Народны фальклорны гурт з прыазёрнай вёскі Дрысвяты, у складзе якога пераважна педагогі, летась адзначыў 35-годдзе. Чаму і ў аграсядзібе “Асалода” часта гучаць музыка і спевы, дзе яшчэ выступаюць энтузіясты, як успрымаюць свет і сябе ў ім — пра гэта раскажам ніжэй.
На самым краі роднай зямлі
Уявіце сабе: выходзіце з машыны — а насустрач бадзёрая музыка, вітальныя спевы, усмешкі людзей у народных строях. І ўсё гэта ў глыбінцы, на беразе Дрысвят-возера. Нават ветрык нібы прыціх-прыслухоўваецца: што тут адбываецца пры вогнішчы? А ў катле ж і юшка варыцца… Вось так хораша сустракаюць гасцей у Дрысвятах, пры аграсядзібе “Асалода”, гаспадыня ў якой — настаўніца музыкі і спеваў Таццяна Трыдзенская, акардэаністка з “Вярбы”.
Дваццаць гадоў гуртом кіравала Эмілія Шавэла (сядзіць), цяпер на чале “Вярбы” Сяргей і Тэрэза Гламбоцкія (ён сядзіць, яна стаіць пятая злева)
…Адкруцім крыху назад стужку падзей. Начальнік аддзела па адукацыі Браслаўскага райвыканкама Людміла Каптур перад камандзіроўкай прапанавала мне сустрэцца з яе калегамі з гурта “Вярба”. Ён добра вядомы ў рэгіёне і за яго межамі. “Выключна цікавыя, творчыя людзі!” — сказала Людміла Іванаўна. Параіла паглядзець дакументальны фільм “Дрысвяты: песня і лёс”, дзе галоўная гераіня — Эмілія Шавэла, былая настаўніца гісторыі і стваральніца “Вярбы”, 20 гадоў кіравала гуртом і цяпер у яго творчым ядры. Пазней, у Браславе, Людміла Каптур прызналася: “Ой, перажывала, калі фільм прадставілі на рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў”. Вельмі ж хацелася ёй, каб журы належным чынам ацаніла глыбокі, душэўны, маляўнічы кінатвор, у якім адлюстравана прыгожая душа Эміліі Лявонаўны, побыт яе землякоў. І фільм не проста ўшанавалі гран-пры, а назвалі ўзорам высокага мастацтва!
І вось едзем да той настаўніцы і яе сяброў па гурце. За рулём — Павел Радзэвіч, “вярбовец” і, як аказалася, пляменнік Эміліі Лявонаўны. Быў пажарным у Дрысвятах, у раённай сістэме МНС, цяпер — загадчык па гаспадарчай частцы ў Опсаўскай сярэдняй школе. Там і жонка працуе, бо школа ў Дрысвятах закрылася. У Опсе пабылі, з Аленай Уладзіславаўнай знаёміліся па дарозе. Яна выкладае родную мову і літаратуру, спявае ў “Вярбе”.
Наконт падзагалоўка: Дрысвяты і ёсць на ўскрайку беларускай зямлі — у пагранзоне пры возеры, на тым беразе якога Літва, бачны трубы Ігналінскай АЭС. Гадоў 15 яна ўжо не працуе, і аднавіўся цеплавы рэжым возера, з-за парушэння якога яно моцна зарастала.
Уся школа іграла!
“І што ж вам расказаць?..” — прысаджваючыся за стол ва ўтульнай святліцы “Асалоды”, пытаюцца Эмілія Лявонаўна і яе сябры. Пачалі з каранёў, з таго, як у Дрысвятах вырасла “Вярба”. І яна прыгадала: у 1986-м прыехала ў Дрысвяцкую школу працаваць настаўніцай музыкі і спеваў, а сама родам “з Іванішак: гэта кіламетраў за 15 адсюль у бок Відзаў”…
Эмілія Шавэла скончыла музпедвучылішча ў Гродне па спецыяльнасці “Народныя інструменты”, іграе на мандаліне, баяне. Выкладаючы музыку і спевы, завочна вучылася, атрымала дыплом гістфака Мінскага педінстытута. “Пазней і наша Таня, гаспадыня сядзібы, там вучылася: гэта вучаніца мая, — удакладняе Эмілія Лявонаўна. — Яна і школьніцай іграла. Ды не толькі мы: уся школа іграла! Нават аркестр свой быў”.
З далейшай размовы стала зразумела: вялікім энтузіястам спеваў і музыкі быў тагачасны дырэктар школы Віктар Паўлавіч Зуеў, бацька Таццяны. “Як прыйшла я, то ў музычнае жыццё і акунулася, — прадаўжае Эмілія Лявонаўна. — Вельмі пашанцавала мне на такі творчы калектыў. Сам дырэктар іграў на саксафоне, баяне і кларнеце. Іван Карлавіч Гідзюн, ён тут з намі, на акардэоне, Аляксандр Антонавіч Бартошка — на струнных, Мікалай Сцяпанавіч Панькін — на акардэоне. Мы стварылі школьны настаўніцкі аркестр. Напрыканцы 80-х нават на “Славянскім базары ў Віцебску” выступалі, на агляд абласны ездзілі — па прафсаюзнай лініі”.
Рэпертуар быў самы розны. Любілі вальсы, напрыклад, “Амурские волны”, прыгожа гучала руская песня “Степь да степь кругом”… Аркестр з народным каларытам: балалайкі, мандаліны… Беларускія мелодыі, песні таксама ў рэпертуары былі: “Крыжачок” ды іншыя. “Што нам прыдумаецца-спадабаецца, тое і ігралі”, — з усмешкай адзначае спадарыня Эмілія. На ўсе Дрысвяты — і шырэй — былі музычныя святы ў тую пару: яшчэ за савецкім часам. Настаўнікі ладзілі канцэрты для землякоў, па раёне выступалі. А калі з гадамі адыходзілі педагогі-музыканты, то школьны аркестр перарос у фальклорны гурт “Вярба”. Гэта добрае сведчанне таго, што з любоўю пасеянае абавязкова прарастае і дае добрыя плады.
Свой творчы почырк
Здорава, што ў свой час Эмілія Шавэла змагла творча скарыстаць музычны патэнцыял школы — і развіць яго ў іншай форме. “У 1998-м, здаецца, мы ўпершыню праходзілі атэстацыю на званне народнага фальклорнага гурта, хоць у 1989-м ужо выступалі як гурт “Вярба”, — успамінае былая кіраўніца. — Змяніліся стылістыка, фармат выступленняў, але ўсё рабілася з музычным суправаджэннем. У нас былі цэлыя спектаклі: мы інсцэніравалі мясцовыя легенды і паданні, увасаблялі на сцэне мясцовыя абрады “Вячоркі”, “Жаніцьба Цярэшкі” і іншыя. Калі шукалі, як кажуць, сваё аблічча, то нас папрасілі з райаддзела культуры сабраць і рэканструяваць аўтэнтычныя абрады. Гурт не адразу стаў фальклорным: гэта быў цэлы шлях. Першае, што паставілі, былі вячоркі пад назвай “Мацей і Аўдзей на вячорках у Хрысці”. Потым быў абрад “Уваходзіны ў хату”: распытвалі ўсё да дробязей у мясцовых старажылаў і адаптавалі да сцэны”.
На той час Эмілія Лявонаўна вяла гісторыю ў школе і займалася з вучнямі краязнаўствам. Паступова назбіралася шмат аўтэнтычнага матэрыялу, з якога яна рабіла сцэнарыі для фальклорных пастановак. “Работа захапляла ўсіх: як настаўнікаў, так і вучняў, — расказвае жанчына. — Гэта жывая калектыўная творчасць. Размяркоўвалі ролі, па ходзе нешта рабілі пад канкрэтных людзей.
Мы вылучаліся на фоне іншых гуртоў, якія пераважна проста спявалі. А ў нас жа былі песні, танцы, сцэнічнае дзеянне, розыгрышы, гульні. Мы і песні мясцовыя тэатралізавалі. Калі ў іх згадваюцца дзяўчына і хлопец, то яны і на сцэне, спачатку мы іх бачым у нейкім дыялогу. У такім выпадку песні гучаць як эпізоды з жыцця: такога ў іншых не было”.
Вярба гнецца, ды не ломіцца
Не толькі распаўсюджанасць вярбы ў Паазер’і, але і яе жыццеўстойлівасць бралася пад увагу, калі падбіралі назву для гурта. “У 90-я было няпростае жыццё, то мы разважалі: вярба — такое дрэва, што як гнеш яго, то яно гнецца, ды не ломіцца, — гаворыць Эмілія Лявонаўна. — Ёсць у слове асацыяцыі і з хрысціянскай Вербнай нядзеляй. Для беларусаў вярба заўсёды побач, многа песень пра яе. І самая першая была ў гурце “А ў полі вярба”. Так усё пайшло-павялося, і нам спадабалася: прыжылося”.
Людзі, аднак, не дрэвы: нам не заўсёды хапае жыццёвай стойкасці. Успамінаючы атэстацыю гурта на званне фальклорнага і народнага, былая настаўніца згадала пастаноўку па мясцовым паданні. Яно — пра каханне панначкі, дачкі мясцовага пана, і парабка. Разлучаная з каханым панначка з гора наклала на сябе рукі. Ролю тую ўдала сыграла ў пастаноўцы Таццяна Зуева, у замужжы Трыдзенская. “Такая кранальная і шчырая была Таня — аж да слёз…” — гаворыць Эмілія Шавэла.
Пытаю ў Таццяны, як прыйшла яна ў “Вярбу”. “А я заўсёды ў ёй была: яшчэ школьніцай, — адказвае яна. — Бацька, дырэктар школы, жыў музыкай, хоць быў па адукацыі фізік і матэматык. Ён мяне ў дзяцінстве сем гадоў адвозіў у музычную школу ў Відзы. І гэта яго вялікая заслуга, што я цяпер іграю. Я вучылася на піяніна іграць, а неяк дырэктар музшколы Горасаў, з якім бацька сябраваў, даў яму акардэон, потым паказаў мне басы. Ён сказаў: “Гэта можна з сабой заўсёды ўзяць, а піяніна — не”. І ўжо ў 6 класе я ўмела іграць на акардэоне. Мы ў школе заўсёды шмат выступалі. Калі да нас прыйшла Эма Лявонаўна, то рабілі з ёй суперскія выступленні агітбрыгад: займалі 1-я месцы ў раёне. І Паша Радзэвіч там быў: старэйшы за мяне на год. Я паступіла ў Віцебскі педінстытут у 1989-м на факультэт пачатковага навучання і музыкі, вярнулася пасля вучобы ў Дрысвяты — выкладала тут 20 гадоў музыку і спевы. Першы год як школа закрылася: няма каго вучыць. Цяпер езджу ў Опсаўскую, вяду яшчэ заняткі ў дзіцячым садзе”.
Яе маці, Леаніда Піліпаўна, выкладала ў Дрысвяцкай школе гісторыю, была выхавальніцай у прышкольным інтэрнаце. Яна і ў “Вярбе” іграла на лыжках. Жыве ў Браславе, і калі гурт выступае там, то і яна часта побач з сябрамі.
Расказваючы пра пастаноўку з Панначкай і той сцэнічны вобраз, Таццяна з усмешкай прызнаецца: “І ў мяне было першае каханне — у школе, і яно вось у гэтай хаце жыло… Не ўсё гладка складвалася, але ж мы сёння з маім Юрыем разам. Я вярнулася ў Дрысвяты, а каханага рамантыка вабіла ў свет. Скончыў мараходку, пахадзіў па морах — і сюды вярнуўся: працаваў у пажарнай часці мясцовай службы МНС. Ужо трыццаць гадоў як мы пажаніліся”.
Цяпер Юрый і Таццяна Трыдзенскія паглыбляюцца ў новую для іх справу: прымаюць гасцей у прыгожым месцы над возерам. Прычым у іх аграсядзібе “Асалода” ладзяцца і культурныя праекты. У некаторых з іх удзельнічае гурт “Вярба”. Скажам, Таццяна ладзіла ўлетку для гасцей прыгожае Купалле.
“І ўсе мне тут родныя людзі”
Па ходзе размовы Эмілія Шавэла згадала пра чорную паласу ў яе жыцці, калі амаль штогод былі пахаванні блізкіх людзей: “Таму фізічна, маральна цяжка было кіраваць гуртом. Я нават не магла баян узяць у рукі… А добрая творчая форма патрабуе рэпетыцый, выступленняў — інакш усё страчваецца… Шукала-думала, каму перадаць гурт. “Вярба” ж як частка мяне, як маё дзіця. Шмат сіл і часу ўкладзена, і ўсе мне тут родныя людзі. Таму я і зараз скажу, і заўсёды казала: я вельмі ўдзячна Тэрэзе і Сяргею Гламбоцкім, што адважыліся ўзяць “Вярбу” пад сваю апеку. Такіх кіраўнікоў, як яны, яшчэ пашукаць трэба. Вельмі таленавітыя абое, прычым ва ўсім. Напрыклад, могуць вершы скласці, калі трэба, людзей падахвоціць альбо стол накрыць — і гэта важная частка ў жыцці творчай талакі. Выпечка ў Тэрэзы цудоўная, проста казачная! І творчы кірунак дзейнасці гурта не змяніўся”.
Дваццаць гадоў кіравала гуртом заснавальніца Эмілія Шавэла і перадала справу калегам. Муж і жонка Гламбоцкія — педагогі, працуюць у Відзаўскай сярэдняй школе.
“Эмілія Лявонаўна і мая настаўніца, — гаворыць Тэрэза Уладзіславаўна. — Яна спачатку працавала ў школе ў Гірэйшах, дзе я вучылася, а потым пераехала ў Дрысвяты. Мы з Сяргеем у 1991-м настаўнікамі ўжо вярнуліся ў маю вёску і там працавалі. Аднойчы вечарам патэлефанавала Эмілія Лявонаўна і запрасіла ў гурт “Вярба”. Хоць і знянацку, але ж вельмі прыемна было такое пачуць: мы спяваць любім, у студэнцтве і ў самадзейнасці ўдзельнічалі. Заканчвалі Аршанскае педвучылішча, я настаўніца пачатковых класаў, музыку як умела ў школе выкладала, крыху на баяне іграла… Так і ўліліся ў гурт: з ім ездзілі, спявалі-танцавалі. Перажывалі, калі творчае жыццё ў “Вярбе” замерла, і адгукнуліся на просьбу-прапанову гуртом кіраваць — было тое ў 2012-м”.
Спачатку Гламбоцкія адпрацавалі матэрыял, асвоены і назапашаны гуртом, аўтэнтычныя мясцовыя песні ў тым ліку. Спявае “Вярба” папулярныя беларускія песні, а таксама складзеныя ў гурце: гэта як мясцовы фальклор. Ёсць у рэпертуары гульні, народныя танцы. З Эміліяй Лявонаўнай кіраўнікі заўсёды ў кантакце. Скажам, калі рабілі сцэнічныя пастаноўкі абрадаў, то з ёй кансультаваліся. А праца вялікая: з вясельных абрадаў паставілі “Заручыны”, “Праводзіны нявесты”, “Салодкае снеданне”. Зрабілі яшчэ “Уваходзіны ў новую хату”. Асвоены таксама “Зажынкі”, “Дажынкі”, прычым абрад праводзяць і ў палявых умовах.
“Вярба” ўжо 8 разоў удзельнічала ў тэлепраекце “Наперад у мінулае” — у Дрысвяты прыязджала творчая група. Дзякуючы гэтаму, некаторыя з “вербаўскіх” песень трапілі ў нацыянальны хіт-парад. Тое, вядома ж, дае імпульс артыстам для далейшай дзейнасці. “Мы трымаем добрую творчую форму, — падкрэслівае Тэрэза Гламбоцкая. — Абрадавыя дзеі паказваем на розных пляцоўках. Выступаем на мясцовым фэсце “Браслаўскія зарніцы”, на “Славянскім базары ў Віцебску”, на абласных “Дажынках” — у 2024-м у Бешанковічах. І там жа быў абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Галасы Радзімы” — мы занялі 3-е месца”.
Сяргей Гламбоцкі родам з-пад Барысава, у Оршы вучыўся на настаўніка працы і чарчэння, у Відзах цяпер выкладае працу і фізкультуру. Ён з усмешкай прыгадаў, як у 8 класе пісаў сачыненне пра Браслаўскія азёры — і вось жа лёс: жыве тут. Абедзьве дачкі Гламбоцкіх прайшлі праз “Вярбу”. Старэйшая Вольга, настаўніца матэматыкі і фізікі, таксама была на сустрэчы. “Яна “Вярбу” душой і тэхнікай падтрымлівае, а цяпер працуе на мытні”, — адзначае маці.
Вялікі кавалак жыцця
Выберам з таго, што пачута, некаторыя штрышкі.
Найбольш коратка пра сябе сказала Вераніка Іванаўна Гідзюн, жонка Івана Карлавіча, які іграе ў “Вярбе” на акардэоне. “За хвілінку ўсё раскажу, — пачала яна весела. — 30 гадоў у школе тэхработнікам — і вышла ўжо на пенсію. Усё!” На мае пытанні яна ўдакладніла, што і падлогі мыла, і лісце ля школы прыбірала, і фарбавала летам, і кветкі высаджвала — карацей, рабіла ўсё што трэба. Шмат часу адпрацавала, калі дырэктарам яшчэ быў Віктар Зуеў. Яна мясцовая, але ж паколькі “бабця з Даўгаўпілса была, карэнная латышка”, дык і ўнучка ў Снечкус ездзіла “шчасце шукаць”. “Але вось тут яго знайшла, Івана Карлавіча: яго родзічы за кіламетраў 12 ад маіх жывуць, — развіла думку Вераніка Іванаўна. — Мы разам 34 гады, спяваем у “Вярбе” гадоў 10. А муж даўно іграе на акардэоне”.
“Вераніка Іванаўна спявае, Іван Карлавіч іграе — таленавітыя абое” — пачуў я пазней. Запрасіў яго працаваць у школу Зуеў — пасля заканчэння ў 1986-м мастграфа Віцебскага педінстытута імя Кірава. “Выкладаў чарчэнне, маляванне, працоўнае навучанне, — пералічыў Іван Гідзюк. — Потым вучыўся ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску і атрымаў другую спецыяльнасць: “Настаўнік інфарматыкі і камп’ютарнага навучання”. А як школу тут закрылі, то я ўжо не настаўнік — мне ў мясцовым клубе ёсць занятак, я там іграю. Стараемся-рухаемся і, дзякуючы любімай жонцы, гаспадарку пакуль трымаем”. Дарэчы, рэпетыцыі “Вярбы” праходзяць на базе Дрысвяцкага ДК.
Увогуле, як бачым, сем’ямі “Вярба” моцная. У гурце чацвёра мужчын: Сяргей Гламбоцкі, Іван Гідзюк, Павел Радзэвіч і Леанід Марух. Апошняга ў “Вярбе” за талент называюць “народны артыст”, ён у ансамблі з самага пачатку.
Калі я спытаў у Веранікі Іванаўны, што значыць для іх гурт, яна адказала на поўным сур’ёзе: “Вялікі кавалак нашага жыцця — песня. Цяжка раней было, бо гаспадарка ж у нас: карова, свінні… Чацвёра дзетак гадавалі, таму і пазней прыйшла сюды… Адна з дачок у нас — фінансіст. Нам расказвала, як, бывае, па гадзіне вялікія сумы грошай лічыць… А раптам памыліцца? То мы, быў час, як у фільмах, чакалі, калі дом закладваць будзем. Грошы могуць прапасці, можа ўсё багацце ляснуць. А калі ў песню ўкладзеш сілы, душу, то заўжды яна цябе падтрымае — і яе ніхто не ўкрадзе”.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і асабістага архіва гурта “Вярба”