Колькі новых мадэлей адзення падрыхтавалі да новага навучальнага года айчынныя вытворцы

- 12:03Главная, Новости

Колькі новых мадэлей адзення падрыхтавалі да новага навучальнага года айчынныя вытворцы і якому колеру аддаюць перавагу сталічныя школьнікі, высветліла карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На хвалі роднага горада 

Як вядома, з першага верасня 2023 года ў беларускіх школах і гімназіях услед за першым уводзіцца другі элемент школьнага адзення. Бацькоў навучэнцаў загадзя праінфармавалі аб будучым новаўвядзенні і на бацькоўскіх сходах, і асабіста. Пры жаданні для іх ладзіліся паказы мадэлей дзелавога стылю. На партале Міністэрства адукацыі створана рубрыка “Школьная форма”, дзе змешчана прэзентацыя калекцый школьнага адзення, спіс прадпрыемстваў, якія іх вырабляюць, іншая тэматычная інфармацыя.

Мадэлі адзення з калекцыі “Беллегпрама”

— Кожная ўстанова адукацыі стварае свой індывідуальны вобраз. У гэтым пытанні з боку Міністэрства адукацыі няма ніякіх жорсткіх рамак і канкрэтных установак. Выбар элементаў школьнага адзення, а таксама механізм яго набыцця павінны ажыццяўляцца калегіяльна навучэнцамі, бацькамі і педагагічнымі работнікамі сумесна з адміністрацыяй установы, — адзначае кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Анжэла Кудаярава.

Напрыклад, у сталічных школах і гімназіях у мінулым годзе асноўным элементам школьнага адзення стала камізэлька, а сёлета дабавяцца штаны, пінжакі і спадніцы. Фарміруецца своеасаблівая капсула, з якой можна выбраць адпаведны элемент. Цікава, што калі год назад каля 70 працэнтаў устаноў адукацыі выбралі варыянт набыцця адзення праз гандлёвую сетку, то цяпер амаль 50 працэнтаў па ўзгадненні з бацькамі аддалі перавагу папярэдняму заказу ў прадпрыемстваў-вытворцаў.

— Пераважае ў адзенні сталічных школьнікаў сіні колер, што сімвалічна, бо менавіта яго маюць герб і сцяг Мінска. Далей ідуць бардовы і шэры колеры. Ёсць намер у будучыні прапрацаваць пытанне ўніфікацыі падыходаў да формы школьнікаў сталіцы. Гаворка ідзе не аб нейкім адным, а аб розных варыянтах камплектаў з сімволікай Мінска, краіны, устаноў адукацыі — магчыма, іх будзе 10, 15 ці 30. Пілотны праект паспрабуем запусціць да пачатку наступнага навучальнага года, — расказвае першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Людміла Барысенка.

На любы густ

У канцэрне “Беллегпрам” адзначаюць, што прадпрыемствы краіны ўжо выпусцілі каля 68 працэнтаў ад запланаваных аб’ёмаў швейнай і трыкатажнай прадукцыі школьнага асартыменту і паставілі арганізацыям гандлю амаль 55 працэнтаў вырабаў. Так што адпраўляцца за пакупкамі можна ўжо сёння. Астатняе плануецца вырабіць і паста­віць у гандлёвыя арганізацыі да сярэдзіны жніўня.

Да 2023/2024 навучальнага года арганізацыі канцэрна распрацавалі для школьнікаў новыя калекцыі адзення ў сіняй, шэрай, чорнай і бардовай каляровых гамах. Асартымент абноўлены прыкладна на 70 працэнтаў!

— Прапануем каля 200 новых мадэлей для хлопчыкаў і 250 — для дзяўчынак. Для дзяўчынак гэта сарафаны, сукенкі, спадніцы, камізэлькі, жакеты, штаны, якія дапаўняюць класічныя дзелавыя і прыгожыя блузкі. Для хлопчыкаў — касцюмы, камплекты, пінжакі, жакеты, камізэлькі, штаны, дапаўняльныя сарочкі і джэмперы, — інфармуе начальнік упраўлення каардынацыі развіцця трыкатажнай і швейнай галін канцэрна “Беллегпрам” Настасся Куцішчава.

Не толькі адзенне 

Абнавіліся і іншыя лінейкі, па абутковай галіне — прыкладна на 70 працэнтаў, па скургалантарэйнай — на 50 працэнтаў. Школьнікам прапануюць каля 100 мадэлей рукзакоў, якія выкананы з сучасных і трывалых тканін. Яны выраблены ў шырокай колеравай гаме, з выкарыстаннем розных прынтаў, з прымяненнем функцыянальнай дэкаратыўнай фурнітуры.

Што тычыцца абутку, то тут прывабліваць школьнікаў будуць новымі стылёвымі рашэннямі, натуральнымі і высокатэхналагічнымі матэрыяламі, а таксама выкарыстаннем падэшваў, якія ўлічваюць анатамічныя асаб­лівасці будовы ступні дзяцей, чым могуць пахваліцца не ўсе замежныя вытворцы.

Аксана МЫЦЬКО