць пачаткам будучага сенсорнага пакоя, яе падарылі навучэнцы. З’явілася груша, калі Святлана Колабава зразумела, што “глебаўцам” неабходна кудысьці дзець агрэсію.

Я лічу, што агрэсія — гэта добра, — нечакана тлумачыць Святлана Яўгенаўна. — Без агрэ­сіі мы не можам зрабіць нічога, нават устаць з крэсла. Калі нашы навучэнцы праводзяць у майс­тэрні па 6—7 гадзін і нешта не атрымліваецца, хочацца пла­каць, а слёз няма, яны прыходзяць да мяне і пачынаюць лупіць грушу. Ці забіраюць грушу з сабой — яна ў нас мігрыруе па ўсім каледжы. Наша груша — легальны спосаб выкіду энергіі, якая накапілася, магчымасць выпусціць пару, скінуць напружанне.

P.S. Быць побач

На кожным паверсе 9-павярховага будынка Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава — работы студэнтаў і выпускнікоў. Хтосьці пакідае пра сябе памяць у выглядзе скульп­туры, хтосьці — у выглядзе карціны, замест фарбаў у якой натуральная кава. Быць творчым чалавекам няпроста, быць побач з творчым чалавекам — няпроста ўдвая.

На першым месцы ў мастацкім каледжы імя Глебава — навучэнец, яго эмацыянальны стан і дабрабыт. Гэта адчуваецца ў кожнай фразе Святланы Колабавай. Ёй і яе калегам пашчасціла працаваць з цікавымі, творчымі, адоранымі дзецьмі — сапраўдным залатым фондам Беларусі. І выдатна, што ў Глебаўцы гэта разумеюць — адчыняюць для дзяцей дзверы і адкрываюць сэрца.

Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА