Будаўніцтва новых школ у Магілёве і Асіповічах на стадыі завяршэння

- 9:00Главная, Новости

У навучальных установах Магілёўшчыны ідзе актыўная падрыхтоўка да 1 верасня. Рамантуюцца класы, закупляецца новае абсталяванне, наводзіцца парадак у актавых і спартыўных залах, на прылеглых тэрыторыях. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года з абласнога бюджэту выдаткавана 86,5 млн рублёў. Сродкі накіраваны на стварэнне камфортных санітарна-гігіенічных умоў для арганізацыі вучэбнага працэсу, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Вялікая ўвага ўдзелена абнаўленню спартыўных пляцовак і стадыёнаў, бегавых дарожак. Усюды ажыццяўляецца замена драўляных аконных блокаў на сучасныя. Значная работа праведзена па перааснашчэнні харчаблокаў, закупцы тэхналагічнага і хала­дзільнага абсталявання. У прыярытэце таксама бяспечныя ўмовы навучання, таму істотны ўпор зроблены на мадэрнізацыю аўтаномнай пажарнай сігналізацыі, — паведаміла кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская.

У 33 навучальных установах сёлета вядуцца маштабныя капітальныя рамонты. А ў адпаведнасці з рэгіянальнай інвестыцыйнай праграмай ажыццяўляецца будаўніц­тва новых устаноў адукацыі.

— На стадыі завяршэння ўзвядзенне дзвюх школ у Магілёве і Асіповічах. Абе­дзве ўстановы будуць уяўляць сабой шматфункцыянальныя вучэбныя комплексы. Згодна з графікам адбываецца таксама будаўніцтва дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Крычаве і дзіцячага сада ў аграгарадку Палыкавічы Магілёўскага раёна, — расказала Ганна Уладзіміраўна.

Зірнуць на афіцыйную інфармацыю на справе прадаставілася магчымасць падчас наведвання навучальных устаноў. Так, у сярэдняй школе № 8 Магілёва хуткімі тэмпамі ідзе капітальны рамонт даху і фасада.

— У нашай школы няпростая гісторыя. Яе будаўніцтва пачалося ў 90-х, але потым надоўга спынілася. У першыя гады станаўлення беларускай дзяржаўнасці мясцовыя жыхары звярнуліся да Прэзідэнта, і школа нарэшце была ўведзена ў эксплуатацыю. Але будаўнічы праект аказаўся праблемным, з цягам часу пачаў працякаць дах, не ўсё добра было і з фасадам. Па гэтай прычыне было прынята рашэнне аб капітальным рамонце. На правядзенне неабходных будаўнічых работ затрачана 1,7 млн рублёў, — адзначыла дырэктар Ірына Рыбакова.

Па яе словах, паралельна з капітальным вядзецца касметычны рамонт. На гэтыя мэты з бюджэту выдзелены дадатковыя сродкі ў памеры 20 тысяч рублёў. Падключыліся таксама спонсары і бацькі. Дзякуючы ўвазе мясцовых выканаўчых улад і агульнай далучанасці іншых зацікаўленых, ва ўстанове цалкам абноўлены актавая зала, буфет і сталовая, гардэробныя і санвузлы. У найбліжэйшы час пачнецца навядзенне парадку ў вучэбных кабінетах і на прылеглай тэрыторыі.

— На прышкольным участку ўсталявалі яркую гульнявую пляцоўку. Ужо праводзім высадку кветак і іншых раслін, устаноўку малых архітэктурных форм. Абноўленая школа стане сапраўдным падарункам для дзяцей да Дня ведаў, — запэўніла Ірына Леанідаўна.

Маштабныя рамонтныя работы праводзяцца і ў дзіцячым садзе № 38 абласнога цэнтра. У дашкольнай установе ідзе капітальны рамонт басейна і асноўнага будынка.

— Аб’ём работ вельмі вялікі. У басейне заменена плітка, электраправодка, сістэмы вентыляцыі і водападрыхтоўкі, пераабсталяваны душавыя і пакоі для пераапранання. Акрамя таго, рамантуецца дах, фасад і групавыя памяшканні. Закуплена шмат гульнявога абсталявання. Прадугледжана і добраўпарадкаванне тэрыторыі: з’явяцца пляцоўкі і ценявыя навесы, часткова абновіцца агароджа. Скончыць рамонт плануем у самыя кароткія тэрміны, — расказала загадчыца Марына Бутэнка.

А вось у сярэдняй школе № 12 Магілёва падрыхтоўка ўжо на фінішнай прамой. Як заўважыла дырэктар Ганна Назарук, ва ўстанове завершана мадэрнізацыя, якая доўжылася больш за дзесяцігоддзе:

— Школа была заснавана ў 1955 го­дзе, і будынак, канечне, даўно патрабаваў рэканструкцыі. Яна адбывалася ў тры этапы. Спачатку быў мадэрнізаваны асноўны корпус, потым быў заменены фасад, дах, вокны і выканана перапланіроўка вучэбных памяшканняў. А нядаўна завяршылася будаўніцтва новага корпуса, дзе размясціліся спартзала, майстэрні для правядзення ўрокаў па абслуговай і тэхнічнай працы, бібліятэка і цір. На прышкольнай тэрыторыі ўсталявана новая спартыўная пляцоўка і паласа перашкод для трэніровак навучэнцаў ваенна-патрыятычнага класа. Зараз робім бягучы рамонт, напаўняем кабінеты інфармацыйна-метадычнымі матэрыяламі. Навядзём парадак і будзем цалкам гатовы да сустрэчы вучняў.

Адметна, што якасць рамонтных работ трымаецца на пастаянным кантролі. Паўсюдна па вобласці зацверджаны графікі прыёмкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Да 20 жніўня ўсе школы павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара