Яркія настаўніцкія лёсы. Пагартаем летапіс сярэдняй школы № 4 Рэчыцы разам з яе былымі педагогамі

- 9:00Главная, Новости

Школа — гэта не толькі і нават не столькі сцены, вучэбныя кабінеты, колькі людзі: настаўнікі, вучні, выпускнікі. А іх лёс — яркія старонкі гісторыі любой установы адукацыі, у тым ліку сярэдняй школы № 4 Рэчыцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Створана з любоўю

Менавіта з такімі людзьмі, ветэранамі педагагічнай працы, мне пашчасціла нядаўна пагутарыць за кубачкам чаю. Педагогі дзяліліся ўспамінамі пра ранейшае жыццё 4-й рэчыцкай школы, прыгадвалі калег, вучняў. Іх аповед, безумоўна, дапоўніць школьны летапіс. Наколькі ён багаты, паказала арыгінальная экспазіцыя музея гісторыі школы.

Для былых настаўніц фізкультуры Галіны Пятроўны Бандарэнка, рускай мовы і літаратуры Веры Кімаўны Васюк, англійскай мовы Валянціны Пятроўны Рахманавай (нашай першай гераіні рубрыкі “80 гадоў разам”) наведванне музея стала своеасаблівым падарожжам у часе, вяртаннем у мала­досць. Разам яны гарталі альбомы з фотаздымкамі выпускных класаў, разглядвалі атрыбуты школьнага жыцця ранейшых эпох. Асаблівую ўвагу прыцягнулі арыгінальныя граматы. Гэта цяпер узнагароды вучням за выдатную вучобу, поспехі ў спаборніцтвах можна без праблем раздрукаваць у вялізнай колькасці. А ў пасляваенныя гады кожная грамата стваралася нас­таўнікамі ад рукі. Яны былі штучным таварам, таму і атрымаць іх было асабліва ганарова.

Некалькі такіх грамат, першая з якіх датуецца 1946 годам, беражліва ўзяла ў рукі дырэктар школы Галіна Мікалаеўна Ушава. Асабліва цікавыя спартыўныя граматы. Ужо ў той час закладваліся спартыўныя традыцыі школы, вучні станавіліся пераможцамі гарадскіх і раённых спаборніцтваў. Па якіх відах спорту праводзіліся гэтыя спаборніцтвы, можна вызначыць па афармленні граматы. Калі па зімовых, то на ёй намаляваны фігуры спартсмена на каньках, лыжах, калі па лёгкай атлетыцы — бегуна і г.д.

Не меншай музейнай і мастацкай вартасцю валодаюць і старыя альбомы, з любоўю аформленыя настаўнікамі і вучнямі мінулых пакаленняў. Сапраўды ўнікальны альбом, створаны ў 1967 годзе настаўнікам геаграфіі Міхаілам Саламонавічам Васерштромам.

— Разам з вучнямі з нагоды 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ён прайшоў па месцах, дзе толькі адкрылі радовішчы нафты. Падчас паходу педагог рабіў замалёўкі нафтавых вышак, мясцовых краявідаў і нават нафтавікоў. Я працую ў школе з 1993 года і ўжо не застала Міхаіла Саламонавіча, аднак настаўніца геаграфіі Валянціна Іванаўна Морава расказвала, наколькі цікавым і ўнікальным чалавекам быў яе калега. Мы хацелі б сустрэцца з былымі вучнямі нашай школы, якія ўдзельнічалі ў тым паходзе, запісаць іх успаміны, — паведаміла кіраўнік музея настаўніца гісторыі Алена Кечка.

Уласным прыкладам

Упэўнены, у Алены Рыгораўны як вопытнага краязнаўца атрымаецца пагутарыць з удзельнікамі таго паходу. А пакуль што разам з ёй мы запісалі ўспаміны калег Міхаіла Саламонавіча. Наогул, удзел у паходах, любоў да спорту, актыўны лад жыцця ва ўсе часы былі галоўнай адметнасцю педагагічнага калектыву школы. Нядзіўна, што менавіта тут былі адкрыты адны з першых у вобласці спартыўныя класы. Вось што прыгадала Вера Кімаўна:

— Мае калегі не асабліва хацелі ісці выкладаць у спартыўны клас, я ж іх запэўнівала: “Яшчэ ўбачыце, якія там старанныя вучні”. І яны не расчаравалі. Настолькі адказных, разумных, выхаваных, працавітых дзяцей я ніколі не вучыла. У іх дзень быў распісаны літаральна па хвілінах. Раніцай прыходзілі ў школу, займаліся ў спартзале, потым снеданне, урокі, пасля чаго абед, трэніроўкі. Я неяк пацікавілася, калі ж яны робяць дамашнюю работу. Аказалася, пасля вячэрняй трэніроўкі. Па сваіх творчых і вучэбных здольнасцях яны нічым не саступалі дзецям, якія вучыліся ў фізіка-матэматычным класе. Гэты клас і пакідаў школу прыгожа. Такога яркага выпускнога я больш не бачыла.

Спартыўныя традыцыі школы закладвала і Галіна Пятроўна. Падчас нашай сустрэчы яна па­дзялілася з маладзейшымі калегамі сакрэтамі эфектыўнага правядзення ўрока, а таксама завая­вання аўтарытэту ў вучняў:

— Спорт — аснова жыцця. І калі ў мяне пыталі і бацькі, і нас­таўнікі, які школьны прадмет я лічу асноўным, то заўсёды адказвала: “Працоўнае навучанне і фізкультуру”. Не будзе здароўя ў дзіцяці — не атрымаецца з яго ні фізіка, ні матэматыка, а будзе здароўе — жыццёвы поспех гарантаваны. Дзеці пачынаюць любіць фізкультуру толькі тады, калі настаўнік з’яўляецца для іх прыкладам, умее не толькі добра гаварыць, але і паказваць, як трэба выконваць тыя ці іншыя нарматывы. Памятаю такі выпадак у 7 класе, а гэта быў клас карэкцыі. Дзяцей трэба было навучыць рабіць стойку на галаве і руках. Дайшла чарга да хлопчыка Паўлушы. А ён адмовіўся, сказаў, што баіцца. Стаіць і паказвае на мяне: “Няхай сама зробіць”. Дзе­ці на яго накінуліся, маўляў, паважай нас­таўніка, выконвай. Я іх спыніла, супакоіла. І паказала стойку. Пасля гэтага Паўлуша набраўся смеласці і таксама выканаў нарматыў. І дзейнічаць такім чынам мне даводзілася часта. Заўсёды трымала сябе ў добрай фізічнай форме, нават калі выходзіла на пенсію, магла спакойна сесці на шпагат.

Што тычыцца ходу ўрока, то і тут нас­таўніца прытрымлівалася свайго стылю. Напрыклад, пры здачы на вышэйшую катэгорыю падзяліла класы на аддзяленні і дала ім пэўныя заданні, якія дзеці выконвалі пад музыку. За ўвесь урок педагог не прамовіла ні слова. У яе быў толькі свісток і музыка. Калі прыйшоў час ацэньваць уменні і навыкі дзяцей, яна дастала не класны журнал, а стос картак з намаляванымі фігурамі. Кружочак азначаў пяцёрку, квадрат — чацвёрку і г.д. Яшчэ ў настаўніцы была традыцыя: пасля ўрока кожнаму вучню на выхадзе са спартзалы ўсміхнуцца і даць “пяць”.

— Я ніколі не дазваляла сабе гаварыць у адрас дзяцей крыўдныя словы, калі ў іх не атрымлівалася выканаць той ці іншы нарматыў. Не толькі таму, што гэта зніжала самаацэнку вучня, яго матывацыю да заняткаў фізкультурай. Такога настаўніка дзеці не любілі. Заўсёды была для вучняў дарадцам, давала жыццёвыя парады. Хлопчыкам, напрыклад, гаварыла, што ўменне адціскацца, падцягвацца спатрэбіцца ў арміі. Дзяўчат вучыла быць добрымі мамамі, жонкамі. За гэта часта чула падзяку ад бацькоў, — адзначыла Галіна Пятроўна Бандарэнка.

Каб табою ганарыліся

Былых настаўнікаў не бывае. Нават цяпер, завітаўшы ў школу на сустрэчу з журналістам “Нас­таўніцкай газеты”, Галіна Пятроўна не прамінула магчымасці зазірнуць у спартыўную залу. Было бачна, што прывычнае для яе настаўніцкае асяроддзе надало сіл, а з твару не сыходзіла ўсмешка. І праз многія гады пасля выхаду на пенсію яна змагла хутка заваяваць давер дзяцей: за лічаныя хвіліны пазнаё­мілася з імі і пачала аддаваць пас валейбольным мячом.

На развітанне ветэраны далі сённяшнім настаўнікам каштоўную параду: “Старайцеся праца­ваць так, каб, успамінаючы вас, людзі ганарыліся, што былі вашымі калегамі”.

***

Галіна Мікалаеўна Ушава, дырэктар сярэдняй школы № 4 Рэчыцы:

— Наша школа заўсёды славілася настаўнікамі. Моцнымі былі настаўнікі пачатковых класаў, англійскай мовы, матэматыкі, рускай мовы, гісторыі. Тут працавалі заслужаныя настаўнікі Беларусі. Сярод іх Аляксей Акімавіч Чэркас. У Рэчыцкім краязнаўчым музеі нават захоўваецца яго гальштук як ганаровага грамадзяніна горада. Ганарымся мы настаўнікамі і выпускнікамі — удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, Раісай Афанасьеўнай Курыленка, былой партызанскай сувязной, якая працавала настаўніцай пачатковых класаў, Міхаілам Саламонавічам Васерштромам, Барысам Філімонавічам Сіўко, Міхаілам Савельевічам Альшанскім, выпускніком нашай школы, а потым дырэктарам школы ў Ленінградзе. Варвара Пятроўна Выр­віч была ўдзельніцай Добрушскага камсамольска-маладзёжнага падполля. І, канечне, ганарымся калегамі, падчас работы якіх наша школа была на асаблівым рахунку ў горадзе і вобласці. Сярод іх і нашы сённяшнія ганаровыя госці, педагогі-ветэраны.

Сярэдняя школа № 4 Рэчыцы адкрыта ў 1937 годзе, а 1 верасня 1976 года пачаліся заняткі ў новым будынку. У 2021 годзе праведзены яго капітальны рамонт. У 1980—1990-я гады школа з’яўлялася апорнай у вобласці па матэматыцы і англійскай мове, тут былі створаны першыя на Гомельшчыне спартыўныя класы. Сёння багатыя традыцыі працягваюцца пад кіраўніцтвам дырэктара Галіны Мікалаеўны Ушавай.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара