Звыш 4,1 тысячы мэтавікаў плануюць прыняць айчынныя каледжы на ўзровень ПТА. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Мы ўжо некалькі гадоў робім упор на мэтавую падрыхтоўку. Таму ў гэтым годзе лічбы прыёму мэтавікаў на ўзровень прафтэхадукацыі складаюць больш за 4,1 тысячы месцаў. Усе мэтавыя месцы з указаннем заказчыкаў, зацверджаныя загадамі заснавальнікаў устаноў адукацыі, размешчаны на іх сайтах. Прыём на мэтавую падрыхтоўку ажыццяўляецца ў тыя ж тэрміны, што вызначаны правіламі прыёму для тых, хто паступае на бюджэт, — з 15 чэрвеня па 23 жніўня, — расказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова.
Дарэчы, на ўзроўні ПТА з 2023 года можна павялічваць лічбы прыёму па запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях пры наяўнасці дадатковай патрэбнасці ў заказчыкаў кадраў.
Амаль 5900 мэтавікаў чакаюць каледжы краіны на ўзроўні ССА. Уся інфармацыя пра іх размешчана на сайтах заснавальнікаў устаноў адукацыі.
— Да 22 жніўня мы ці заснавальнік установы адукацыі можам прыняць рашэнне аб павелічэнні лічбаў прыёму, таму ў прынцыпе ўсе, хто хоча паступіць на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, павінны заявіць пра сябе ў адпаведных каледжах. Нават калі абітурыента будзе бянтэжыць прахадны бал мінулага года, у любым выпадку неабходна прыйсці ва ўстанову адукацыі, падаць дакументы, атрымаць вычарпальную інфармацыю аб паступленні ў 2024 годзе, — адзначыла Аляксандра Мікалаеўна.
Яна нагадала, што конкурс на мэтавыя месцы ў каледжах будзе праходзіць асобна:
— Конкурс атэстатаў на бюджэт — гэта адна справа, конкурс атэстатаў або пасведчанняў аб агульнай базавай адукацыі сярод мэтавікаў — другая. Напрыклад, на спецыяльнасць заяўлена прыняць 20 бюджэтнікаў і 5 мэтавікаў. Дапусцім, паступаюць 40 чалавек на агульных умовах і 7 чалавек з мэтавымі накіраваннямі. У першым выпадку конкурс складзе два чалавекі на месца, у другім — на мэтавыя месцы паступяць 5 чалавек з найлепшымі баламі дакумента аб адукацыі, у астатніх будзе магчымасць удзельнічаць у агульным конкурсе. Прыём мэтавікаў адбудзецца ў любым выпадку, нават пры адсутнасці конкурсу, — патлумачыла начальнік упраўлення ПТА і ССА Мінадукацыі.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара