У Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі для маладых педагогаў прайшла дыялогавая пляцоўка «Навацыі ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь: сучаснасць і будучыня». Падчас сустрэчы маладыя педагогі сталіцы даведаліся пра бонусы і шляхі прафесійнага росту, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Інфармаваны — значыць падрыхтаваны
Намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольга Смірнова расказала аб асноўных навацыях у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, якія ўступяць у сілу з 1 верасня 2025 г. Яна акцэнтавала ўвагу прысутных на замацаванні патрабаванняў да навучэнцаў ва ўстанове адукацыі прытрымлівацца дзелавога стылю адзення, на прадастаўленні ім ільгот пры праездзе транспартам агульнага карыстання ў адпаведнасці з актамі заканадаўства, абавязках законных прадстаўнікоў ствараць усе ўмовы для развіцця дзяцей, у тым ліку для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ва ўстановах адукацыі нашай краіны.

— Калі непаўналетні пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ён абавязаны вучыцца ў нашых установах адукацыі. Для атрымання пачатковай, базавай, агульнай сярэдняй адукацыі існуе толькі вочная форма, а таксама вячэрнія класы (дарэчы, іх у сталіцы няма). Завочнай і дыстанцыйнай формы навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі не прадугледжана, — удакладніла В. Смірнова.
Адзначалася, што з новага навучальнага года на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўводзіцца вызваленне навучэнцаў ад выпускных экзаменаў па медыцынскіх паказаннях. У Працоўны кодэкс унесена змяненне, якое тычыцца гарантыі вяртання на ранейшую работу прызыўнікоў, якія былі звольнены ў сувязі з прызывам на ваенную службу, але не накіраваны на яе праходжанне.
Прафсаюз — гэта плюс
Пра змяненні заканадаўства ў галіне сацыяльных гарантый і аплаты працы работнікаў сферы адукацыі паведаміла ўдзельнікам дыялогавай пляцоўкі старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава. Яна заўважыла, што пры прыёме на работу маладога спецыяліста не можа быць устаноўлены выпрабавальны тэрмін. Вучэбная нагрузка пачынаючаму настаўніку забяспечваецца не менш чым на стаўку. І толькі па жаданні педагога яна можа быць паменшана. Калі маладога спецыяліста размеркавалі на першае працоўнае месца ў іншую мясцовасць, напрыклад, магіляўчаніна ў Мінск, то ён можа разлічваць на кампенсацыю выдаткаў па пераездзе да месца працы. Прычым калі ў работніка ёсць сям’я, то кампенсуюць кошт праезду не толькі яму, але і членам сям’і.
Ёсць гарантыі для маладых спецыялістаў, якія ўключаны ў банк даных адоранай моладзі. Яны маюць права на працягу абавязковай адпрацоўкі мець 45 % даплаты ад акладу. Педагагічныя работнікі з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй могуць разлічваць на 30%-ю надбаўку, спецыялісты, якія працуюць па размеркаванні, — на 20%-ю надбаўку на працягу тэрміну адпрацоўкі. І педработнікі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія прайшлі абавязковую адпрацоўку і працягваюць працаваць у сістэме, маюць права на працягу года мець 30%-ю надбаўку. Устаноўлены штомесячныя выплаты пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі».
— Прафсаюз таксама садзейнічае і ў выдзяленні моладзі жылля. У камітэта па адукацыі ёсць свой інтэрнат, і чаргі на месца ў ім практычна няма, — паведаміла Л. Волкава. — Крыху пачакаць даводзіцца хіба што педагогам-мужчынам. Паколькі кадравы склад нашага настаўніцтва ў асноўным жаночы, прадстаўнікоў моцнай паловы задаволіць месцам у інтэрнаце больш складана.
На мерапрыемстве падкрэслівалася, што ўдасканалены механізм прадастаўлення льготных крэдытаў на набыццё хатняй маёмасці для маладых спецыялістаў. Пашыраны пералік тавараў, на якія можна выдаткаваць ільготныя сродкі. У яго ўключаны любыя нехарчовыя спажывецкія тавары беларускай вытворчасці. Пры гэтым стаўка за карыстанне крэдытам складае 25 % стаўкі рэфінансавання, а пачынаць пагашаць доўг можна праз 6 месяцаў пасля заключэння крэдытнага дагавора з банкам.

Як фарміруецца заработная плата педагогаў, якія выплаты прадугледжаны маладым спецыялістам, чаму важна павышаць сваё прафесійнае майстэрства і кваліфікацыйную катэгорыю і як яна ўплывае на зарплату, удзельнікам дыялогавай пляцоўкі расказала загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Мінскай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза Наталля Райская.
Адукацыя праз жыццё
Прыярытэты развіцця метадычнай падтрымкі педагогаў сталіцы акрэсліла рэктар Мінскага гарадскога ІРА Таццяна Мароз:
— Ад таго, якім будзе метадычнае суправаджэнне ў школе, раёне, горадзе, залежыць далейшы прафесійны шлях педагога. У сістэме адукацыі нашай краіны склалася добрая архітэктура метадычнай работы, якая дазваляе кожнаму педагогу атрымліваць неабходны запас ведаў, быць актуальнымі ў сваёй прафесіі. Сталічныя педагогі маюць магчымасць удасканальваць свае ўменні і навыкі не толькі ў межах павышэння кваліфікацыі, але і на конкурсах прафесійнага майстэрства, кансультацыях, семінарах, майстар-класах.
МГІРА каардынуе гэтую дзейнасць, аказвае арганізацыйную і навукова-метадычную падтрымку бесперапыннага павышэння кваліфікацыі педагогаў і кіруючых кадраў. У горадзе дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры па розных напрамках, створаны апорныя пляцоўкі, развіваецца клубная дзейнасць (паспяхова працуе клуб «Вялікі перапынак», куды ўваходзяць педагогі-пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, студыя «Рост» для маладых педагогаў і інш.). Існуе магчымасць сеткавага ўзаемадзеяння ў гарадскіх метадычных аб’яднаннях. Праводзяцца адкрытыя метадычныя мерапрыемствы, рэалізоўваюцца міжнародныя адукацыйныя праекты. Інтэрактыўнае метадычнае ўзаемадзеянне, якое арганізоўваецца для розных катэгорый педагогаў, уключае школы пачынаючага настаўніка, цьютарства, дуэтныя вучэбныя заняткі, флэш-настаўніцтва, дыялогавыя зносіны, творчыя майстэрні.
— Сёння магчымасцей шмат. Галоўнае, каб кожны з нас разумеў, што, атрымаўшы вышэйшую адукацыю ці кваліфікацыйную катэгорыю, варта не спыняцца, а пастаянна прафесійна і творча расці. Гэтыя ідэі закладзены ў Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года, у прафесійных стандартах, адукацыйных праграмах, якія прадугледжваюць інавацыйнасць, практыкаарыентаванасць і накіраваны на будучыню, — мяркуе рэктар МГІРА.
Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць задаць спікерам пытанні. Маладыя педагогі адзначылі важнасць такіх сустрэч, дзе з першых вуснаў можна даведацца карысную інфармацыю, якая абавязкова спатрэбіцца ў рабоце. Яны яшчэ раз упэўніліся, што прафесія педагога — вельмі цікавая і творчая, у ёй сапраўды можна рэалізавацца, прыняўшы ўдзел у конкурсным руху, праектнай дзейнасці. І яе прэстыж залежыць ад саміх настаўнікаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





