Мы ўжо прывыклі выкладваць імгненні свайго жыцця ў сацсеткі. Магчыма, таму ў Настассі Аляксандраўны Курылкінай, кіраўніка аб’яднання па інтарэсах “ФотаАб’ектыўнасць” з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна, няма адбою ад жадаючых наведваць яе заняткі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У кадры і па-за кадрам
— Сёння ніводнае мерапрыемства не абыходзіцца без рэпартажнай здымкі. Мы амаль не выпускаем гаджэты з рук і ў любую хвіліну гатовы падзяліцца тым, дзе былі і што ўбачылі. Нядзіўна, што на мае заняткі дзеці прыходзяць са ззяючымі вачыма: яны гатовы прысвячаць час таму, каб навучыцца рабіць прыгожыя фота на прафесійным узроўні. Усіх пачаткоўцаў я абавязкова прашу паказаць прыклады сваіх работ. Звычайна гэта коцікі, сабачкі, захад сонца — папулярныя ў дзяцей тэмы… Потым мы з навучэнцамі з задавальненнем назіраем, як з цягам часу мяняецца іх светабачанне, расце майстэрства, як дзеці пачынаюць звяртаць увагу на тыя рэчы, якіх раней не заўважалі, — расказвае Настасся.
На першых занятках яна абавязкова падбадзёрвае: не важна, на што вы здымаеце — на прафесійны фотаапарат ці просценькі смартфон. Дастатак ва ўсіх розны, і практыкавацца варта на тым, што ёсць.
— Вядома, я вучу дзяцей карыстацца рознай фотатэхнікай, паказваю не толькі новую апаратуру, але і старую, — працягвае педагог. — Прыношу плёнкі, чорна-белыя і каляровыя фотакарткі і бачу, як ад захаплення, эйфарыі загараюцца вочы дзяцей. Ты нібы калекцыяніруеш імгненні, пакрыху збіраеш пазл з маленькіх кавалачкаў жыцця, беражліва захаваных праз гады. Менавіта такое бачанне фотамастацтва робіць мяне прыхільнікам рэпартажнай здымкі. Я не вялікі энтузіяст пастановачных фота. Так, яны захапляюць, іх хочацца доўга разглядваць: як перададзена святло, як пабудавана кампазіцыя, як прыгожа апусціла позірк мадэль… Але тых пачуццяў, таго настрою, якія ўзнікаюць пры праглядзе жывых фота, няма. Для мяне фатаграфія — гэта, у першую чаргу, спосаб эмацыянальнай падзарадкі.
Настасся прызнаецца, што ніколі не планавала ні станавіцца фатографам, ні працаваць з дзецьмі. Па першай адукацыі яна ветэрынар.
— Калі я сядзела дома ў дэкрэтным водпуску, муж падарыў мне фотаапарат. Я пачала здымаць для сябе, уцягнулася і вырашыла рабіць гэта на больш высокім узроўні — скончыла спецыяльныя курсы пры БНТУ. Калі ж зноў вярнулася на працу па першай адукацыі, то зразумела, што… не складваецца. Толькі з фотаапаратам у руках я адчувала сябе на сваім месцы. І я пачала пошукі работы, якая дазволіла б займацца любімай справай. Хтосьці падказаў звярнуцца ў мясцовы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Дырэктар цэнтра Галіна Аляксандраўна Лужкоўская паверыла ў мяне, дала шанс, за што я бясконца ёй удзячна, — дзеліцца дзяўчына.
— Скажу адразу: было вельмі складана. Мне падабалася ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, бачыць іх ззяючыя вочы, абменьвацца ідэямі, вучыць і вучыцца. Але я вельмі шмат часу траціла на напрацоўку матэрыялу. Мастацтва фатаграфіі само па сабе няпростае, а даступна данесці дзецям асноўныя паняцці (вытрымка, дыяфрагма, ISO і іншыя), каб яны ўсё зразумелі, захапіліся і хацелі прыйсці на заняткі зноў, — яшчэ складаней. Плюс вядзенне дакументацыі, педагагічнае маўленне — з гэтым таксама было няпроста, але тут мяне падтрымлівалі супрацоўнікі нашага вучэбна-метадычнага аддзела. Пасля дырэктар цэнтра прапанавала мне атрымаць другую вышэйшую, і летась мне ўручылі дыплом аб перападрыхтоўцы АПА (кваліфікацыя “педагог дадатковай адукацыі”). Другая вышэйшая, сапраўды, дапамагла перастроіцца, мне стала нашмат прасцей пісаць справаздачы, — смяецца Настасся.
Як пабудавана праграма аб’яднання па інтарэсах?
Спачатку выкладаюцца асновы — гэта тэхнічная частка, якая расказвае пра будову фотаапарата, яго настройкі, пра мастацтва кампазіцыі, работу з колерам і святлом. Далей — мадэлінг: дзяўчынкі і хлопчыкі вучацца працаваць у кадры.
— Я ўпэўнена: любы фатограф павінен і сам быць мадэллю. Мне важна, каб дзеці разумелі, як адчувае сябе чалавек у кадры, якія позы выглядаюць больш удала. Мы спецыяльна прыходзім у танцавальны клас з люстэркамі, каб яны бачылі адно аднаго адразу з некалькіх ракурсаў, звярталі ўвагу на тое, як правільна стаць, якую позу прыняць, як пабудаваць кадр. Гэтая частка курса звычайна не вельмі цікавая хлопчыкам. Толькі калі мы пераходзім да наступнага этапу — вывучэння Photoshop, праграм для апрацоўкі фатаграфій, вучымся працаваць з фільтрамі і ствараць іх самі, хлопцы радасна распраўляюць плечы.
І, вядома, немалое значэнне як для пачынаючых, так і для вопытных фатографаў мае натхненне.
— Як любы творчы чалавек я вельмі залежу ад настрою, — прызнаецца Настасся. — Цяжэй за ўсё, мабыць, у пачатку вясны, калі на вуліцы не хапае фарбаў, сонца і браць у рукі фотаапарат проста не хочацца. Менавіта на гэты час я падгадваю тэматычныя заняткі па развіцці натхнення. Гэта могуць быць цікавыя творчыя заданні, здымкі ў студыі з яркім дэкорам або прагляд тэматычных фільмаў. Напрыклад, я вельмі люблю паказваць навучэнцам кінастужку “Атэль “Гранд Будапешт”. Яна, вядома, спецыфічная, дзецям складана яе ўспрымаць, але падчас прагляду я падрабязна спыняюся на некаторых момантах: колер, кампазіцыя, святло. І яны ўцягваюцца, вучацца ўспрымаць фільмы не як гледачы, а як фатографы. Акрамя таго, люблю паказваць навучэнцам дакументальныя стужкі пра вядомых калег, напрыклад, пра Вівіян Маер або Эні Лейбавіц. У фотамастацтве, наогул, вельмі важная нагледжанасць, таму мы з навучэнцамі пастаянна вывучаем творчасць прафесійных фатографаў — і замежных, і беларускіх, і мясцовых, барысаўскіх. Зразумела, не абыходзіцца і без прагляду сацыяльных сетак. Люблю Instagram як крыніцу новых ідэй і новага вопыту, але ў той жа час разумею, як складана дзецям сарыентавацца ў ананімным свеце інтэрнэту. Шмат часу на занятках мы прысвячаем і культуры зносін, і правілам бяспекі, і ўменню адэкватна рэагаваць на хамства і крытыку ў сусветнай павуціне.
Вясна, лета, зіма
Увесну і ўвосень Настасся з навучэнцамі стараецца часцей выбірацца на пленэры ці вуліцы горада, каб захаваць прыгажосць моманту: першыя светлыя сукенкі і далікатныя бутоны першацветаў вясной, багацце фарбаў і залітыя дажджом вуліцы ўвосень…
— А ўзімку мы рыхтуемся да тэматычных студыйных здымак напярэдадні Новага года. Чаканне цудаў, прадчуванне перамен у асабістым жыцці — гэты святочны настрой хочацца закансерваваць і ўвекавечыць, — усміхаецца Настасся. — Многіх творчых людзей часам кідае ў крайнасці: то ты адчуваеш за спінай крылы, а на галаве — карону, то прыходзяць думкі, што ты горшы за ўсіх і нічога не ўмееш. У такія моманты вельмі важна падтрымліваць сябе маленькімі і вялікімі дасягненнямі: удзельнічаць у конкурсах, прыдумляць новыя праекты. І мы з дзецьмі ні ў чым сабе не адмаўляем.
Калі ёсць магчымасць заявіцца на творчае спаборніцтва, робім гэта. Апошняе дасягненне — паспяховы ўдзел у XXXII Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фота “Млын моды”. Мы з вучаніцамі Дар’яй Зуевіч і Міраславай Кавалёвай рыхтавалі на яго два фотапраекты. Першы звязаны з космасам. Сёлета якраз сталі вядомы імёны беларусак, якія неўзабаве адправяцца на арбіту. Заінтрыгаваныя і ўзбударажаныя такімі навінамі, мы фантазіравалі, як гэта — апынуцца на месцы тых, хто хутка ўбачыць нашу планету праз ілюмінатары і апынецца значна бліжэй да зор, чым хто-небудзь з нас. Хацелася неяк адмыслова інтэрпрэтаваць падзею: адлюстраваць у кадры касмічны маштаб і ўзнёсласць моманту і адначасова прыўнесці ў яго нацыянальны каларыт — гаворка ж ідзе пра нашых суайчынніц. Другая конкурсная работа — “Галаген” — была больш метафарычнай. У ёй мы натхняліся творамі Ван Гога, сучаснай модай і архітэктурай, нерэальнымі магчымасцямі чалавечага цела і розуму. Праз серыю фота адзіным ланцужком праходзіла паняцце часу, яго значнасці ў моманце для кожнага асобнага чалавека і размытасці — у гісторыі чалавецтва.
Уласна, гульнёй з часам і каштоўнае наша мастацтва. На адно кароткае імгненне гадзіннік спыняе бег, каб аднойчы мы маглі вярнуцца ў цудоўны момант зноў.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота з архіва Н.А.Курылкінай