Пра размеркаванне на першае працоўнае месца і прызыў у армію: што трэба ведаць

- 14:31Новости, Школа управления

На пытанні чытачоў адказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы — начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.

— Малады чалавек завяршыў навучанне ў сярэдняй спецыяльнай установе і адразу ж здаў уступныя экзамены ва ўніверсітэт па профільнай спецыяльнасці (на завочную форму). Яго заліч­ваюць без праходжання цэнтралізаванага тэсціравання на скарочаную форму навучання. Фактычна ён студэнт, але восенню маладога чалавека прызываюць на вайсковую службу. Ці будзе за ім замацаваны статус студэнта ва ўніверсітэце? Ці зможа ён пасля службы ў арміі вярнуцца і прыступіць да навучання? Ці не трэба будзе паступаць зноў?

— У адпаведнасці з падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 49 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс аб адукацыі) асобам, якія асвойваюць змест адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі, прадастаўляецца водпуск для прахо­джання вайсковай службы. Пунктам 4 артыкула 49 Кодэкса аб адукацыі вызначана, што водпуск для праходжання вайсковай службы прадастаўляецца навучэнцу, прызванаму на тэрміновую вайсковую службу. Водпуск для праходжання вайсковай службы прадастаўляецца на ўвесь перыяд праходжання службы і на перыяд да аднаго года з даты звальнення з тэрміновай вайсковай службы. Пры завяршэнні выкарыстання водпуску, а таксама на працягу аднаго года з даты звальнення з тэрміновай службы навучэнец мае права прадоўжыць атрыманне адукацыі ў той жа ўстанове адукацыі на ранейшых умовах.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

— Я быў размеркаваны БНТУ на ААТ “Станказавод “Чырвоны барацьбіт”. Працаваў на гэтым прадпрыемстве з 13.08.2024 па 26.10.2024 і быў звольнены ў сувязі з прызывам на тэрміновую вайсковую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, аднак атрымаў адтэрміноўку да 16.03.2025 у сувязі з тым, што ў часці не было свабодных месцаў.

Прашу вас растлумачыць, ці магу я атрымаць новае месца размеркавання без атрымання пісьмовай згоды прадпрыемства, з якога быў звольнены, спасылаючыся на артыкул 76 пункт 1.1.2 Кодэкса аб адукацыі. А іменна: “скасаванне з маладым спецыялістам, маладым рабочым (служачым) працоўнага дагавора ў сувязі з (са): акалічнасцямі, якія не залежаць ад волі бакоў, па прычыне аднаўлення на рабоце работніка, які раней выконваў гэтую работу, парушэння ўстаноўленых правіл прыёму на работу (пункты 2 і 3 артыкула 44 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь)”, паколькі звальненне ў сувязі з прызывам на тэрміновую службу з’яўляецца акалічнасцю, якая не залежыць ад волі бакоў.

У адпаведнасці з пунктамі 2, 3 артыкула 72, пунктам 1 артыкула 78 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, калі атрыманне адукацыі ажыццяўляецца ў дзённай форме за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, пасля завяршэння навучання выпускнікі абавязаны адпрацаваць па размеркаванні ўстаноўлены тэрмін абавязковай работы або кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на іх падрыхтоўку, у рэспубліканскі бюджэт. У выпадку скасавання з маладым спецыялістам працоўнага дагавора ў сувязі з прызывам на вайсковую службу, але не накіравання яго ваенкаматам на такую службу, паўторнае размеркаванне ці пераразмеркаванне да таго ж ці іншага наймальніка не прадугле­джана заканадаўствам. Разам з тым у такога выпускніка захоўваецца абавязак адпраца­ваць па размеркаванні ўстаноўлены тэрмін абавязковай работы або кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на яго падрыхтоўку. Таму, згодна з падпунктам 2.2.6 пункта 2 артыкула 74 Кодэкса аб адукацыі, пераразмеркаванне вас да іншага наймальніка можа быць у выпадку адмаўлення ў прыёме на работу наймальніка, да якога вы былі першапачаткова размеркаваны.

—  Пытанне па пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 05.12.2024 № 911 “Аб змяненні пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2022 года № 572”. 

Падпункт 1.4 уносіць змяненні ў пункт 13 Палажэння аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, перанакіравання на работу. Выпускнікі не размяркоўваюцца на дыстанцыйную работу і (ці) на работу з няпоўным рабочым часам, за выключэннем выпадкаў, калі наймальнік абавязаны ўстанаўліваць няпоўны рабочы час у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

На каго распаўсюджваецца гэтае змяненне, толькі на прынятых пасля ўнясення змяненняў ці і на тых, хто ўжо працуе па размеркаванні?

— Пытанні размеркавання выпускнікоў дзяржаўных устаноў адукацыі рэгулююцца Палажэннем аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, перанакіравання на работу, прадастаўлення месца работы выпускнікам, якія атрымалі навукова-арыентаваную, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2022 года № 572 (далей — Палажэнне).

У адпаведнасці з часткай 3 пункта 13 Палажэння, выпускнікі не размяркоўваюцца на дыстанцыйную работу і (ці) на работу з няпоўным рабочым часам, за выключэннем выпадкаў, калі наймальнік абавязаны ўстанаўліваць няпоўны рабочы час у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Згодна з пунктам 1 артыкула 72 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, размеркаванне ажыццяўляецца дзяржаўнай установай адукацыі. Адпаведна, выкладзеная ў частцы 3 пункта 13 Палажэння норма ўдакладняе парадак ажыццяўлення ўстановамі адукацыі размеркавання выпускнікоў.

Заканадаўствам аб адукацыі рэгулююцца грамадскія адносіны ў сферы адукацыі (артыкул 4 Кодэкса аб адукацыі), у тым ліку грамадскія адносіны, звязаныя з працаўладкаваннем выпускнікоў устаноў адукацыі пры размеркаванні (падпункт 1.2 пункта 1 артыкула 4 Кодэкса).

На падставе выкладзенага і з улікам пункта 1 артыкула 8 Кодэкса аб адукацыі, частка 3 пункта 13 Палажэння будзе прымяняцца да грамадскіх адносін, звязаных з працаўладкаваннем выпускнікоў устаноў адукацыі пры размеркаванні, пачынаючы з даты ўступлення ў сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2024 года № 911.

Дадаткова звяртаем вашу ўвагу, што няпоўная занятасць маладога спецыяліста не забяспечвае эфектыўнасць размеркавання і прафесійнае станаўленне маладога спецыяліста, не дазваляе апраўдаць сродкі, затрачаныя дзяржавай на яго падрыхтоўку, супярэчыць дзяржаўнай палітыцы кадравага забеспячэння галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Таму выпадкі няпоўнай занятасці маладога спецыяліста могуць быць разгледжаны ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі на прадмет фіктыўнага працаўладкавання.

Ала КЛЮЙКО