Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў у Гродне аб’ядноўвае больш за дзве тысячы юных спартсменаў

- 12:00Видеосюжет

У Гродне праходзіць Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў. На спартыўных пляцоўках абласнога цэнтра і Ліды яна сабрала больш за дзве тысячы юных спартсменаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Спартакіяда школьнікаў — гэта традыцыйна маштабнае спартыўнае мерапрыемства краіны. Юных спартсменаў з усіх куткоў Беларусі яна збірае ўжо васямнаццаты раз. Каб трапіць на фінальныя старты, навучэнцы прайшлі няпросты шлях праз пастаянныя трэніроўкі і спаборніцтвы. Яны паляпшалі свае спартыўныя навыкі і дабіліся права ўвайсці ў склад зборных каманд сваіх рэгіёнаў. У Гродне сустрэліся сапраўды лепшыя, — адзначыў начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак.

Ён зачытаў віншавальны адрас міністра адукацыі Андрэя Іванца з пажаданнем удзельнікам спартакіяды дасягаць перамог у спаборніцтвах, прытрымліваючыся спартыўных прынцыпаў сумленнай гульні.

Па выніках спартакіяды будуць вызначаны наймацнейшыя ў 16 відах спорту, 14 з якіх — алімпійскія. Упершыню ў праграму спартакіяды ўключаны каратэ і міні-футбол. А для правядзення самых масавых спаборніцтваў школьнікаў задзейнічана 13 спартыўных аб’ектаў у Гродне і Лідзе.

— Навучэнцы Гродзенскай вобласці штогод дабіваюцца высокіх вынікаў на Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў. У 2021 годзе вобласць станавілася пераможцай спартакіяды, у 2022-м і 2023-м займала 2-е месца. Сёлета ў складзе дэлегацыі — прадстаўнікі 49 спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў вобласці, 13 кандыдатаў у майстры спорту і 54 спартсмены першага разраду, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.

 

Гродна па традыцыі сардэчна прыняло гасцей з усіх рэгіёнаў краіны. У дзень адкрыцця спартакіяды для іх падрыхтавалі маштабнае канцэртнае мерапрыемства. Яго галоўнымі ўдзельнікамі сталі не толькі творчыя калектывы вобласці, але і прадстаўнікі розных спартыўных школ абласнога цэнтра. Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк адзначыў, што вобласць гатова прыняць спаборніцтвы на самым высокім узроўні і яны абавязкова стануць адной з галоўных падзей спартыўнага лета Панямоння.

Сімвалічна, што галоўную судзейскую калегію спартакіяды ўзначаліў знакаміты спартсмен, чыё жыццё непарыўна звязана з Прынёманскім краем, заслужаны майстар спорту Беларусі, двухразовы чэмпіён свету і прызёр Алімпійскіх гульняў у кіданні молата, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан.

У праграму спартакіяды традыцыйна ўключаны летнія і зімовыя віды спорту. Спартыўныя старты па хакеі, біятлоне і лыжных гонках праходзілі з лютага па сакавік у Гродне і Навагрудскім раёне. Лідарамі ў біятлоне і лыжных гонках стала каманда юнакоў з Магілёва, а лепшымі ў хакеі — юныя спартсмены Гродзенскага рэгіёна.

Хто сёлета стане лідарам Рэс­публіканскай спартакіяды школьнікаў у агульнакамандным і асабістых заліках, стане вядома 21 чэрвеня. Па выніках спа­борніцтваў таксама будзе вызначаны рэгіён, які прыме спартакіяду ў 2025 годзе.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара,
відэа Гродзенскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі