У Мінску праходзіць кангрэс маладых вучоных Беларусі і Расіі

- 14:24Главная, Новости

Гэтымі днямі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праходзіць кангрэс маладых вучоных Саюзнай дзяржавы. У ім прымаюць удзел каля 500 маладых даследчыкаў навуковых арганізацый і вышэйшых навучальных устаноў дзвюх краін, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Распачаўся форум работай тэматычных секцый – ад гуманітарнага да аграрнага профілю. На іх маладыя даследчыкі падзяліліся вопытам навуковых пошукаў і высветлілі, якія ёсць магчымасці для аб’яднання намаганняў.

На пленарным пасяджэнні былі разгледжаны прыярытэтныя напрамкі развіцця міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва маладых вучоных дзвюх краін.

Вітаючы ўдзельнікаў кангрэса, міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў: адукацыя і навука – той падмурак, які знаходзіцца ў фокусе незалежнасці і суверэнітэту кожнай дзяржавы. Ён нагадаў, што зараз паміж адукацыйнымі ведамствамі Беларусі і Расіі наладжана цеснае ўзаемадзеянне. І тут добрым прыкладам з’яўляецца ўдзел БНТУ ў рэалізацыі дзяржпраграмы Расіі «Перадавыя інжынерныя школы», якая накіравана на фарміраванне новых падыходаў да падрыхтоўкі інжынера будучыні.

Адна з важных пляцовак развіцця нашага сумеснага адукацыйнага і навуковага патэнцыялу – Асацыяцыя ВНУ Беларусі і Расіі. Гэта пляцоўка, на якой абмяркоўваюцца не толькі перспектывы сумесных адукацыйных праграм, але і роля навукі ў пабудове адукацыі. Бо падыходы да падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў і кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі вельмі змяніліся, – звярнуў увагу А. Іванец.

Па яго словах, прыцягненне моладзі ў навуку сёння шмат у чым выйшла на ўзровень вышэйшай школы, дзе створаны неабходныя ўмовы і інфраструктура.

– Прыцягнуты вядучыя ўніверсітэцкія кадры і вучоныя-акадэмікі для рэалізацыі прынцыпу праектна-даследчай падрыхтоўкі і развіцця творчага і навуковага патэнцыялу навучэнцаў. Наша міністэрства робіць захады па падтрымцы адоранай моладзі. Так, штогод праводзім Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў, удзельнікамі якога кожны раз становяцца больш за 3 тыс. чалавек. Сёння мы павінны быць сканцэнтраваны на тым, каб кожны даследчы праект, які трапіў на гэты конкурс, быў убачаны вялікімі вучонымі і рэальным сектарам эканомікі і, самае галоўнае, потым увасоблены ў жыццё, – адзначыў міністр адукацыі.

Ён выказаў упэўненасць, што кангрэс маладых вучоных, які зараз праводзіцца ўпершыню, стане яшчэ адной значнай і традыцыйнай дыялогавай пляцоўкай для абмену ідэямі, ведамі і вопытам, магчымасцю для пошуку новых вектараў навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, дадатковым імпульсам для кансалідацыі моладзі ў далейшым збліжэнні адукацыйных і навуковых сістэм дзвюх краін.

Ад маладых вучоных мы чакаем прарыўных ідэй, якія ў многім стануць асновай для прынцыпова новага руху і новай ступені навукова-тэхналагічнага і эканамічнага развіцця як Беларусі, так і Расіі.

У сваю чаргу старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава падкрэсліла: навука – найважнейшы складнік нацыянальнага багацця, магутны рэсурс развіцця эканомікі, адукацыі, медыцыны – усіх абласцей сацыяльнай сферы, а вучоныя – гэта эліта грамадства і каштоўны здабытак краіны. Ва УВА Беларусі працуе больш за 6,5 тыс. маладых вучоных – і гэта дастойная змена для развіцця навуковага патэнцыялу.

Менавіта зараз ва ўмовах неправамернага санкцыйнага націску сумесная работа па пашырэнні навукова-тэхнічнай прасторы Беларусі і Расіі набывае асаблівую значнасць. У сучасных умовах для нашых краін агульным з’яўляецца разуменне неабходнасці ажыццяўлення інфармацыйнага прарыву. Таму падрыхтоўка і выкарыстанне інтэлектуальных рэсурсаў і развіццё сучаснай тэхналагічнай базы – найважнейшая агульнанацыянальная задача прадстаўнікоў Саюзнай дзяржавы, — пераканана І. Старавойтава.

Па словах старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова, у беларускіх і расійскіх вучоных агульныя мэты і задачы – у галіне космасу, спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, новых матэрыялаў, медыцыны, біятэхналогій, электратранспарту, сельскай гаспадаркі і іншых сферах.

У нас ёсць дарожныя карты супрацоўніцтва і сумесныя праграмы фундаментальных даследаванняў. Для нас важна атрымліваць знакавыя для абедзвюх краін вынікі ў самых розных сферах. Наш патэнцыял дае магчымасць не ўступаць лепшым замежным распрацоўкам, – рэзюмаваў старшыня Прэзідыума НАН.

Удзельнікі кангрэса азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі вучоных НАН Беларусі на пастаянна дзеючай выстаўцы Акадэміі навук «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці» і наведалі шэраг навукова-даследчых арганізацый НАН, дзе абмеркавалі стварэнне адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы, бяспеку і якасць прадуктаў харчавання ў Саюзнай дзяржаве. Да таго ж госці форуму пабывалі на буйных прадпрыемствах, такіх як БелАЗ, індустрыяльны парк «Вялікі камень», інавацыйны цэнтр холдынга «Гарызонт», і азнаёміліся з гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі.

Акрамя таго, падчас кангрэса на базе НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё філіяла расійскага Нацыянальнага даследчага цэнтра «Курчатаўскі інстытут».

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара