Пра тое, з якімі вынікамі падышла сістэма адукацыі Смаргоншчыны да канца навучальнага года, а таксама пра падрыхтоўку да летняй аздараўленчай кампаніі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама Святлана Шчастная.
“Мая Смаргонь”
— Заўсёды вялікая ўвага ў нас удзяляецца выніковасці выступлення каманды раёна на рэспубліканскай алімпіядзе, — дзеліцца Святлана Анатольеўна. — Сёлета ў нас на раённым і абласным этапах 19 дыпломаў. Разумеем, што патэнцыял у нас ёсць, аднак добра ведаем, што і канкурэнцыя вялікая. У заключным этапе алімпіяды бралі ўдзел 7 навучэнцаў Смаргоншчыны, двое з іх заваявалі дыпломы — абодва па беларускай мове і літаратуры. Так, Настасся Ванеева, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні (педагогі — Валянціна Мечыславаўна Лукошка, Валянціна Іосіфаўна Вайнілка і Людміла Пятроўна Пашкевіч), атрымала дыплом ІІІ ступені на заключным этапе алімпіяды. Другая ўдзельніца алімпіяды, навучэнка 9 класа Крэўскай сярэдняй школы Ганна Капыш (педагог — Валянціна Іосіфаўна Кайрыс), заваявала дыплом ІІ ступені, і мы спадзяёмся, што за 2 школьныя гады выхаваем з яе пераможцу рэспубліканскай алімпіяды.
Нядрэнныя вынікі паказалі і юныя спартсмены. Так, у Сыраваткінскай базавай школе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя працуе Іван Эдвардавіч Грыцкевіч, 1947 года нараджэння. Гэта прыклад настаўніка, усёй душой адданага педагагічнай працы. Штогод педагог рыхтуе лыжную каманду, і яго навучэнцы з зайздросным пастаянствам паказваюць добрыя вынікі ў гэтым відзе спорту, уваходзяць у склад абласной каманды, а сёлета навучэнка Дзіяна Пятроўская стала членам рэспубліканскай каманды.
Радуюць дасягненні і ў выхаваўчай рабоце. У Жодзішкаўскай сярэдняй школе дзейнічае ўзорны фальклорны калектыў “Нальшчаначка”, якім кіруе настаўніца музыкі Кацярына Віктараўна Дудзінская. Яна, як і Іван Эдвардавіч Грыцкевіч у Сыраваткінскай школе, — з тых людзей, на якіх трымаецца калектыў, стрыжань. “Нальшчаначка” — пастаянны ўдзельнік буйных музычных форумаў, у яго складзе дзеці розных узростаў, ад самых маленькіх вучняў да выпускнікоў. Удзельнікі калектыву іграюць на беларускіх музычных інструментах, спяваюць, танцуюць. У конкурсе “Прывітанне, свет!” калектыў заваяваў у гэтым годзе 1-е месца. Дарэчы, у названым конкурсе смаргонскія калектывы і навучэнцы, што выступаюць індывідуальна, сёлета атрымалі 15 дыпломаў рознай вартасці.
17 чэрвеня ў Смаргоні будзе вялікае свята — 520-годдзе горада, таму нашы ўстановы адукацыі на працягу года рэалізоўваюць праекты, прысвечаныя гэтай тэме. Адзін з праектаў — “Мая Смаргонь”, які сумесна з установамі адукацыі рэалізоўвае раённы цэнтр творчасці.
— Святлана Анатольеўна, якія спецыяльнасці выбіраюць сёлета выпускнікі раёна?
— Дзеці выбіраюць установы вышэйшай адукацыі тэхнічнай, медыцынскай, педагагічнай накіраванасці. На сёння заключана 12 мэтавых дагавораў на падрыхтоўку па педагагічных спецыяльнасцях. Лічу, што адукацыя — тая сфера, якая патрабуе абавязковага ўлівання маладой “крыві”. Рыхтаваць сабе змену варта пачынаць не з 11 класа, а значна раней, вылучаць такіх дзяцей і весці іх да выбару педагагічнай прафесіі. Прычым адзначу такую тэндэнцыю: усё часцей моладзь сярод педагагічных спецыяльнасцей выбірае прафесію педагога-псіхолага, настаўніка-дэфектолага, сацыяльнага педагога. Традыцыйна выпускнікі выбіраюць філалагічныя спецыяльнасці і прафесію настаўніка пачатковай школы, усё радзей — спецыяльнасці настаўніка матэматыкі, інфарматыкі, фізікі.
Заўважаем, цэнім, падтрымліваем
— Як у раёне наладжана работа з маладымі спецыялістамі?
— Настаўнік — пачатак усяго, пачатак любой прафесіі. Узровень замацавальнасці маладых спецыялістаў у нас нядрэнны, у мінулым годзе ён складаў звыш 88 працэнтаў. Да таго ж з’язджаюць ад нас маладыя спецыялісты ў сувязі са змяненнем сямейнага статусу: дзяўчаты выходзяць замуж. Шкада адпускаць перспектыўных спецыялістаў, але вельмі прыемна атрымліваць добрыя водзывы аб іх рабоце на новым месцы. Значыць, малая радзіма выхавала дастойных людзей у прафесіі, якімі можна ганарыцца.
Ведаеце, як і ў любой прафесіі, усё залежыць ад чалавека. У Жодзішкаўскай сярэдняй школе настаўнікам-дэфектолагам працуе Вераніка Станіславаўна Трушкова, якая знаходзіцца ў банку даных адоранай моладзі. Гэта актыўны, яркі чалавек, які гарыць сваёй працай. Гляджу на яе і разумею, што менавіта такой моладзі я б даверыла сваю будучыню. І такіх маладых спецыялістаў да нас прыходзіць нямала, мы іх заўважаем, цэнім, падтрымліваем.
— Цікава даведацца пра летнюю аздараўленчую кампанію…
— Адкрыліся лагеры з дзённым знаходжаннем на базе школ, прычым яны традыцыйна будуць працаваць у дзве змены. Самы вялікі кругласутачны раённы летнік “Арляня” будзе працаваць у 4 змены па 170 дзяцей. У лагеры актыўна праходзяць важацкую практыку студэнты, летась мы нават паспрабавалі стварыць студэнцкі атрад. Будуць дзейнічаць кругласутачныя дзевяцідзённыя лагеры, напрыклад, палатачна-турыстычны лагер “Берандзеі”, які арганізоўвае цэнтр творчасці. Юныя “берандзеі” разбіваюць лагер на беразе возера Свір Мядзельскага раёна. У мінулым годзе было вельмі шмат жадаючых адпачыць у гэтым лагеры. Таксама ўжо другі год мы цесна ўзаемадзейнічаем з ваеннай часцю 2044, цэнтрам падрыхтоўкі пагранічных войскаў, арганізоўваем сумесны лагер. Дзеці жывуць у казармах, дзе маюць магчымасць паспытаць сапраўднага салдацкага жыцця.
— Чым плануеце заняць летам навучэнцаў, якія маюць патрэбу ў асаблівым педагагічным кантролі?
— Для такіх дзяцей распрацоўваецца так званая дарожная карта летняга адпачынку. Нам важна пракантраляваць занятасць гэтых дзяцей на працягу ўсіх трох летніх месяцаў. Зразумела, яны наведваюць прышкольныя лагеры, калі ёсць магчымасць, то накіроўваем іх у “Арляня”. Праўда, ёсць сем’і, дзе бацькі з-за цяжкага фінансавага становішча не маюць магчымасці набыць пуцёўку ў летнік для свайго дзіцяці, нават з улікам дзяржаўных датацый. Тады мы накіроўваем хадайніцтвы ў мясцовыя прадпрыемствы, каб яны аказалі адрасную дапамогу сям’і ў набыцці пуцёўкі ў летнік для дзіцяці. Паколькі я з’яўляюся старшынёй раённага аддзялення Беларускага фонду міру, то выходжу з такімі ж хадайніцтвамі і на буйныя грамадскія арганізацыі, каб аздаравіць летам кожнае дзіця. Акрамя таго, падлеткі з падуліковых катэгорый працуюць у студэнцкіх атрадах, наведваюць гурткі і аздараўленчыя пляцоўкі на базе ўстаноў адукацыі.
— Якія планы на новы навучальны год?
— Плануем завяршыць капітальны рамонт спартыўнай пляцоўкі на базе гімназіі Смаргоні, дзе з’явіцца варкаўт-пляцоўка разам з баскетбольнай. На чарзе — капітальны рамонт у адным з гарадскіх дзіцячых садоў. Мне як кіраўніку хочацца, каб мы толькі прыбаўлялі, паляпшаючы свае пазіцыі ў абласным рэйтынгу.
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара