Шчыра пра важнае: чым прывабліваюць «НЕсумныя НЕлекцыі» на «Марафоне адзінства»

- 17:42Марафон единства, Новости

Моладзь з захапленнем успамінае «НЕсумныя НЕлекцыі». Мноства новых ідэй гэтыя сустрэчы з удзелам намесніка міністра адукацыі Кацярыны Пятруцкай падарылі прысутным прадстаўнікам педагагічнай грамадскасці. На думку кіраўнікоў і прадстаўнікоў адміністрацый каледжаў горада, яны атрымалі вельмі каштоўны майстар-клас. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Пра важнае і галоўнае

Навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа спачатку крыху скавана сябе адчувалі ў прысутнасці высокіх гасцей, але потым актыўна ўключыліся ў дыялог. Адразу прывабіў нестандартны фармат. Намеснік міністра адукацыі сканцэнтравала ўвагу аўдыторыі на складаных пытаннях выбару і адказнасці. Па-маладзёжнаму кажучы, тэма зачапіла за жывое. Навучэнцы давалі інтэрв’ю пра сваю прафесію, раскрывалі планы на будучыню, тлумачылі свае адносіны да выбару, разважалі пра ўчынкі знакамітых людзей Беларусі, якія задалі ім жыццёвыя арыенціры. Напрыклад, адна з дзяўчат так сказала пра Марыну Васілеўскую: «Першая беларуска стала касманаўтам! Гэта подзвіг, прарыў у нязведанае! Уся краіна, замежжа назіралі за палётам. Я ёй ганаруся і тым, што мы разам з Беларусі!» Удзельнікі гаварылі шчыра, ім хацелася выказацца. У нечым падтрымлівалі адно аднаго, у нечым спрачаліся.

— Столькі эмоцый, якое моцнае адчуванне адзінства! Для нас «НЕсумная НЕлекцыя» стала галоўным мерапрыемствам народнага марафону, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Каржэўская. — Сапраўды, была дэталёва выбудавана і класна праведзена не сумная лекцыя, а крэатыўная размова з моладдзю пра самае важнае і галоўнае. Кацярыне Аляксандраўне літаральна з першых хвілін удалося ўстанавіць даверлівыя адносіны. З’явілася моцная зваротная сувязь. Мы пачулі ў выказваннях нашых дзяцей такія рэчы, якія раней пра іх не ведалі. Бо дзяліліся тым асабіста каштоўным, што трымалі глыбока ў душы: пра сустрэчу з Аляксеем Талаем, подзвіг Уладзіміра Карвата. Правільна, зразумела, у адпаведнасці з сучаснымі рэаліямі і менавіта пад гэтую ўзроставую аўдыторыю падабраны матэрыял. Трапныя, няпростыя пытанні. «Чаго ты хочаш больш: некалькі гадоў супервядомасці або каб твае родныя былі здаровыя?» — бурная рэакцыя, яркія тлумачэнні. У дзясятку! Пэўныя рэчы навучэнцы адчувалі раней, але не задумваліся над імі. А тут прапусцілі праз сябе, усвядомілі ўласную пазіцыю і адчулі, наколькі гэта значнае для ўсіх нас, для іх асабіста. Я многія ўбачаныя падыходы, напрацоўкі занатавала, абавязкова буду выкарыстоўваць. Ведаю, што мае калегі таксама.

Характэрна: пасля завяршэння сустрэчы навучэнцы не разыходзіліся, фатаграфаваліся на фоне атрыбутыкі «Марафону адзінства». Зноў жа гэта было шчырае імкненне, калі хочацца і такім чынам захаваць памяць аб падзеі, расказаць пра яе сябрам і блізкім.

Запатрабаваны фармат

У Віцебскім дзяржаўным каледжы электратэхнікі вучыцца моладзь з даволі высокай паспяховасцю, матываваная, дасведчаная ў тэхніцы і тэхналогіях. Прафесійная траекторыя ў большасці вызначана з прыцэлам на канкрэтныя прамысловыя прадпрыемствы. Гэта ў большасці навучэнцы нетаропкія, схільныя абдумаць пытанне ці праблему, знайсці рашэнне і потым дзейнічаць. Знаёмы падыход адчуваўся: яны ўважліва слухалі, успрымалі інфармацыю, рабілі пэўныя вывады — працавалі. Разам з тым растармасіць такую аўдыторыю — няпростая задача. Арганізатары справіліся на выдатна!

«НЕсумная Нелекцыя» — фармат запатрабаваны. Дзецям было цікава і, несумненна, карысна, — упэўнены дырэктар Валерый Каралёў. — Мэтазгодна ўдалы фармат пашырыць, практыкаваць не толькі выключна ў рамках «Марафону адзінства». Думаю, дзякуючы зробленым па выніках гэтай сустрэчы вывадам нашы выпускнікі пойдуць у самастойнае жыццё з больш ясным разуменнем, чаму мы павінны трымацца разам, дзеля чаго грамадству трэба з’яднацца. Акрамя адміністрацыі каледжа, на мерапрыемства былі запрошаны нашы калегі з усяго горада. Мы змаглі паглядзець новыя формы і метады работы. Зразумела, узялі пад увагу. Яшчэ па выніках плануем актывізаваць узаемадзеянне паміж каледжамі.

З’яднаныя музыкай

У Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І.І. Салярцінскага і дзіцячай школе мастацтваў імя А.В. Багатырова майстар-класы правялі артысты Прэзідэнцкага аркестра Республікі Беларусь. У кожны горад прыязджае розны склад заслужанага калектыву і прадстаўляе розную праграму.

Дырыжор Алег Чахоўскі, ударнік Андрэй Маўрын, піяніст Аляксандр Данілаў, віяланчэлістка Марыя Махвіц, гітарыст Сяргей Кунцэвіч і іх калегі, якія разам давалі майстар-клас, у культурнай прасторы краіны вельмі вядомыя, аўтарытэтныя асобы. Для дзяцей яны — жывыя легенды (малодшым з прысутных было па 7—8 гадоў), для музыкантаў-пачаткоўцаў — узор для пераймання, для педагогаў — прафесіяналы з найкаштоўнейшым вопытам. Выступленні артыстаў чаргаваліся з інтэрактывам. Майстэрства вядучага — дырэктара Палаца Рэспублікі Максіма Прыхадоўскага — дапамагло залучыць у захапляючае дзейства ўсю залу.

— Майстар-клас прагучаў магутным творчым акордам напярэдадні знакавага для Віцебска XXXV Міжнароднага музычнага фестывалю І.І. Салярцінскага, у арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў якога мы актыўна задзейнічаны, — адзначыла дырэктар каледжа Наталля Кошалева. — Музыка аб’ядноўвае людзей, прычым розных пакаленняў. На майстар-класе яскрава адчувалася гэтае адзінства. Падобныя творчыя дыялогі спрыяюць абмену вопытам, і, самае галоўнае, непасрэдна ідзе перадача лепшых традыцый беларускай музыкі і выхаванне на яе лепшых узорах у таленавітым выкананні. У зале было многа школьнікаў. Мы традыцыйна кожны тыдзень запрашаем на свае канцэрты ўдзельнікаў ветэранскага аб’яднання «Залаты ўзрост» — а тут, праз «Марафон адзінства», нашы шаноўныя сябры атрымалі проста шыкоўны музычны падарунак! Спачатку са сцэны прагучалі класічныя творы. Затым навучэнцу нашага каледжа, пераможцы многіх міжнародных конкурсаў Мікіту Вершылоўскаму прапанавалі далучыцца, і ён цудоўна сыграў. Далей творча-педагагічную эстафету прыняў кавер-бэнд. Каманда Прэзідэнцкага аркестра ў фармаце майстар-класа выступала ў нас упершыню. Аднак мы не тое каб не мелі да яго дачыненне, бо ў складзе знакамітага калектыву выступаюць нашы выпускнікі: Ганна Аўчыннікава, вучаніца Наталлі Пяташовай, а таксама Юрый Шаблоўскі, вучань і сын Мікалая Шаблоўскага. Спадзяюся, неўзабаве мы папоўнім гэты пералік.

У пятніцу, 6 снежня, майстар-клас артыстаў Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пройдзе ў Аршанскай дзіцячай школе мастацтваў № 1. «НЕсумныя Нелекцыі» прымуць Аршанскі каледж ВДУ імя П.М. Машэрава і Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж. У ліку навацый праекта на гэтай дыстанцыі — майстар-клас аркестра Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь у Барані.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота БелТА і прадастаўлены каледжамі