Прасачыць мадэрнізацыю прылад працы ў стагоддзях, сваімі рукамі спячы хлеб і збіць масла, у спектаклях асвоіць правілы паводзін… Праекты педагогаў Навамышскага дзіцячага сада Баранавіцкага раёна робяць жыццё выхаванцаў не толькі цікавым, але і бяспечным. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Акцёрскія ўрокі
У Новую Мыш кожную раніцу прыязджаюць хлопчыкі і дзяўчынкі і з навакольных вёсак, і з Баранавіч. Бацькам падабаецца, што сад маленькі (усяго 47 дзяцей), утульны, але галоўнае — тут працуюць творчыя педагогі, з якімі дзецям вельмі цікава.
— Тры з чатырох нашых груп — інтэграванага навучання і выхавання, у іх займаюцца дзеці ў асноўным з маўленчымі парушэннямі. Але мы цалкам адаптуем іх: яны ў нас становяцца выдатнымі акцёрамі і нават перамагаюць у тэатральных конкурсах і на фестывалях, — расказвае загадчыца дзіцячага сада Алена Станіславаўна Гаўрыльчык.

Тэатральныя пастаноўкі сталі выдатным спосабам для маленькіх артыстаў і перамагчы ўласныя моўныя цяжкасці, і ўпэўнена загаварыць. Акрамя таго, на імправізаванай сцэне дзеці вучацца правілам бяспекі. У пастаноўках яны прайграюць сітуацыі, якія могуць прывесці да бяды.
— Усе нашы тэатралізаваныя пастаноўкі аўтарскія і накіраваны на вырашэнне пэўнай сацыяльнай праблемы. Напрыклад, у музычнай казцы “Самы лепшы дзень”, галоўны герой якой — кульгавае кацяня, мы звярнуліся да тэмы адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў грамадстве. У пастаноўцы “Увага, мамы!” юныя акцёры і педагогі звярнуліся да праблемы залішняй захопленасці гаджэтамі сярод дарослых, якія, на жаль, часта пакідаюць дзяцей без нагляду, пакуль самі ў смартфонах. Спектакль “Будзьце пільнымі, ці Староннім уваход забаронены” стаў сучаснай версіяй казкі “Зайчыкава хатка”, герой якой упусціў дадому незнаёмку Лісу. Галоўныя героі спектакля “Жаданне горш за няволю, ці Як мы хацелі стаць ратавальнікамі” без дазволу сышлі з дому і траплялі ў розныя небяспечныя сітуацыі. Дарэчы, пасля перамогі на раённым фестывалі аматарскай дзіцяча-юнацкай творчасці “Тэатральная прызба” гэтую пастаноўку мы па запрашэнні ставілі і ў Брэсце, — расказвае А.С.Гаўрыльчык.
Усё гэта — частка праекта “Апрабацыя мадэлі фарміравання асноў бяспекі жыццядзейнасці дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту сродкамі гульнявых адукацыйных рэсурсаў”, які рэалізуецца ў садзе. Задума відавочна яшчэ ў двары. Тут створаны тэматычныя зоны, на кожнай з якіх героі мультфільмаў вучаць правільным паводзінам у самых розных небяспечных сітуацыях. Тут дзеці на практыцы засвойваюць сігналы светлафораў, правілы дарожнага руху для пешаходаў і веласіпедыстаў, карыстання пешаходным пераходам і інш. Непадалёк спяшаюцца на выклік Міша і Артур, седзячы за рулём вялікай пажарнай машыны (гордасць абмежаванай аўтарскай серыі спецтранспарту, спраектаванай і выпушчанай педагогамі сада).

— Спачатку мы апрабавалі інавацыйны праект, выкарыстоўваючы гульні Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, а пасля яго завяршэння не спыніліся — нашы педагогі распрацавалі свае інтэрактыўныя электронныя гульні па серыі мультфільмаў “Чароўная кніга МНС”, на тэрыторыі абсталявалі пляцоўкі, дзе з дапамогай прадметнага асяроддзя вучаць дзяцей правілам паводзін на дарозе, у бытавых сітуацыях, падчас пажару, на прыродзе. Тут жа праходзяць інтэрактыўныя гульні, абыгрываюцца розныя сітуацыі. Напрыклад, сёння ў нас адкрыўся выратавальны пункт, у які паступіла паведамленне ад дзяцей пра пажар, — ратавальнікі выбылі на ўчастак, каб выратаваць людзей, — праводзіць экскурсію загадчыца ўстановы.
Хлеб ды з маслам
Яшчэ адну пляцоўку педагогі плануюць аформіць у тэматыцы патрыятычнага праекта, якім яны цяпер шчыльна заняліся. Дакладней, да якога вярнуліся.

— Шкада, што не магу вам паказаць нашу беларускую хату — мы ўжо пачалі яе пераўтвараць у музейны пакой. Рамонт зрабілі, але яшчэ не абсталявалі. Экспанатаў у нас шмат, ужо больш за сотню, і мы іх пастаянна папаўняем. Тут сабраны беларускія касцюмы, вышытыя ручнікі, вырабы, створаныя народнымі ўмельцамі з гліны, ільну, саломы, дрэва, лазы. Багатая калекцыя кухоннага начыння, асабліва шмат у нас прылад працы. Цяпер мы хочам асобна зрабіць экспазіцыі мужчынскіх прылад працы, а ў бабіным куце — жаночых. Ёсць і задума супаставіць старажытным экспанатам іх сучасныя аналагі: побач з газніцай паставім ліхтар, з карытам — цацачную пральную машынку, з касой — выяву газонакасілкі. Самыя каштоўныя нашы экспанаты — з драўніны, бо яны крохкія. Мне вельмі шкада дубовы бачок, у якім некалі бралі ваду на сенакос — у гэтым сасудзе вада і ў спякоту заставалася халоднай. Ён рассыпаўся ад часу, і мы не змаглі яго аднавіць. Не менш каштоўны для мяне экспанат і маслабойка, бо менавіта з ёй асацыіруецца маё дзяцінства: я расла ў бабулі і часта дапамагала ёй збіваць масла, — расказвае А.С.Гаўрыльчык.

І маслабойку, і іншыя прыстасаванні дашкольнікі таксама апрабуюць на справе падчас цікавых даследчых ініцыятыў. Так, у межах праекта “Лён-лянок” дзеці пад кіраўніцтвам Ганны Вячаславаўны Тарасюк і мясцовай жыхаркі (прафесійнага агранома) Вольгі Клімовіч пасеялі гэтую культуру, вырасцілі, зжалі, склалі ў снапы, памялі мялкай, патрапалі, драўляным грэбнем вычасалі кастрыцу і атрымалі валакно. З яго дзеці разам з педагогам зрабілі ляльку-анёлка да Раства Хрыстова. Акрамя таго, у садзе з’явілася калекцыя прыстасаванняў для апрацоўкі льну.

У межах праекта “Адкуль узялося масла?” дзеці разам з выхавальніцай Аленай Васільеўнай Катлубай пасеялі траву, скасілі, высушылі і завезлі да бабулі адной з выхаванак, якая трымала карову. Гаспадыня накарміла Жулю сенам, а раніцай падаіла яе і прынесла ў сад малако. З яго дзеці самі згатавалі масла, даведаліся, як гэта рабілі на старадаўняй драўлянай маслабойцы.

Праект “Хлеб на стале” пачаўся з гульні ў магазін. Калі Г.В.Тарасюк папрасіла дзяцей размаляваць буханкі хлеба з салёнага цеста, тыя задаліся пытаннем, чаму ён бывае белы і чорны. Таму педагог вырашыла ім не толькі расказаць, але і паказаць. Так, разам з ёй дзеці выязджалі падчас жніва ў поле, глядзелі, як камбайны ўбіраюць пшаніцу і жыта, адчулі цяпло і пах зерня на зернесушылцы, параўналі муку — жытнюю грубага памолу і пшанічную дробнага памолу. На Баранавіцкім хлебазаводзе паназіралі, як гатуецца цеста з розных відаў мукі, пачаставаліся пшанічным і жытнёвым хлебам, а таксама абаранкамі і пернікамі. Свае духмяныя буханкі юныя пекары выпякалі і дома, разам з бацькамі.
Ганна Вячаславаўна Тарасюк тлумачыць:
— Працай сваіх рук спрадвеку жылі нашы бабулі, дзядулі, і мы не павінны страчваць гэтую сувязь пакаленняў. Смак дамашняга хлеба і масла, цяпло льну — гэта тое, з чым дзеці не сутыкаюцца, а так хочацца іх з гэтым азнаёміць! Цяпер хачу паказаць ім сучасныя дасягненні прамысловасці Беларусі. На адных з мінулых заняткаў падчас вывучэння тэмы “Прадукты харчавання” мы ўжо даведаліся пра фабрыкі “Слодыч”, “Камунарка”, “Cпартак”, “Чырвоны харчавік”. Прадукцыю кожнай з іх мы прадэгуставалі, што дапамагло дзецям яе добра запомніць і правільна злучыць карцінкі “ласункі — вытворца”. Хачу яшчэ звазіць іх на прадпрыемствы і паказаць маштаб вытворчасці брэндавай прадукцыі.

У садку ёсць ідэя пашырыць фармат названых праектаў — ужо з новымі ўдзельнікамі. Як яны будуць развівацца (педагогі пакажуць дзецям гатаванне шырэйшага асартыменту хлебабулачнай прадукцыі, масла шакаладнага, з дабаўкамі ці паспрабуюць асвоіць сыраварства), пакуль яшчэ вырашаецца. Але па задуме педагогаў іх праекты будуць звязаны з сучаснасцю, каб паказаць, як гатавалі раней і як гатуюць цяпер.
Наша гісторыя
Патрыятычнае выхаванне ў садку рэалізуецца не толькі ў гастранамічным кірунку, але і праз фальклорныя святы. “Купалле”, “Гуканне вясны”, “Калядкі” — толькі частка абрадаў, у якіх задзейнічаны дзеці. Любяць дзеці і даследаванні, экскурсіі. Так, у межах праекта “Не тое золата, што блішчыць” дзеці шукалі скарб у вёсцы — не дарма ж яе называюць багатай. У памочнікі запрасілі краязнаўца і аўтара кнігі “На беразе Мышанкі” Васіля Дубейку, які правёў для дзяцей экскурсію з наведваннем старажытных храмаў — царквы і касцёла, азнаёміў іх са старажытнай іконай Божай Маці, якую схавалі тут пад іншай іконай у ваенныя часы. Ёсць меркаванне, што гэты абраз шукаюць ужо шмат гадоў па ўсёй Беларусі і па ўсім свеце. У гэтай жа мясцовасці вырас Ян Чачот — звесткі пра знакамітага земляка дзеці шукалі ў бібліятэцы, тут жа паглядзелі тэатральную пастаноўку яго паэмы “Мышанка”. Падчас зносін з мясцовымі жыхарамі юныя краязнаўцы вывучалі гісторыю роднай вёскі, узгадка пра якую, дарэчы, датуецца ажно 1536 годам, разам з мясцовым кіраўніцтвам складалі яе карту. Аказалася, што скарбы ў вёсцы ёсць, прычым даражэйшыя за золата.

Шмат распрацавана ў садку інтэрактыўных заняткаў і гульняў па тэме Вялікай Айчыннай вайны. Сярод самых знакавых — заняткі “Акрайчык хлеба”, гульня “Сцежкамі вайны”, квест “Цягнік Памяці”. Юныя акцёры са сваімі педагогамі здымаюцца ў відэароліках “Украдзенае дзяцінства”, “Дзе хаваецца вайна”, “Памяць пра подзвіг, “Дзеці вайны” і інш. Сцэнарыстамі і аператарамі выступаюць педагогі сада, а здымкі праводзяць у тым ліку ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Многія свае відэапраекты змяшчаюць на YouTube-канале сваёй дашкольнай установы. Вопытам педагогі дзеляцца з калегамі Беларусі і Расіі.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і прадастаўлены Навамышскім дзіцячым садам





