Беларуская выцінанка са снежня мінулага года ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У ліку майстроў, якія адрадзілі традыцыйнае народнае мастацтва і перадаюць наступным пакаленням яго сакрэты, — віцяблянка Таццяна Лабунова.
Мая суразмоўніца больш за 30 гадоў вядзе заняткі ў студыі “Таццянка” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ўваходзіць у Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, з’яўляецца аўтарам вучэбных праграм і метадычных дапаможнікаў, лаўрэатам шэрага рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Многія яе вучні — пераможцы гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх выстаў, конкурсаў і фестываляў. Работы студыйцаў экспанаваліся ў “Горадзе майстроў” у рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
— Таццяна Анатольеўна, калі вы стварылі сваю першую выцінанку?
— Складана вызначыць пункт адліку, іх некалькі. Сняжынкі ў дзяцінстве я выразала, але выцінанкамі мы іх не называлі. На першай вучнёўскай выцінанцы-капіраванні ў мяне атрымаўся ўдалы такі певень, прыгажун! З маіх першых выцінанак хочацца вылучыць “Калядную зорку”, “Вячоркі”, “Гуканне вясны”. З больш позніх — трыпціхі “Ад Каляд да Масленіцы” і “Каваныя карункі Віцебска”, серыю “2000 гадоў хрысціянства” з сямі работ, афармленне батлеечных спектакляў.
— Напэўна, пеўня рабілі ў студэнцкія гады, пад кіраўніцтвам выкладчыка?
— Час вучобы на нашым знакамітым віцебскім мастграфе лічу адным з лепшых перыядаў свайго жыцця. Потым не раз з удзячнасцю ўспамінала выкладчыкаў, таму што базу ведаў, уменняў яны нам далі моцную. Але выцінанка тады не ўваходзіла ў праграму. Прызнацца, увогуле такога слова не чула, пакуль у 1994 годзе не прыйшла вось сюды працаваць. Планавала займацца інкрустацыяй саломкай, але вельмі дарэчы атрымала каштоўную параду ад старэйшай калегі Мілды Кадэтавай: “Каб прывабіць дзяцей, аднаго напрамку будзе малавата. Вазьміце яшчэ выцінанку”.
На Віцебшчыне пабачыў свет метадычны зборнік “Жить, чтобы творить”, прысвечаны майстру выцінанкі Таццяне Лабуновай. Артыкул пра яе ўвайшоў і ў біяграфічны даведнік “Хто ёсць хто ў Беларусі”.
— Пагадзіліся?
— Сядзела і моўчкі слухала. Мая суразмоўніца вельмі добразычліва, з даверам да мяне аднеслася. А мне было сорамна, што я не разумела, аб чым мы гаворым! Нарэшце выціснула з сябе, што выцінанкай я ніколі не займалася. І Мілда Стэфанаўна дала мне ў карыстанне неацэнны наглядны дапаможнік — друкаваны каляндар, аформлены работамі цудоўнага майстра Ніны Сакаловай-Кубай. Па іх я вучылася: гледзячы на выцінанку, спрабавала яе паўтарыць. Гэта дастаткова складана і патрабуе развітога прасторавага мыслення, каб уявіць будучы малюнак, правільна скласці паперу і выразаць, асабліва сюжэтныя ўзоры. Увогуле мне бліжэй менавіта сюжэтныя кампазіцыі. Таксама падабаецца спалучаць выцінанку з пэўным канструктыўным рашэннем у арыгінальным дызайне. Так было, напрыклад, з фігурнымі паштоўкамі і дэкаратыўнымі падвяснымі птушкамі. Гэта мая аўтарская фішка — абярэг на шчасце, сімвал палёту думкі і фантазіі.
— Літаральна з чыстага ліста вы пачалі займацца выцінанкай, а праз тры гады з невялікім ужо вялі па ёй курсы для майстроў з усёй Віцебшчыны. Гэта здаецца неверагодным…
— Тым не менш факт. Калі я толькі ўзялася за выцінанку, калегі падказалі мне звярнуцца па дапамогу ў абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Там перыядычна праводзіліся курсы для работнікаў культуры па саломапляценні, кераміцы, іншых напрамках традыцыйнага беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Я хацела наведаць курсы па выцінанцы. Прыйшла, а мне адмовілі: не было майстра, але нагрузілі мяне карыснай дапаможнай літаратурай. Потым я ўсюды шукала інфармацыю і вучылася, займалася з дзецьмі. Справа паступова пайшла на лад: не толькі я сама, але і мае вучні сталі паспяхова ўдзельнічаць у выставах, творчых конкурсах. Аднойчы мне патэлефанавалі… каб запрасіць весці тыя курсы павышэння кваліфікацыі! Не змагла адмовіць, давялося выкладаць.
— Не рызыкоўна было браць на сябе такую адказнасць?
— Вучыла таму, што ўмела і як умела, пэўны вопыт у мяне назапасіўся. Хаця баялася спярша, бо на заняткі прыязджалі спрактыкаваныя ў народных рамёствах майстры, часам нават кіраўнікі ўстаноў культуры. Аднак жа людзі засталіся задаволены. У асноўным мы выразалі плоскасныя работы, паштоўкі. Якраз тады апрабавалі і маіх падвясных птушак. Вобразна кажучы, разляцеліся яны па ўсёй вобласці, прыжыліся ў раёнах, птушанятамі абраслі. У той час намаганнямі Уладзіміра Каваленкі, выкладчыка кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ВДУ імя П.М.Машэрава, выцінанка ўвайшла ў вучэбную праграму. Пазней Уладзімір Іванавіч уключыў мае распрацоўкі і, у прыватнасці, схемы вырабу аб’ёмных птушак у вучэбны дапаможнік. Па прапанове вядомага мастацтвазнаўца Яўгена Сахуты мы правялі абласны конкурс выцінанкі — упершыню ў Беларусі! Я ўдзельнічала ў ім разам са сваімі вучнямі. У той жа год уступіла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
— Што матывуе дзяцей займацца выцінанкай?
— Ім цікава вучыцца бачыць і ствараць прыгожае. Дзеці любяць выразаць сняжынкі і сурвэткі.
Вялікая зала, дзе ўстаноўлена галоўная навагодняя ёлка нашай установы адукацыі і праходзяць святочныя ранішнікі, па традыцыі дэкарыруецца выцінанкамі маіх вучняў — для нас гэта ганарова і адказна.
На гуканне вясны заўсёды робім падвясных птушак, а на Каляды — анёлкаў. У нашай студыі два напрамкі: выцінанка і мастацкая апрацоўка скуры. Мы навучыліся спалучаць некаторыя элементы, прыёмы выцінанкі з сугучнай тэхнікай перфарацыі скуры. Безумоўна, немалаважная роля ў матывацыі дзяцей належыць поспеху, прызнанню таленту і вынікаў іх працы. Конкурсы ў дапамогу! Так, зусім нядаўна наша Кіра Прыгожая з работай “Лясныя карункі” заняла 1-е месца ў XV гарадскім конкурсе па выцінанцы “Ажурныя фантазіі”. Калі гаварыць пра рэспубліканскі ўзровень, то ў “Каляднай зорцы” мы практычна штогод становімся пераможцамі ці прызёрамі.
— Які, па-вашаму, характар у выцінанкі?
— У нечым навагодні, напоўнены радасным чаканнем дзівоснага. Наравісты, непрадказальны. Перад тым як разгарнуць гатовую выцінанку, ты не ўяўляеш вынік поўнасцю: сюрпрыз! Хаця здараецца, што работа не атрымліваецца. Неасцярожна разануў, памыліўся — ужо не выправіш. Таму характар у выцінанкі, думаю, яшчэ і прагматычны: кожнаму па справядлівасці. Выцінанка прывучае да педантычнасці, стараннасці, развівае ўважлівасць, цярпліваць, далікатнасць. Беларуская выцінанка не сказаць каб старадаўняя ў параўнанні з іншымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, разам з тым яна наскрозь прасякнута народнай сімволікай. Ты амаль фізічна адчуваеш, што дакранаешся да спрадвечнага, сакральнага, магутнага — да сваіх вытокаў! Я не чытаю дзецям лекцыі на занятках, яны не вядуць канспекты, не здаюць залікі ці экзамены. І ўсё ж у працэсе работы мае вучні ўбіраюць у сябе нацыянальныя традыцыі — праз практыку.
— Дзе бераце сюжэты?
— Крыніцай натхнення можа паслужыць што заўгодна — падзея, з’ява, прыгожы арнамент. Спачатку з’яўляецца цэнтральная ідэя, узнікае бачанне твора. Потым трэба прадумаць, як увасобіць задуманае ў рэальнасць. Працаваць з выцінанкай можна двума спосабамі. Малодшыя дзеці выразаюць па прынцыпе “куды рука павядзе”, без папярэдняга малюнка. Са старэйшымі мы звычайна робім эскіз: прамалёўваем кампазіцыю, вызначаем, дзе будзе яе цэнтр, як размесцяцца ажурныя элементы. Без канструктарскіх навыкаў тут не справіцца.
Характэрная рыса беларускай выцінанкі — гэта суцэльная работа. Узяў гатовую за адзін краёчак, і яна поўнасцю ў цябе ў руках.
Канечне, прасцей выразаць асобна дрэва ці домік і скласці іх у кампазіцыю, толькі ж атрымаецца ўжо не наша традыцыйная выцінанка.
— Хлебапёкі сцвярджаюць, што нельга з дрэнным настроем за цеста брацца. А за выцінанку?
— Відаць, так у любой справе, а тым больш у мастацтве, дзе майстар укладвае ў твор часцінку сябе. З іншага боку, не ўсё адназначна. Бывае, возьмешся за выцінанку — і настрой мяняецца, думкі пераключаюцца на пазітыў. Гэта своеасаблівая арт-тэрапія.
— Студыя названа па вашым імені?
— Калі выбіралі сабе назву, штосьці больш крэатыўнае за “Кушнерку” не прыдумвалася, а быць банальнымі “Умелымі ручкамі” не хацелася. Тады да справы падключыліся метадысты: будзе “Таццянка”. Яны патлумачылі, што ёсць такі беларускі народны танец. Атрымалася проста і з густам. Я доўга не пагаджалася, а дзеці на ўра падхапілі ідэю. Толькі ж пра танец не думалі. Для іх хадзіць у “Таццянку” — значыць на заняткі да Таццяны Анатольеўны.
— Танцавальную “Таццянку” спрабавалі ў работах абыграць?
— Многафігурныя кампазіцыі, дзе людзі кружацца ў танцы, мы ў студыі выразалі неаднойчы. А была работа з нечаканым для мяне сюжэтам, мяне “абыгралі”! Раней я працавала ў сярэдняй школе №3 Віцебска імя Л.М.Бяліцкага. З калектывам трымаю сувязь, там засталіся мае аднакурснікі і працуе таленавітая маладая настаўніца Рэната Навуменка, якая займаецца выцінанкай. Калегі з вучнямі захацелі падрыхтаваць пра мяне работу на конкурс, прысвечаны вядомым людзям нашага рэгіёна. Не скажу, што ахвотна пагадзілася, але ўгаварылі. Да нас у студыю прыходзілі школьнікі, бралі інтэрв’ю, я правяла для іх майстар-клас. Па фота яны намалявалі мой партрэт акварэллю і дабавілі элементы выцінанкі. Перамаглі, дарэчы. А нядаўна ўручылі мне сваю работу. Гэта самы запамінальны падарунак на Новы год…
Таццяна Бондарава
Фота аўтара
Інфаграфіка БелТА