У чым сакрэт поспеху сістэмы адукацыі Бярозаўскага раёна

- 9:13Планерка

Пра вынікі навучальнага года і не толькі карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыў з начальнікам аддзела па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Аленай Саковіч.

— Што сабой уяўляе адукацыйная прастора Бярозаўскага раёна?

— Гэта 55 устаноў адукацыі: 24 школы, 25 дзіцячых садоў, 3 установы дадатковай адукацыі, СПЦ, дзіця­чы дом сямейнага тыпу і ЦКРНіР. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна дзейнічаюць 3 установы абласнога падпарадкавання: Малецкая санаторная школа-інтэрнат, Бярозаўскі дзяржаўны каледж будаўнікоў і Белаазёрскі дзяржаўны каледж электратэхнікі.

Установы адукацыі наведваюць амаль 2,6 тысячы дашкольнікаў і больш за 7,3 тысячы школьнікаў. Сярэдняя напаўняльнасць класаў у гарадскіх школах — 22,5 чалавека, у сельскіх — амаль 10.

У сістэме адукацыі рэгіёна працуюць каля 2,3 тысячы чалавек, у тым ліку 1325 педагогаў. Развітая сетка ўстаноў і якасны кадравы склад дазваляюць паспяхова вырашаць многія адукацыйныя задачы.

— З якімі вынікамі сістэма адукацыі Бярозаўшчыны падышла да завяршэння навучальнага года?

— Выявіць адораных дзяцей і не страціць час у раскрыцці іх здольнасцей — адна з галоўных задач нашых педагогаў. Даволі часта выніковасць настаўніцкай працы ацэньваюць па алімпіядным руху. Нам ёсць чым ганарыцца. Па выніках трэцяга этапу сёлетняй рэс­публіканскай прадметнай алімпіяды 5 з 8 вучняў Бярозаўшчыны адзначаны дып­ломамі. А ў заключным этапе алімпіяды па беларускай мове Аліна Лычык з сярэдняй школы № 3 Белаазёрска атрымала дыплом ІІ ступені. Напрыканцы мая яна была ўзнагароджана за сваю працу прэміяй Брэсцкага аблвыканкама.

Радуюць і вынікі навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў. Так, у фінальным этапе адпаведнага абласнога конкурсу 5 вучняў былі адзначаны дыпломамі рознай вартасці.

Паспяхова школьнікі выступілі і ў тэлевізійным праекце “Я ведаю”. З 6 удзельнікаў двое выйшлі ў суперфінал: Настасся Фамко з сярэдняй школы № 1 імя В.Х.Галаўко Бярозы (педагог Галіна Руціч) і Софія Каляда з Малецкай сярэдняй школы (педагог Ірына Ерамеева).

18 вучняў удзельнічалі ў адукацыйных зменах Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Два іх выпускнікі атрымалі рэкамендацыі назіральнага савета для па­ступлення ў профільныя ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны.

У рамках праграмы супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквы сёлета ўпершыню ра­зам з раённым фестывалем “Вялікдзень чырвоны” прайшлі раённыя адукацыйныя Серафімаўскія чытанні “Сям’я — любові вялікай царства”, арганізатарамі якіх выступілі рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні сярэдняй школы № 3 Белаазёрска, Белаазёрскі гарвыканкам і мясцовы храм. Чытанні сабралі звыш 300 вучняў, педагогаў, навукоўцаў і святароў Брэст­чыны. 

Сакрэт нашых поспехаў — у творчых адносінах да сваёй работы, у імкненні развівацца і рухацца наперад, у захаванні нацыянальных традыцый роднага краю і любові да Радзімы.

Сярод прыярытэтаў — ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. Так, у сярэдніх школах №№ 2 і 3 Бярозы дзейнічаюць класы ваенна-патрыятычнага кірунку, у Бярозаўскай базавай школе — клас прававога кірунку, у сярэдняй школе № 1 Бярозы — кадэцкія класы, а ў Сігневіцкай сярэдняй школе — клас дапрофільнай пад­рыхтоўкі пры падтрымцы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Установы адукацыі цесна ўзаемадзейнічаюць з вайсковымі часцямі Бярозаў­скага гарнізона, раённым камісарыятам і раённымі арганізацыямі БРПА, БРСМ, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, Бела­рускага саюза афіцэраў і ДТСААФ. На працягу навучальнага года больш за 3 тысячы дзяцей наведалі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”.

Важную ролю ва ўвекавечанні памяці байцоў, якія абаранялі нашу краіну ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адыгрываюць пошука­выя атрады. Сярод іх — клуб “Гвардзеец” на базе сярэдняй школы вёскі Здзітава пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Казадаевай. На рахунку юных пошукавікаў шмат узнагарод.

У 23 школах раёна створаны музейныя экспазіцыі, прысвечаныя генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Аформлены 17 стэндаў, 8 выстаў на базе гістарычных школьных музеяў і 15 экспазіцый у рэкрэацыях і кабінетах гісторыі, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод вучняў. 

Сёлета мы апрабавалі адну з новых форм работы з маладымі педагогамі — турнір па інтэлектуальных гульнях “Эрудыты”.

— Што прапануеце дзецям падчас летняй аздараўленчай кампаніі?

— Аздараўленне школьнікаў праходзіць на працягу ўсяго навучальнага года. Так, у час асенніх, зімовых і вясенніх канікул на базе ўстаноў адукацыі аздаравіліся больш за 1,2 тысячы дзяцей. Плануецца, што ў летніх лагерах адпачнуць 2,3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. На базе ўстаноў адукацыі створаны летнікі з дзённым і кругласутачным знаходжаннем, лагеры працы і адпачынку, а таксама спартыўна-аздараўленчыя лагеры. У загарадным летніку “Бярозка” палепшаць здароўе 50 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі баць­коў. 

Бярозаўская базавая школа імя А.М.Застаўнага стала першай установай адукацыі ў раёне, якой сёлета быў прысвоены статус “Школа міру”. У шэрагі міратворцаў уступілі 10 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія праявілі сябе ў вучобе і грамадскім жыцці.

У рамках аздараўленчай кампаніі будуць рэалізоўвацца розныя праекты і мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года міру і стварэння. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца профільныя змены Бярозаўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства. Разам з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях на базе сярэдняй школы № 3 Бярозы ў чэрвені будзе працаваць профільная змена для 130 вучняў “Місія — 112” па адпрацоўцы правіл бяспечных паводзін. Стаў традыцыйным профільны эколага-патрыятычны лагер на базе сярэдняй школы вёскі Здзітава. Асаблівая ўвага — мерапрыемствам рэспубліканскай акцыі “Правільнае лета”, якія пройдуць пад дэвізам “Сонечна, радасна, класна — лета пройдзе не дарэмна!”. 

— Як праходзіла работа па арганізацыі цэнтралізаванага экзамену?

— Сёлета 368 адзінаццацікласнікаў здавалі ЦЭ па 11 вучэбных прадметах, найбольшай папулярнасцю сярод якіх карысталіся руская мова (231), матэматыка (159), беларуская мова (137), біялогія (64) і гісторыя Беларусі (49). У правядзенні экзаменаў удзельнічалі 130 педагогаў. Іспыты прайшлі зладжана і арганізавана. Усё было прадумана да дробязей. Дзякуючы паспяховай арганізацыі, усе выпускнікі здалі экзамены, ніхто не быў выдалены з аўдыторыі. Выязная група КДК парушэнняў не выявіла. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Ігара ГРЭЧКІ