У аршанскай школе № 9 прапанавалі ўпрыгожыць школьную форму беларускай маляванкай

- 9:00Главная, Новости

Як пытанне навучэнкі да настаўнікаў натхніла ўсіх ва ўстанове адукацыі на эксперымент, змяніла ўяўленні пра ідэальную школьную форму і падарыла новыя ідэі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказалі ў Оршы.

Натхненне на “Полі кветак”

Школьнае адзенне павінна быць сучасным, камфортным, прыгожым… А ў сярэдняй школе № 9 Оршы абавязкова дапоўняць: і пажадана, каб з маляванкай! Тут на практыцы пераканаліся, што строгі дзелавы стыль цудоўна спалучаецца з характэрным для Віцебшчыны відам народнага выяўленчага мастац­тва. Маляванка прызнана важнай часткай нацыянальнай культурнай спадчыны Беларусі і ўключана ў Дзяржаўны спіс історыка-культурных каштоўнасцей. Сярод найбольш вядомых аўтараў маляванак — мастакі Язэп Драздовіч і Фёдар Сухавіла. У маі 2023 года ў Заслаўі быў адкрыты першы ў краіне Музей беларускай маляванкі.

У аршанскай школе першай зацікавілася маляванкамі настаўніца выяўленчага мастацтва Юлія Пашынская, якая перадала сваё захапленне вучням. На занятках аб’яднання па інтарэсах аматары народнай творчасці паглыбіліся ў даследаванне маляванак, а потым самі паспрабавалі ствараць прыгожыя выявы фарбамі на тэкстыльнай паверхні. Яны арыентаваліся на вядомыя ўзоры, але нярэдка крыху адступалі ад канонаў, адаптуючы традыцыю да сучаснасці. Акрамя таго, паэксперыментавалі з дызайнам адзення. У выніку з’явілася калекцыя льняных сукенак з маляванкамі. Гэта было вельмі своечасова, бо ў Оршы якраз набіраў абароты фестываль беларускага лёну “Поле кветак”, дзе ў ліку цэнтральных падзей быў фэшн-паказ мадэлей адзення з ільняных тканін або з выкарыстаннем лёну. Школьная “Маляванка” пад кіраўніцтвам Юліі Ігараў­ны выступіла ўдала і была ўзнагароджана дыпломам лаўрэата. Потым удзельнікі аб’яднання па інтарэсах замацавалі поспех: на гэтым фестывальным мерапрыемстве яны практычна штогод у тройцы лідараў. Варта дадаць, што на “Полі кветак” маляванка на лёне — папулярны трэнд, які падчас фестывалю можна сустрэць на многіх рэчах. Найчасцей на адзенні і аксесуарах, аднак здараецца, што і цэлыя мерапрыемствы ёй прысвячаюць. Аднойчы, напрыклад, арганізатары прапанавалі ўсім жадаючым пасля кароткага майстар-класа ўласнаручна распісаць 50-сантыметровы квадрат з чорнага лёну: з сабраных за два дні яркіх работ склалі рэкордную па памеры маляванку.

Ёсць ідэя!

— Мы заўсёды ахвотна падтрымліваем нашых вучняў і педагогаў на розных конкурсах і спаборніцтвах, — расказала намеснік дырэктара сярэдняй школы № 9 Оршы Таццяна Шурміна. — Мінулым летам многія настаўнікі і навучэнцы таксама прыйшлі на фэшн-паказ у рамках фес­тывалю “Поле кветак”. Трэба прызнаць, што выступленні ўсіх удзельнікаў выклікалі шчырае захапленне і заслужа­ныя апладысменты. Але, зразумела, мы дружна спадзя­валіся на поспех нашай маляванкі і вельмі ўзрадаваліся, што гэта ажыццявілася. Менавіта тады вучаніца Марыя Аляксеенка нечакана пацікавілася: “А чаму б не зрабіць школьную форму з такой маляванкай?” Простае пытанне прымусіла задумацца, як будзе выглядаць адзенне дзелавога стылю, калі разнастаіць яго традыцыйным народным роспісам па тканіне. Уявілі, і нам спадабалася, таму вырашылі ўвасобіць добрую ідэю ў жыццё. Летам прымяраліся, планавалі, абмяркоўвалі, а з восені актыўна ўзяліся за справу.

Да рэалізацыі задуманага ў школе падышлі творча і па-гаспадарску грунтоўна: не проста далі волю фантазіі і азадачылі заказам атэлье, а найперш параіліся са спецыялістамі-практыкамі, пракансультаваліся ў народных майстроў і эканамістаў, работнікаў культуры і лёгкай прамысловасці. Важкае слова ў праекце сказалі школьнікі і іх бацькі. Сярод дзяцей і дарослых правялі анкетаванне, а таксама запрасілі кожнага выказаць свае ідэі і прапановы, якой трэба зрабіць школьную форму з маляванкай, каб яна была прывабнай, моднай, прэстыжнай. Юлія Пашынская выклікалася курыраваць мастацкую частку. Яна разам з вучнямі занялася роспісам вырабаў. Настаўніца працоўнага навучання Галіна Сёміна і яе вучні ўзялі на сябе дызайн, выкрайкі, непасрэдна пашыў. Пакуль эксперыментальная калекцыя складаецца з 12 ма­дэлей. Для пашыву выбралі льняную тканіну цёмна-сіняга колеру.

— Лён — экалагічны матэрыял, які па многіх параметрах ідэальна падыходзіць для пашыву школьнага адзення, — патлумачыла Таццяна Сяргееўна, — у тым ліку прапускае паветра, убірае ў сябе вільгаць, не электрызуецца, забруджваецца менш за іншыя тканіны. Да таго ж у нашым горадзе знаходзіцца адзінае ў Беларусі і самае буйное на прасторы СНД і Еўропы прадпрыемства па вытворчасці льняных тканін і вырабаў з лёну — знакаміты Аршанскі льнокамбінат. Таму работа над праектам уключала выхаваўчы і даследчы складнікі, пашырэнне супрацоўніцтва з камбінатам, праф­арыентацыю.

Цёмна-сіні колер школьнай формы зацверджаны на Віцебшчыне па выніках апытання. У школе гэтае рашэнне поўнасцю падтрымліваюць. Выбраны колер, як свярджа­юць вучоныя, супакойвае, дысцыплінуе і канцэнтруе ўвагу, здольны павысіць эфектыўнасць працы пры выкананні творчых задач, таму цудоўна падыходзіць для школьнікаў і нават настаўнікаў.

У працэсе работы ў творчай групы праекта ўзніклі новыя пытанні: якой будзе школьная бізнес-кампанія са спецыялізацыяй на выпус­ку адзення з маляванкай, ці патрэбная для школы нас­таўніцкая форма і якой яна магла б быць у ідэале, як можа выглядаць школьная форма з маляванкай у будзённым і святочным варыянтах?

Пра камерцыялізацыю і настаўніцкую форму

— Вартая ідэя каштоўная тым, што пашырае даля­гляды і падштурхоўвае да новых ідэй, — адзначыла суразмоўніца. — Прыемна назіраць, як школа захапілася справай, якая з’яднала педагагічных работнікаў, вучняў і бацькоўскі актыў. Школьнікі атрымалі яшчэ адно нагляднае пацвярджэнне: іх ініцыя­тывы запатрабаваныя. Пры распрацоўцы мадэлей вучні здорава дапамаглі, бо ў кожнага пакалення — сваё бачанне, у што апранацца ў школе, а насіць форму менавіта дзецям. Вобразна кажучы, рухавічком праекта застаецца Марыя Аляксеенка. Яна з намі выбірала тканіны, шукала ўзоры для маляванак, праводзіла апытанне, дапамагала адшываць мадэлі, складала бізнес-план. Ёй жа належыць ідэя, як вырашыць праблему, звязаную з тым, што лён не надта падыхо­дзіць для школьнай формы на зі­мовы сезон.

Марыя Аляксеенка прапанавала выйсце — увядзенне элементаў форменнага адзення з маляванкай: гальштукаў, жабо, манжэт, каўнерыкаў. Нядаўна ініцыятыўная школьніца прыняла ўдзел у абласным этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і выйшла ў рэспубліканскі фінал.

Дарэчы, элементы форменнага адзення з маляванкай упадабалі настаўнікі, асабліва ўкарочаны варыянт гальштукаў. На думку большасці ўдзельнікаў праекта, пытанне аб настаўніцкай форме дастаткова неадназначнае і патрабуе дадатковага вывучэння з улікам меркаванняў педагогаў як мінімум раёна. Затое стварыць калекцыю адзення дзелавога стылю з маляванкай, якое настаўнікам захацелася б насіць у школе, — слушная ідэя, якую яшчэ восенню было вырашана рэалізаваць. У перспектыве ў школе плануюць арганізаваць бізнес-кампанію, падрыхтоў­ка ідзе поўным ходам. Набліжаецца да завяршэння і распрацоўка калекцыі мадэлей школьнай формы для што­дзённага нашэння і ўрачыстых выпадкаў. Пад кіраўніц­твам Юліі Пашынскай яе вучаніцы правялі даследчую работу, дзе прааналізавалі падыходы да школьнай формы ў розныя гістарычныя перыяды. Некаторыя ідэі, што ўзніклі ў працэсе работы, ужо ўвасоблены ў эскізах і выкрайках.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара