Памяць. Гонар. Годнасць

- 9:48Авторские колонки, Мнение

“Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што зберагаць!” — такую тэму для першага ўрока ў 2024/2025 навучальным годзе вызначыла Мінадукацыі Беларусі.

Іван ЖДАНОВІЧ

На першы погляд, нібыта ўсё зразумела. Пытанне, кажучы мовай навукоўцаў, даследавана. З 2008 года, здаецца, пачата ў краіне пат­рыятычная акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Распрацавана ў міністэрстве, узгоднена ў Саўміне адпаведная інструкцыя. З часам з’явілася шмат напрацовак, у іх ліку — дыстанцыйная края­знаўчая алімпіяда, краязнаўчы праект “Мая Беларусь” і конкурс творчых работ “Мой род, мая сям’я”. Пачалі праводзіцца, набылі сярод моладзі масавасць і папулярнасць конкурсы “Ра­дзімы спадчына — мой гонар”, “Юны натураліст”, “Чыстыя сэрцы роднай зямлі”, конкурс фота­здымкаў “Краіна мая дарагая”…

У інтэрнэце па запыце “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” знойдзеш распрацоўкі па правядзенні адпаведнага як літаратурнага, так і краязнаўчага па­дарожжа, і першага ўрока. Праходзяць у школах пад такім дэві­зам урокі радзімазнаўства, кніжныя выставы, патрыятычныя гадзіны, канцэртна-інфармацыйныя праграмы. І нават інтэлектуальна-пазнавальную тэматычную гульню распрацавалі педагогі, размясціўшы “падтэмы для гордасці” ў дзесяці катэгорыях: “Імёны”, “Мастацтва”, “Гісторыя”, “Кіно”, “Літаратура”, “Фальклор”, “Музыка”, “Тэатр”, “Навука”, “Прырода”.

А вам не падаецца, што часам раскладзеныя на палічкі-катэгорыі падказкі страчваюць водар жыцця, становяцца нежывымі, нібы прэпараваная жабка? Ці запалкі ў пачку. А каб запалка загарэлася, патрэбна яе аб нешта чыркнуць, зачапіць. І для душы вучня абавязкова патрэбна нейкая жывая, можа і задзірлівая, сітуацыя. Значыць, і формы ўрока “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што зберагаць!” варта б выбудоўваць у адпаведнасці з вы­разам Плутарха: “Вучань — гэта не сасуд, які трэба напоўніць, а факел, які трэба запаліць”.

Кажуць, найлепшы настаўнік — само жыццё. А каб у жыццёвай сітуацыі агеньчык здаровага патрыятызму загарэўся, і патрэбны падобныя ўрокі — нібы трэніроўкі для спартсменаў. Ці манеўры для вайскоўцаў. Па розных каналах гібрыдная вайна даўно атакуе юныя душы. Таму нікому не выпадае на падобных уроках лічыць варон.

Літаральна кожнаму варта быць гатовым не проста прыналежнасцю да Беларусі ганарыцца і багатую спадчыну папярэднікаў зберагаць. Трэба вучыцца і ўмець бараніць як уласную годнасць, так і гонар Бацькаўшчыны.

У памяці бадай што кожнага з нас ёсць падобныя выпадкі. Згадваю 1977-ы, застойны, як тады казалі, год. З невялічкай вёскі паехаў я паступаць у Ленінградскі дзяржуніверсітэт. У ка­лідоры студэнцкай паліклінікі, куды накіроўвалі абітурыентаў на медкамісію, невялічкая чарга. Дзеці розных народаў. Трое хлопцаў, чарнявыя, там краса­валіся і, я сказаў бы па-вясковаму, задзіраліся. Зачапілі мяне таксама: “Ты откуда?”“З Беларусі…”“О, бульбаш… Я биларус — я гразы ни баюс…” — віскліва прапеў адзін з траіх пад іх смех. Я сціснуўся. Чаго яны так? А як жа дружба ўсіх народаў Саюза? Разгубіўся… Але ж выклік зроблены. “А вы адкуль прыехалі?” Мова мая, разумею цяпер, іх яшчэ больш завяла. “С Кавказа мы, дарагой, разве не видишь?.. Так у вас, биларус, трапка гаварат, да-а?” — свідравалі мяне тры пары здзеклівых вачэй.

Каўказ… Што я пра яго ў Яцкаўшчыне сваёй ведаў? А ўспомнілася ж апавяданне “Каўказскі палонны” са школьнай праграмы. Пра рускіх афіцэраў Жыліна і Кастыліна, якіх горцы трымалі ў яме.

“Да, я читал рассказ “Кавказский пленник” Льва Толстого… — хваляваўся, падбіраў словы. — Там описано, как дикие горцы на Кавказе людей мучили, держали в яме. Белорусы такого никогда не делали, даже с врагами. А вы давно с гор спус­тились?”

Спачатку, відаць, яны не зусім зразумелі, пра што я сказаў. Потым пераглянуліся, нешта ўскрыквалі па-свойму, і ўсмешкі спаўзлі з іх твараў. Гледзячы, як іншыя ўсміхаюцца ў чарзе, чарнявыя закіпалі ад злосці, але нічога мне зрабіць не маглі. Толькі адзін прыгразіў потым, як адыходзілі, прынізіўшы голас: “Пагады, биларус… Мы ищо встрэтымса…”

Не сустрэліся, на шчасце. І былі ў мяне потым у студэнцтве добрыя таварышы з Каўказа: чачэнцы Рамзан і Анзор, дагестанец Рабадан, асеціны Валера і Барыс. Усе тыя хлопцы — з вялікім пачуццём уласнай годнасці, аднак і з паважлівым стаўленнем да гонару, годнасці, мовы іншых.

Чым нам ганарыцца? Што зберагаць і абараняць? Пішу тэкст — і знаходжу ў метадычнай распрацоўцы да “Каўказскага палоннага” выснову: “Люди могут и должны быть едины в своем стремлении к добру. И никогда нельзя об этом забывать. Иначе — бессмысленная гибель, смерть ни в чем не повинных людей”. Актуальна і ў тэму! Найперш нам, беларусам, варта ганарыцца нашай заўсёднай памкнёнасцю да ўсяго добрага — таго вялікага і неабдымнага, што называецца дабром. Да ведаў і асветы, да жыцця ў міры і згодзе з іншымі, да стваральнай працы і пабудовы сваёй незалежнай дзяржавы на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці. Усім гэтым і шмат чым іншым і варта ганарыцца, гэта ўсё зберагаючы. А калі трэба, то і абараняць.