Якая прафарыентацыйная работа праводзіцца ў Баранавічах, каб выпускнікі ўстаноў адукацыі вярталіся ў родны горад. Аб гэтым карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” паразмаўляла з намеснікам начальніка ўпраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Людмілай Скіндэр.
— Пасля пасяджэння міжведамаснай рабочай групы, якое міністр адукацыі і міністр працы і сацыяльнай абароны правялі ў Баранавічах у 2022 годзе для выпрацоўкі механізма павышэння канкурэнтаздольнасці айчыннай адукацыі, тэма прафарыентацыі намі была асэнсавана па-новаму, — адзначае Людміла Іванаўна. — Відавочна, што такая работа не будзе эфектыўнай без аб’яднання намаганняў устаноў адукацыі і прадпрыемстваў рэгіёна з улікам жаданняў, магчымасцей падлеткаў і рэальных патрэб рынку працы.
У Баранавічах у 2024/2025 годзе прафесійная падрыхтоўка арганізавана для 644 навучэнцаў 10—11 класаў. У асноўным яны выбралі прафесіі прамысловага, будаўнічага і бытавога сектараў, такія як муляр, сталяр, кладаўшчык, швачка, прадавец, кантралёр-касір, агент рэкламны, кандытар, кухар, афіцыянт. Улічваючы дэфіцыт кадраў у машынабудаванні ў горадзе, 33 вучні асвойваюць прафесію слесара-рамонтніка. Вялікім плюсам будзе тое, што яны атрымаюць другі разрад рабочага, а гэта гатовыя рабочыя рукі для прадпрыемстваў горада.
— Ці ёсць дасягненні ў мэтавай падрыхтоўцы кадраў?
— З 2022 года мы ўзмацнілі ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі. У якасці прыкладу прывяду кірмаш мэтавай падрыхтоўкі — прафарыентацыйнае мерапрыемства, ініцыіраванае Міністэрствам адукацыі. За 2022—2024 гады праведзена восем такіх кірмашоў з удзелам 27 арганізацый — заказчыкаў кадраў Баранавіч і больш як сямі тысяч вучняў 9—11 класаў і іх бацькоў. Гэта дазволіла значна павялічыць колькасць дагавораў на мэтавыя месцы ва ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі (у 2022 годзе — 18, у 2023-м — 135, у 2024-м —169). У лютым 2024 года мерапрыемства прайшло ў новым фармаце — інтэрактыўнай выставы прафесій “Якасць адукацыі. Якасць кадраў. Якасць будучыні”. Пашырана і геаграфія кірмашу: у ім прынялі ўдзел не толькі гарадскія школьнікі, але і навучэнцы з Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Ганцавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў. Разлічваем, што ў хуткім часе мы забяспечым маладымі кваліфікаванымі кадрамі прадпрыемствы роднага горада.
— Якія сучасныя формы прафарыентацыйнай работы рэалізуюцца ў школах?
— У мінулым навучальным годзе была апрабавана новая форма прафарыентацыйнай работы — кірмаш “Твой прафесійны выбар”. Падчас канікул на працягу тыдня з вучнямі на інтэрактыўных пляцоўках працуюць майстры сваёй справы, прафесіяналы, якія прадстаўляюць установы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі горада. У сярэдняй школе № 21 Баранавіч з 29 па 31 кастрычніка 2024 года пройдзе тыдзень “Я выбіраю прафесію” для дзевяцікласнікаў горада. У студзені гэтага года сумесна з Міністэрствам абароны была арганізавана ваенна-прафесійная акцыя “Гатовы Радзіме служыць!” з удзелам больш як 350 школьнікаў і больш як 100 выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў Баранавіч. Новым праектам з’яўляецца правядзенне ў шосты школьны дзень мерапрыемстваў на базе ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з удзелам профільных прадпрыемстваў і арганізацый горада. Старт праекту 26 кастрычніка даў Баранавіцкі дзяржаўны каледж тэхналогіі і дызайну.
Упраўленнем па адукацыі распрацаваны і рэалізуецца праект падтрымкі прафесійнага выбару “Профі-выбар: горад малой радзімы — наш горад”. Асаблівая ўвага ўдзяляецца экскурсіям на мясцовыя прадпрыемствы, якія штомесяц наведваюць больш за дзве тысячы школьнікаў. З мінулага навучальнага года рэалізуецца праект “Дзень прадпрыемства”, калі выпускнікі 9 і 11 класаў на працягу дня знаходзяцца на пэўным прадпрыемстве. У гэтым праекце прынялі ўдзел 12 арганізацый Баранавіч. У сістэме дадатковай адукацыі ў рамках дапрофільнай падрыхтоўкі сталі актуальныя праекты інжынернага кірунку: у Палацы дзіцячай творчасці — аб’яднанне па інтарэсах “Тэхнічная акадэмія”, творчы праект “Укараненне мадэлі адукацыйнага кластара як умова перадпрофільнай падрыхтоўкі аператараў беспілотных авіяцыйных комплексаў і робататэхнікі”, у цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства — інавацыйны праект “Укараненне мадэлі пераемнасці дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання ў сістэму дадатковай прыродазнаўчанавуковай адукацыі дзяцей і моладзі”.
Мэтавая падрыхтоўка карысная і для прадпрыемства, і для выпускніка. Пяць гадоў — той час, за які чалавек адаптуецца і ўключыцца ў прафесію. Як правіла, тыя, хто гэты тэрмін адпрацоўвае на прадпрыемстве, там і застаюцца.
— Раскажыце пра развіццё сеткі профільных класаў у вашым горадзе.
— Разам з адкрыццём профільных класаў арганізавана дзейнасць класаў прафесійнай накіраванасці. У 2024/2025 годзе ў Баранавічах функцыянуюць 38 такіх класаў (груп), дзе займаюцца 524 вучні. Гаворка ідзе пра педагагічныя, інжынерныя, чыгуначныя, спартыўна-педагагічныя, ваенна-патрыятычныя, прававыя, юрыдычныя і медыцынскія класы. Заключаны трохбаковыя дагаворы аб супрацоўніцтве паміж школамі, універсітэтамі і прадпрыемствамі. Так, факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў прафесіі чыгуначнага транспарту” праводзяцца на базе дарожнага цэнтра па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў Беларускай чыгункі яго выкладчыкамі. У сярэдняй школе № 19 Баранавіч два гады назад упершыню ў рэспубліцы пачаў ажыццяўляцца праект інжынернага класа, заснаваны на рэалізацыі часткі вучэбнага факультатыву на базе Баранавіцкага дзяржуніверсітэта і філіяла ЗАТ “Атлант” Баранавіцкага станкабудаўнічага завода. У мінулым навучальным годзе такія класы адкрыліся ў пяці школах горада для 115 дзяцей, а сёлета сетка пашырылася — тры класы і дзевяць груп інжынернай накіраванасці для 170 вучняў функцыянуюць у сямі ўстановах адукацыі. У профільныя УВА сёлета паступілі 11 выпускнікоў — будучых інжынераў, а ў наступным годзе паступаць плануюць 44 вучні, з іх пяць чалавек — па мэтавых накіраваннях. У мінулым навучальным годзе створаны класы медыцынскага профілю ў ліцэі № 1 Баранавіч. Сёлета ўсе 19 яго выпускнікоў паступілі на медыцынскія і біялагічныя спецыяльнасці. Установа заключыла дагавор з Гродзенскім дзяржаўным медуніверсітэтам і занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі Баранавіч і Баранавіцкага раёна. На базе пяці ўстаноў адукацыі горада функцыянуюць класы педагагічнай накіраванасці для 97 вучняў. Сёлета студэнтамі педагагічных УВА сталі 27 выпускнікоў, з іх па мэтавых накіраваннях — двое.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара