Святочны настрой і экскурс у мінулае. З арыгінальнай навагодняй атрыбутыкай знаёмяць школьныя выставы

- 9:00Главная, Новости

У Парэцкай сярэдняй школе рэтравыстава прадстаўляе савецкія ёлачныя цацкі і навагоднія паштоўкі, а сярод рарытэтных рэчаў у музейнай экспазіцыі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога цэнтра творчасці ёсць унікальная ёлачная цацка, якой амаль 80 гадоў. Даведаліся, што расказваюць навагоднія экспанаты ў школьных музеях краіны.

На любы густ!

У прыватнай калекцыі ветэрана педагагічнай працы Ганны Кавалёвай з Брэста амаль 500 Дзядоў Марозаў і Снягурак, каля 600 ёлачных упрыгажэнняў, а таксама мноства іншай навагодняй атрыбутыкі.

— Калекцыяніраваннем захапілася яшчэ ў пяцігадовым узросце, калі пачала мэтанакіравана збіраць прадметы, звязаныя з тэатральным жыццём горада: афішы, праграмы, фотаздымкі акцёраў і спектакляў… — расказвае Ганна Піліпаўна. — Цікавасць да гэтай тэматыкі была абумоўлена тым, што маці працавала ў абласным драматычным тэатры, а затым у ім некалькі гадоў працавала і я. За доўгі час удалося сабраць больш за 3 тысячы экспанатаў, якія склалі аснову музейнай экспазіцыі “Брэст тэатральны”, створанай у сярэдняй школе № 12 імя К.Л.Губарэвіча.

Але інтарэсы і пошукі выкладчыцы па класе фартэпіяна і настаўніцы рускай мовы і літаратуры не абмежаваліся толькі адной тэмай. Працуючы ў школе педагогам дадатковай адукацыі, Ганна Кавалёва заўважыла, што сучасныя дзеці не так добра ведаюць казкі і казачных герояў, як іх бацькі. Так нарадзілася ідэя стварэння новай калекцыі, якая знаёміць, бадай, з самым чароўным казачным персанажам Дзедам Марозам і не толькі.

Ганна Піліпаўна ўзялася за справу вельмі сур’ёзна, паставіўшы мэту сабраць па адной фігурцы Дзеда Мароза з кожнай фабрыкі СССР, дзе іх выраблялі, каб паказаць геаграфічную і афарміцельскую разнастайнасць. Сёння ў навагодняй калекцыі, сабранай за 15 гадоў, можна ўбачыць Дзядоў Марозаў і Снягурак, вырабленых з ваты, пап’е-машэ, фарфору, шкла, гліны, гіпсу, дрэва і воску на фабрыках больш чым 30 гарадоў Расіі, Беларусі, краін Балтыі, Украіны, Казахстана, Грузіі, Малдовы і краін далёкага замежжа. Самы стары Дзед Мароз, зроблены з прасаванай паперы, датуецца канцом ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзя. Вышыня самага маленькага (з муранскага шкла) — усяго паўтара сантыметра, а самага вялікага (з пенапласту) — 90 сантыметраў. Асабліва дарагі Ганне Кавалёвай Дзед Мароз, выраблены на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў. Ён з’явіўся яшчэ ў яе дзяцінстве каля 60 гадоў назад і захаваўся да сённяшняга часу.

Разам з фігурамі Дзядоў Марозаў і Снягурак Ганна Піліпаўна збірае ёлачныя ўпрыгажэнні, навагоднія штофы і статуэткі казачных персанажаў. Нядаўна калекцыя папоўнілася адмысловым сярэбраным званочкам ручной работы з Расіі з мініяцюрнымі Дзедам Марозам і Снягуркай. Важна, што ўсе экспанаты сістэматызаваны і каталагізаваны.

У свой час на базе школьнага музея дзейнічала тэматычная выстава “Гісторыя краіны па навагодніх цацках”, якая добра развівала кругагляд дзяцей і карысталася сярод іх вялікай папулярнасцю. Сёння Ганна Піліпаўна арганізоўвае выязныя выставы ва ўстановах адукацыі ў выглядзе тэматычных гульнявых урокаў (“Навагодняя казка”, “Загадкі Дзеда Мароза”, “Хто сапраўдны Дзед Мароз?”). Такі фармат заняткаў запатрабаваны, бо адначасова знаёміць школьнікаў з гісторыяй і казкамі.

Багатая калекцыя размешчана ў асобным памяшканні дома Ганны Кавалёвай, які заўсёды адкрыты для наведвальнікаў. Пераступаючы парог, нібы трапляеш у чароўную казку. На шкляных стэлажах, аздобленых мігатлівымі гірляндамі, навагодняя атрыбутыка на любы густ. Увагу прыцягвае Дзед Мароз вышынёй 62 сантыметры, выраблены ў 1952 годзе на фабрыцы “Валагодскі цацачнік” з пап’е-машэ.

— Яго адметнасць у тым, што вялікіх па памеры Дзядоў Марозаў выраблялі раней у невялікай колькасці, таму сёння яны з’яўляюцца калекцыйнай рэдкасцю, — заўважае Ганна Піліпаўна. — Такія фігуры звычайна ставілі ва ўстановах адукацыі і доўга не захоўвалі.

Сярод іншых адметных экспанатаў — ёлачная цацка, прысвечаная 85-годдзю ўтварэння Брэсцкай вобласці, а таксама гіпсавы Дзед Мароз, выраблены ў 1960-х гадах на Брэсцкім камбінаце будаўнічых матэрыялаў па ўзоры Дзеда Мароза, вырабленага з пап’е-машэ на Маскоўскай фабрыцы дзіцячых цацак.

З розных часоў

У Парэцкай сярэдняй школе Акцябрскага раёна ўнікальная рэтравыстава прадстаўляе савецкія ёлачныя цацкі і навагоднія паштоўкі.

Раней рытуал упрыгожвання навагодняй ёлкі быў адной з самых важных і запамінальных падзей у годзе. Ёлачныя цацкі ў кожнай сям’і лічыліся сапраўднымі каштоўнасцямі.

Дырэктар школы Аксана Паўловіч і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Матусевіч, пагрузіўшы ў святочную атмасферу галоўнага зімовага свята, расказалі, у чым асаблівасці экспанатаў, якія ўяўляюць не толькі мастацкую, але і гістарычную каштоўнасць. Педагогі штогод ствараюць экспазіцыю, якая дапамагае адчуць навагоднюю атмасферу чараўніцтва і перанесціся ў шчаслівае дзяцінства. Самыя розныя віды ўпрыгажэнняў выставы прывабліваюць не толькі школьнікаў, але і педагогаў.

— У нашым гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца вялікая калекцыя паштовак і ёлачных цацак, — гаворыць Галіна Матусевіч. — Чаму мы іх захоўваем? Для нас гэта сапраўдная рэліквія. Дзякуючы рарытэтам можна прасачыць гісторыю краіны. Што да паштовак, то некалі іх па пошце даслалі ветэраны 130-й стралковай дывізіі, якія вызвалялі Акцябрскі раён і Парэцкі сельскі савет ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На адваротным баку кожнай паштоўкі можна прачытаць цэлыя гісторыі, пажаданні настаўнікам і навучэнцам, наказ шанаваць і берагчы мір на зямлі.

Хочацца бясконца ўглядацца ў выявы Дзеда Мароза і персанажаў старых добрых мультыплікацыйных гісторый на прадстаўленых паштоўках.

— Іх сюжэты мяняліся, адлюстроўваючы павевы часу, дасягненні краіны ў розных галінах, — перабіраючы ў руках яркія карткі, расказвае Аксана Паўловіч. — Нязменным заставалася адно: цёплая і душэўная атмасфера, якая ствараецца гэтымі выдатнымі “кавалачкамі шчасця”. На іх намаляваны дзеці, зімовыя пейзажы, Дзед Мароз і Снягурка. Пазней асартымент значна папоўніўся, дабавіліся снегавікі, звяры, сюжэты казак. З’явіўся такі матыў, як асваенне космасу, і Дзед Мароз змяніў тройку на касмічную ракету. У надыходзячым 1980 годзе з паштовак глядзела медзведзяня, яно гуляла ў хакей, ішло побач з Дзедам Марозам, ехала на аўтамабілі або проста стаяла каля ёлкі. На большасці віншавальных картак таго часу красаваліся яловыя галінкі, бліскучыя шары, серпанцін, запаленыя свечкі, зімовыя пейзажы.

Сярод пацёртых ад часу рэтра-цацак настаўніца беларускай мовы і літаратуры паказвае самыя значныя: у яе руках апынаюцца дзве ёлачныя цацкі з уласнай калекцыі. Дарэчы, унізе на іх ёсць заціск, дзякуючы якому яны мацаваліся на лясной прыгажуні. У тэматычнай экспазіцыі таксама размясціліся мілыя лясныя звяркі, побач шары, персанажы з казак.

— Беражліва захоўваючы гэтыя навагоднія ёлачныя цацкі, вырашыла прынесці іх у школьны музей, каб кожнае дзіця змагло ўбачыць, як раней упрыгожваліся да свята зімовыя прыгажуні з лесу. А галоўнае, каб дзеці наглядна маглі прасачыць, як мяняліся стыль і якасць цацак з часам, — адзначае Галіна Сяргееўна.

Калі бярэш у рукі навагоднія паштоўкі ці цацкі, ствараецца адчуванне свята, дзяцінства і, вядома, цуду!

“Баульчык” успамінаў

Скрынка для цукерак, якую напярэдадні навагодніх свят у 80-я гады атрымліваў кожны школьнік краіны, сёння расказвае сваю гісторыю разам з дзясяткамі іншых святочных экспанатаў у сярэдняй школе № 40 імя В.І.Крамко Гродна.

З 2021 года ва ўстанове адукацыі адкрыта зала часовых экспазіцый “Ілюзія часу”. Сімвалічна, што першай у ім стала тэматычная краязнаўчая выстава “Стары Новы год”. Яе экспанаты расказвалі школьнікам і гасцям пра тое, як адзначалася ўсімі любімае свята ў перыяд з 1940 па 1990 год.

— На выставе можна было ўбачыць навагоднія цацкі і паштоўкі 1950 — 1980-х гадоў, якія адлюстроўваюць той час. Былі прадстаўлены і фатаграфіі з выявамі вуліц і плошчаў Гродна ў перадсвяточныя і святочныя дні, — успамінае ідэйны натхняльнік гэтага святочнага пачынання настаўнік гісторыі Дзяніс Тарасюк.

Цэнтральнымі героямі экспазіцыі тады справядліва сталі фігуркі Дзеда Мароза і Снягуркі, зробленыя з ваты, пластыку і пап’е-машэ. Найбольш цікавымі экспанатамі, на думку педагога, былі навагодняя ёлка-сувенір і падсвечнік 1980-х гадоў, а яшчэ запаветная мара ўсіх дзяцей таго ж часовага адрэзка — знакаміты “баульчык” 40-гадовай даўніны.

— Гэты экспанат выклікаў самыя цёплыя ўспаміны ў наведвальнікаў выставы ва ўзросце 50 годоў і старэйшых. Справа ў тым, што такія салодкія падарункі ў 80-я гады атрымлівалі ўсе школьнікі з 1 па 8 клас. Добра памятаю, як у нашай сям’і іх аказвалася адразу два. Адзін салодкі набор атрымлівала сястра, а другі — я, — прыгадвае Дзяніс Тарасюк.

Цікава, што незвычайны экспанат педагог адшукаў у Гомелі ў аднаго з аматараў падобных адсылак да мінулага. Скрынка для цукерак з сініцамі з беларускамоўным варыянтам віншавання “З Новым годам!” да Гродна дабіралася поштай. Яна захоўвала ў сабе яшчэ адно цікавае прывітанне з мінулага — лісток-укладыш са спісам цукерак. Згодна з ім, кожны школьнік краіны ў 80-я атрымліваў 20 цукерак сталічнай кандытарскай фабрыкі “Камунарка” коштам у адзін рубель.

— Сёння дзяцей, мабыць, не здзівіш і кілаграмовым салодкім наборам. Але, памятаю, у маю бытнасць школьнікі вельмі чакалі традыцыйнага паказу ў гарадскім доме культуры, дзе ўсім раздавалі доўгачаканыя “баульчыкі”. Яўка была стопрацэнтная нават у дні канікул, — з усмешкай адзначае Дзяніс Тарасюк.

Успамінае ён і тое, як выразаў выявы сініц з такой скрынкі ад салодкага набору, каб упрыгожыць імі акно ці люстэрка ў хаце. Нярэдка ў гэтых скрынках на працягу многіх гадоў захоўвалі навагодні антураж — бліскучы дожджык для ўпрыгожвання ёлкі або запасныя дэталі да навагодніх гірлянд.

— Ні адна з нашых часовых экспазіцый не спыняе свой аповед пасля завяршэння работы выставы. Экспанаты падарожнічаюць з музейных фондаў на факультатыўныя заняткі і ўрокі гісторыі, выкарыстоўваюцца падчас тэматычных мерапрыемстваў у школе. Штораз яны нагадваюць вучням, што гісторыя — гэта не толькі цікавы вучэбны прадмет. Гэта паняцце, актуальнае і характэрнае для ўсіх і ўсяго, уключаючы святочны кампанент, — адзначыў педагог.

Сямейная рэліквія

 У музейнай экспазіцыі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога цэнтра творчасці шмат адметных, рарытэтных рэчаў. Сярод іх і ўнікальная ёлачная цацка. У гэтага звычайнага шклянога шарыка зусім незвычайная гісторыя.

Ёлачную цацку прынёс навучэнец Антон Чабатароў, і ёй амаль восемдзясят гадоў. Яна не проста равесніца Перамогі, а сімвал мірнага жыцця.

— Шарык перад надыходзячым 1946 годам у магазіне горада Легніца набыў мой прадзядуля Пётр Яўцеевіч Чабатароў. Цацка — сямейная рэліквія, якая захоўвае памяць аб ім, — паведаміў юнак.

Антон беражліва бярэ шарык у рукі і з гордасцю расказвае аб сваім продку. Калі пачалася Вялікая Айчынная, Пятру Чабатарову было ўсяго васямнаццаць. Паспяхова прайшоўшы навучанне ў авіяэскадрыллі ў Самаркандзе, ён стаў ваенным лётчыкам.

— Баявы шлях прадзед пачаў у 1943 годзе з бітваў за вызваленне Вінніцы. Там жа сустрэў прабабулю: усяго праз некалькі месяцаў пасля знаёмства яны пажаніліся і з той пары былі неразлучныя. Прадзед вызваляў Польшчу і Прыбалтыку, удзельнічаў ва ўзяцці Берліна, мае шэраг узнагарод. Службу ён працягнуў і пасля Перамогі, — адзначыў Антон Чабатароў.

Напярэдадні доўгачаканага мірнага Новага года ў маладой сям’і Чабатаровых нарадзіўся сын. Нягледзячы на ўсе цяжкасці таго часу, усім хацелася свята.

— Той Новы год святкавалі ўсёй авіячасцю. Для ўпрыгожвання ёлкі кожны прынёс тое, што мог. Менавіта тады прадзядуля набыў залацісты шкляны шарык з выявай казачнай птушкі. Пасля Польшчы Пётр Яўцеевіч быў накіраваны ў беларускі Быхаў, лётаў на самалётах ІЛ-4, ЛІ-2, ТУ-4, ТУ-16. А ў 1959-м пры выкананні службовых абавязкаў трагічна загінуў разам са сваім экіпажам. Прадзядулі даўно няма, асабістых рэчаў ад яго засталося зусім мала, і гэтая цацка для нашай сям’і вялікая каштоўнасць.

Штогод, калі ўпрыгожвалі ёлку, шарык нязменна ўрачыста вешалі першым, а здымалі апошнім — у знак павагі да Пятра Яўцеевіча. Гэты шарык станавіўся нагодай пагартаць сямейны альбом, з падзякай успомніць прадзеда і ўсіх салдат-пераможцаў, якія падарылі нам мірнае і шчаслівае сёння, — падкрэсліў Антон Чабатароў.

Гісторыя ў цацках

Як мяняўся знешні выгляд савецкай прыгажуні ёлкі, якія ўборы яе аздаблялі? Пра гэта цікава расказвае экспазіцыя навагодніх цацак у Краснадворскай сярэдняй школе Салігорскага раёна.

— Навагодняя цацка — гэта не толькі атрыбут зімовага свята, але і частка гісторыі нашай краіны. Яна мянялася ў сувязі з падзеямі, якія адбываліся ў грамадстве, у ёй адлюстроўваліся дасягненні часу, — расказвае заснавальнік экспазіцыі кіраўнік школьнага музея “Спадчына” Людміла Сацкевіч.

У даваенны перыяд выпускаліся цацкі ў выглядзе дырыжабляў з надпісам “СССР”, шары з сярпом і молатам, цацачныя фігуркі спартсменаў і піянераў, дзяцей у нацыянальным адзенні рэспублік Саюза.

У вялікай модзе былі “сельскагаспадарчыя” цацкі: кукуруза, гронкі вінаграду, агуркі і памідоры. Усе гэтыя цацкі рабіліся практычна ўручную. Затым пачалася струменевая вытворчасць, але і такія цацкі былі вельмі цікавымі: ледзяшы, сняжынкі, кропелькі і многія іншыя. Напрыклад, у 1950-я гады была мода на шкляныя каралі, цацкі-гадзіны.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах ёлкі ўпрыгожвалі фігуркамі, якія майстравалі з пагонаў, бінтоў, шкарпэтак. Цацкі таксама выпускаліся ў абмежаванай колькасці. Упрыгожванне ёлкі да Новага года было абавязковым — гэты абрад нагадваў аб мірным жыцці і надаваў сіл спадзявацца на хуткую перамогу. “Ваенныя” ёлкі ўпрыгожваліся “салдацікамі”, “танкамі”, “пісталетамі”, “сабакамі-санітарамі”. Нават Дзед Мароз на навагодніх паштоўках біў фашыстаў…

Да сярэдзіны XX стагоддзя асартымент ёлачных цацак стаў вельмі багатым, і ў іх было ўкладзена шмат фантазіі. З пасярэбранага кардону штампавалі разнастайных птушак і звяроў. Некаторыя цацкі выпускаліся на прышчэпках. Цяпер карыстаюцца попытам сучасныя цацкі — знакі года.

Навагодняя экспазіцыя школьнага музея прадстаўляе вялізны асартымент савецкіх упрыгажэнняў для ёлкі, у якой адлюстравана цэлая эроха, гісторыя краіны.

Падрыхтавалі Сяргей ГРЫШКЕВІЧ, Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА, Кацярына МАЦЕВІЧ, Ганна СІНЬКЕВІЧ, настаўніца пачатковых класаў Краснадворскай сярэдняй школы Святлана КЛІШЭВІЧ
Фота аўтараў