“Мне не трэба ні мора, ні пляжа. Толькі ў поле мяне цягне кожнае лета. Без гэтага я ўжо не магу”, — прызнаўся карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” Васіль Лемяшэўскі, які працуе на жніве і расказвае пра гэта на сваім YouTube-канале “Будні камбайнера”.

Сёння ў Васіля Лемяшэўскага трывожны настрой, бо з самага ранку заладзіў дождж, неба зацягнута хмарамі — відаць, прагнозы збудуцца і ліць будзе да вечара. Затое гэты вымушаны перапынак даў магчымасць маладому камбайнеру перавесці дух і крыху адпачыць, хаця б на час нашай з ім гутаркі.
— Будзем спадзявацца, што заўтра надвор’е палепшыцца. Але ўсё роўна, баюся, да абеду не атрымаецца выйсці. І то, калі будзе не толькі сонца, але і вецер: трэба, каб зерне ў полі падсохла, — хвалюецца малады чалавек.
Дванаццатае лета запар Васіль Лемяшэўскі ў кабіне камбайна. Першае яго жніво было яшчэ ў школе, пасля 9 класа. Нічога не змянілася і тады, калі ён, выпускнік фізмата Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С.Пушкіна, па размеркаванні быў накіраваны ў сярэднюю школу № 1 Ляхавіч. Штолета ён едзе на жніво на родную Лунінеччыну, у вёску Вулька-1, у гаcпадарку “Хваецкае” і ўладкоўваецца памочнікам камбайнера да свайго бацькі Івана Лемяшэўскага. Гэта не той выпадак, калі сельскі хлопец імкнецца вырвацца з вёскі ў горад і тут жа забываецца пра малую радзіму. Нават калі ён служыў у арміі, папрасіўся ў адпачынак якраз на жніво. Усе два тыдні правёў тут, у полі.
Ад дзеда — да бацькі, ад бацькі — да сына
Гул камбайна і пах хлеба ў полі з Васілём Лемяшэўскім з маленства.
— Першыя мае ўспаміны пра сябе пачынаюцца з таго моманту, калі стрыечны брат вадзіў мяне на работу да свайго бацькі і паказваў яго камбайн “Дон”. А потым, калі ўжо быў у дзіцячым садку, я шмат вольнага часу праводзіў на мехдвары з татам, які ўжо больш за 30 гадоў працуе ў нашай гаспадарцы камбайнерам, — расказвае педагог.
У сям’і Васіля Лемяшэўскага любоў да зямлі перадаецца з пакалення ў пакаленне. Яго тата Іван Васільевіч таксама пераймаў яе ад свайго бацькі: з ім на камбайне з 7 класа працаваў памочнікам. Цяпер жа бацька не можа нарадавацца сынавай дапамозе.
— Вася стаў маім памочнікам пасля 9 класа. Спачатку ў асноўным займаўся падрыхтоўкай тэхнікі да выхаду ў поле, а калі атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста, стаў падмяняць мяне і за рулём камбайна. Веды, атрыманыя на фізмаце, таксама прыйшліся дарэчы. Сын выдатна разбіраецца ў камп’ютарах і электроніцы. Так што дэталёвую настройку бартавога камп’ютара на нашым камбайне ён праводзіць значна лепш за мяне, — гаворыць Іван Васільевіч.
Але пры ўсёй любові да тэхнікі, сельскай працы пра прафесію аграрыя Васіль Лемяшэўскі ніколі не думаў. Ён, як і яго маці, выкладчыца матэматыкі, марыў пра настаўніцтва. А жніво стала самым чаканым і абавязковым складнікам яго жыцця.
Васіль Лемяшэўскі не раз быў узнагароджаны і як настаўнік, і як камбайнер. Сярод апошніх настаўніцкіх вяршынь — перамога ў раённым конкурсе “Педагагічны дэбют”.
На маё пытанне “Што вы адчуваеце, калі кіруеце камбайнам?” ён адказвае:
— Забываюся пра ўсё! Існуе толькі сам працэс жніва… Слухаеш машыну, засяроджаны на тым, каб усё было дасканала, атрымліваеш асалоду ад таго, як бездакорна працуе тэхніка, ад таго, што ёсць што ўбіраць… Гэтую асалоду цяжка апісаць словамі.
Напярэдадні сезона ўборкі Васіль Іванавіч, праязджаючы міма палёў, не можа не спыніцца, каб паглядзець, ці хутка паспее рапс (менавіта з гэтай культуры пачынаецца ўборка), а потым — як наліваецца колас на збожжавым полі.
Аб’ектыўна праз аб’ектыў
Уважліва сочыць Васіль Лемяшэўскі і за абнаўленнем камбайнаў у Беларусі.
— Айчыннае камбайнабудаванне развіваецца актыўна. Каб быць у курсе навінак, абавязкова наведваю выставу “Белагра”. У мяне склалася цеснае ўзаемадзеянне з супрацоўнікамі завода “Гомсельмаш”, мы абмяркоўваем з імі ўдасканальванне апошніх мадэлей машын. Напрыклад, я ўжо бачу адрозненне паміж тым камбайнам, які мы атрымалі мінулым летам, і тым, што выпускаецца цяпер, — адзначае мой суразмоўнік.
Дарэчы, менавіта тэхнічным нюансам камбайнаў Гомсельмаша прысвечаны YouTube-канал “Будні камбайнера”, які мае ўжо больш за 2,6 тысячы падпісчыкаў і тысячы праглядаў кожнага відэароліка. Цікава, што сярод падпісчыкаў канала ёсць і прадстаўнікі завода-вытворцы. Трэба ж ім ведаць, якія пытанні ўзнікаюць у карыстальнікаў іх прадукцыі, што ўдасканаліць у машынах.
— Першапачаткова здымаў відэа для сябе, — расказвае блогер. — Калі быў у 10 класе, у сетцы “УКантакце” стварыў групу “Камбайнеры Лунінецкага раёна”, якая аб’яднала маладых механізатараў. Затым пераназваў яе ў “Будні камбайнера” і пачаў весці аднайменны канал на YouTube, куды загружаў свае відэа з уборачнай. А ў канцы 2019-га, калі вярнуўся з арміі, завёў яшчэ і акаўнт канала ў Instagram, дзе размяшчаю фота з работы і анонсы будучых відэа.
Усё гэта для таго, каб абменьвацца вопытам з іншымі камбайнерамі, дзяліцца адзін з адным парадамі, як выпраўляць паломкі, вырашаць праблемныя сітуацыі. У кабіне няма ніякіх аналагавых прыбораў, а стаіць лічбавы бартавы камп’ютар, на якім адлюстроўваюцца ўсе параметры тэхнікі: рухавіка, малатарні і інш. У навічка ў рабоце з камп’ютарам узнікае мноства пытанняў. Нават калі ты скончыў каледж па адпаведнай спецыяльнасці, гэта не значыць, што ты сядзеш і паедзеш. Некалькі сезонаў прыйдзецца вучыцца на практыцы. А калі ўзнікае нейкая паломка — тым больш. Я 10 гадоў з бацькам працаваў на “дзясятцы” (КЗС-10 Палессе. — Заўвага аўтара.), да вінціка перакруціў гэты камбайн: і рухавікі мянялі, і валы, і інш. Тут я магу дапамагчы па любым пытанні. За гэты год добра асвоіў і новенькі Gomselmash GS12A1 Pro.
Камбайн Васіля Лемяшэўскага заўсёды зіхаціць чысцінёй. “Гэта мой дом на ўсё лета. Таму хочацца, каб тут было ўтульна. Кожны мой працоўны дзень пачынаецца з навядзення тут парадку”, — адзначае педагог.
Пасля выхаду першых ролікаў ужо стала зразумела, што канал людзям цікавы. Падпісчыкі, сярод якіх не толькі землякі, але і маладыя механізатары з Расіі, Казахстана, сталі пісаць аўтару станоўчыя каментарыі, прасілі парады па розных пытаннях адносна КЗС-10. Канкрэтыкай, звязанай з работай камбайна, і прыцягвае канал, лічыць Васіль:
— Сярод падпісчыкаў ужо склаўся нейкі касцяк. Спецыялісты з багатым вопытам работы пакідаюць у сваіх каментарыях рекамендацыі, як лепш зрабіць у той ці іншай сітуацыі. Напрыклад, у новым камбайне заліпаў радыятар ахалоджвання рухавіка. Сваімі парадамі са мной дзяліліся тыя, хто гэтую праблему для сябе ўжо вырашыў. Але больш за ўсё сярод маіх падпісчыкаў маладых людзей, якія толькі пачынаюць свой прафесійны шлях у сельскай гаспадарцы, а таксама студэнтаў, якія летам працуюць на жніве.
І канечне, за публікацыямі настаўніка сочаць яго навучэнцы (Васіль Іванавіч у сваіх сямікласнікаў трэці год будзе класным кіраўніком). Яго канал у пэўнай ступені выконвае і прафарыентацыйную ролю, знаёміць дзяцей са сферай сельскай гаспадаркі. Да таго ж расказвае пра тое, што варта імкнуцца быць карысным там, дзе нарадзіўся.
Толькі мы з Васілём Лемяшэўскім паспелі развітацца, як тут жа з’явіўся званочак-паведамленне з яго YouTube-канала: “Новыя відэа”. Гэта ён, пакуль ідзе дождж, загрузіў новыя ролікі, якіх за апошнія дні сабралася шмат, але не было часу дабавіць іх на канал. У найбліжэйшыя дні прагназуецца сонечнае надвор’е — значыць на блогерства часу ўжо не будзе.
Святлана НІКІФАРАВА





