Цудоўны падарунак да навагодніх свят атрымалі педагогі Магілёва і Бабруйска. Ад кіраўніцтва воблаці настаўнікам ва ўрачыстай атмасферы перадалі ключы ад арэндных кватэр. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Жыллёвыя ўмовы ў найбліжэйшы час змогуць палепшыць шаснаццаць педагогаў. Сярод іх як вопытныя настаўнікі, так і маладыя спецыялісты. У ліку навасёлаў — настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Магілёва Хрысціна Філіпенка.
Для настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Магілёва Хрысціны Філіпенка і яе сям’і кватэра была марай, якая ажыццявілася пад Новы год
— Разам з мужам і двума дзецьмі доўга жылі ў інтэрнаце. Умовы там не самыя спрыяльныя, не хапала і плошчы. Уласнае жыллё было сапраўднай марай. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, напярэдадні Новага года яна цудоўным чынам ажыццявілася. У кватэры тры пакоі з сучасным рамонтам, у кожнага з нашай сям’і цяпер будзе асабістая прастора. Вельмі спадабалася планіроўка. Зараз прадумваем, якую мэблю трэба купіць, як зрабіць кватэру ўтульнай. Праз некалькі месяцаў плануем поўнасцю пераехаць, — падзялілася Хрысціна Мікалаеўна.
Шчаслівым уладальнікам арэнднай кватэры стаў таксама настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Бабруйска Аляксей Косаў. Малады чалавек у працэсе педагагічнага станаўлення. Пяць гадоў ён выкладаў у 1-й школе Асіповіч, а пасля вырашыў перабрацца ў Бабруйск.
— Паехаў услед за каханай дзяўчынай, якая працуе ў медыцыне. І зусім не чакаў, што атрымаем кватэру настолькі хутка. Калі патэлефанавалі з паведамленнем аб уручэнні ключоў, неверагодна ўзрадаваліся. Парадавала і размяшчэнне нашага дома. Ён знаходзіцца ў новым мікрараёне горада. Тут развітая інфраструктура, няма праблем з грамадскім транспартам. У кватэры зроблены выдатны рамонт — купім неабходную мэблю і будзем пераязджаць. Ужо нават плануем афіцыйна стварыць сваю сям’ю. Кватэра двухпакаёвая: месца хопіць і для нас, і для будучых дзетак, — расказаў Аляксей Дзмітрыевіч.
Прыемнымі клопатамі па ўладкаванні жылля займаецца і настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 17 Магілёва Наталля Галуза. Дзяўчына — малады спецыяліст. Родам яна з Мінскай вобласці, але пасля заканчэння МДУ імя А.А.Куляшова засталася па размеркаванні ў горадзе на Дняпры.
— Эмоцыі ад атрымання ключоў не перадаць словамі. Я пакуль раблю першыя крокі ў прафесіі. Атрымаць на гэтым этапе ўласнае жыллё — вялікае шчасце. Кватэра светлая і прасторная. Ні аб якіх бытавых момантах думаць не трэба. Можна поўнасцю засяродзіцца на галоўнай прафесійнай задачы — падрыхтоўцы да ўрокаў, якасным навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, — падкрэсліла Наталля Алегаўна.
Як заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, у рэгіёне распрацоўваюцца дадатковыя механізмы сацыяльнай падтрымкі настаўнікаў. У прыватнасці, будзе прадоўжана практыка прадастаўлення педагогам арэнднага жылля. У 2025 годзе запланавана будаўніцтва двух дамоў для настаўнікаў на 40 і 64 кватэры. У перспектыве жыллё будзе выдзяляцца ва ўсіх раёнах.
— Паспяховае развіццё сістэмы адукацыі ў многім залежыць ад кадраў. І тут вызначальна не проста стабільнае працоўнае месца, а і забеспячэнне жыллём, — падкрэсліў Андрэй Барысавіч. — Асабліва гэта важна для замацавання маладых спецыялістаў. Гэта ключавы фактар для таго, каб маладыя педагогі звязвалі жыццёвыя і прафесійныя планы з Магілёўшчынай.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара