Пра размеркаванне, харчаванне ў школе і не толькі: рубрыка «Вам адказвае Міністэрства адукацыі»

- 16:14Новости, Школа управления

На пытанні чытачоў адказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы — начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.

— Мы з жонкай з’яўляліся апекунамі дзіцяці-інваліда да дасягнення ім узросту 18 гадоў. Наша дзяўчынка (інваліднасць знята) заканчвае ў 2025 годзе ўніверсітэт па спецыяльнасці “Псіхолаг” і хоча прыехаць у наш горад па размеркаванні на работу. Якія яна мае льготы пры размеркаванні, што ёй неабходна зрабіць і ў якія тэрміны, каб трапіць на работу па размеркаванні (магчыма, у канкрэтную арганізацыю) у наш горад? Якія ў яе сацыяльныя льготы ў пытанні прадастаўлення жылля (кватэры, інтэрната) па першым месцы работы?

Пытанні размеркавання выпускнікоў дзяржаўных устаноў адукацыі рэгулююцца Кодэксам Рэспублікі
Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс), Палажэннем аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, на­кіравання на работу, перанакіравання на работу, прадастаўлення месца работы выпускнікам, якія атрымалі навукова-арыентаваную, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.08.2022 № 572 (далей — Палажэнне), і знаходзяцца ў кампетэнцыі ўстаноў адукацыі.

У адпаведнасці з пунктамі 2, 3 артыкула 72 і пунктам 1 артыкула 78 Кодэкса, калі атрыманне вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца ў дзённай форме за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, то пасля завяршэння навучання выпускнікі абавязаны адпрацаваць па размеркаванні два гады або кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на іх падрыхтоўку, у рэспубліканскі бюджэт.

Згодна з пунктам 9 артыкула 72 Кодэкса і пунктамі 2, 10, 13, 15 Палажэння, камісія па размеркаванні выпускнікоў установы адукацыі (далей — камісія) самастойна прымае рашэнне аб размеркаванні выпускніка, кіруючыся Кодэксам і Палажэннем. Пры гэтым месца работы для выпускнікоў падчас размеркавання вызначаецца камісіяй у адпаведнасці з атрыманай выпускніком спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй, з улікам наяўных заявак і заключаных дагавораў аб узаемадзеянні пры падрыхтоўцы спецыялістаў (пункты 2, 9 артыкула 72 Кодэкса).

Пры размеркаванні асобным катэгорыям выпускнікоў прадастаўляюцца льготы ў адпаведнасці з пунктам 9 артыкула 72 Кодэкса. Напрыклад, месца работы па размеркаванні для асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, па месцы ўключэння іх у спісы ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, або па месцы першапачатковага набыцця статусу дзяцей-сірот або статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, або з іх згоды ў іншым населеным пункце (падпункт 9.1 пункта 9 артыкула 72 Кодэкса).

Дакументы, якія выпускнікі прадастаўляюць у камісію для пацвярджэння свайго права на размеркаванне ў адпаведнасці з пунктам 9 артыкула 72 Кодэкса, вызначаны ў частцы 7 пункта 15 Палажэння.

Ці можна адмовіцца ад харчавання ў школе? Ці ёсць устаноўлены парадак адмаўлення?

— Абавязковасць харчавання ў школе не ўстаноўлена. Дакументальнага афармлення адмаўлення ад харчавання не патрабуецца, дастаткова вуснага паведамлення класнаму кіраўніку або адміністрацыі ўстановы адукацыі.

Разам з тым адміністрацыя ўстановы адукацыі, у адпаведнасці з заканадаўствам, нясе адказнасць за здароўе навучэнцаў і за тое, якім чынам арганізавана харчаванне.

— Ці абавязаны магістрант вочнай формы атрымання адукацыі, які не плануе ў далейшым працягваць навучанне ў аспірантуры, здаваць кандыдацкія экзамены на этапе навучання ў магістратуры? Калі абавязаны, то якія нарматыўныя прававыя дакументы гэта рэгламентуюць?

— Змест адукацыі па спецыяльнасцях адукацыйнай праграмы магістратуры вызначаецца вучэбна-праграмнай дакументацыяй, якая зацвярджаецца ва ўстаноўленым парадку. Новымі вучэбнымі планамі па спецыяльнасцях адукацыйнай праграмы магістратуры з 2023 года прадугледжана абавязковае вывучэнне агульнаадукацыйных дысцыплін “Філасофія і метадалогія навукі”, “Замежная мова”, “Асновы інфармацыйных тэхналогій” і здача па іх кандыдацкіх экзаменаў і заліку.

— Просім даць растлумачэнне ў такой сітуацыі. Трое непаўналетніх з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пражываюць у сельскай мясцовасці, па медыцынскіх паказаннях ім рэкамендавана атрымліваць адукацыю ў Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і спецыялізаванай школе. Дзяржаўнай установай адукацыі арганізаваны бясплатны падвоз да месца атрымання спецыяльнай адукацыі. Хто павінен суправаджаць дзяцей у аўтобусе і несці адказнасць за іх бяспеку: законны прадстаўнік непаўналетніх або работнік установы адукацыі?

— У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку арганізацыі бясплатнай перавозкі навучэнцаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23.08.2022 № 540, рашэннем мясцовага выканаўчага і распарадчага органа назначаецца адказная асоба, якая вызначае парадак назначэння асоб з ліку педагагічных работнікаў, якія суправаджаюць навучэнцаў пры ажыццяўленні бясплатнай перавозкі. Асобы з ліку педагагічных работнікаў, якія суправаджаюць навучэнцаў пры ажыццяўленні бясплатнай перавозкі, прымаюць неабходныя меры па захаванні бяспечных паводзін навучэнцаў пры пасадцы, перавозцы і высадцы з транспартнага сродку.

 Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі