Прапусціць праз сэрца боль… Марыя Худзякова з вучнямі вядуць работу па ўстанаўленні абставін генацыду

- 9:00Главная, Новости

Педагогі з вучнямі 1­-й сярэдняй школы Веткі імя А.А.Грамыкі актыўна ўдзельнічаюць у рабоце па ўстанаўленні абставін генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Каардынуе іх дзейнасць Марыя Худзякова — настаўніца гісторыі, кіраўнік школьнага народнага музея баявой і працоўнай славы, якая ўваходзіць у рабочую групу Веткаўскага раёна па ўстанаўленні абставін генацыду. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сумесная сістэмная работа

У нядаўнім інтэрв’ю МТРК “Мир” Прэзідэнт Беларусі сказаў: “Мы лічылі, што ў нас кожны чацвёрты чалавек загінуў. Нічога падобнага: кожны трэці загінуў, мы гэта дакладана ведаем. Я баюся, каб яшчэ больш не было…” Далей Аляксандр Лукашэнка прывёў факты: “На помніку ў Хатыні напісана, што недзе каля 680 вёсак было спалена і знішчана. Цяпер мы ўжо маем больш за 800. Гэтая лічба расце, баюся, да 1000 дарасце. Тое ж і з загінулымі”.

Марыя Худзякова, яе калегі і вучні 1-й веткаўскай школы дапамагаюць работнікам раённай пракуратуры і Следчага камітэта ў рабоце па ўстанаўленні абставін генацыду. Пра тое расказала нас­таўніца, калі знаёміла з работай школьнага музея.

Узаемадзеяннем са школай задаволены і пракурор Веткаўскага раёна Сяргей Сініцкі. Дарэчы, у маі 2024-га Марыя Худзякова, як і яе муж Сяргей Худзякоў, начальнік райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны юбілейным медалём “80 гадоў вызвалення Гомельскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”: за захаванне гістарычнай памяці, асабісты ўклад у зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны Веткаўскага раёна, за ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

Настаўніца паспрыяла нашай сустрэчы з пракурорам і актыўна ўдзельнічала ў размове. Прыво­дзіліся канкрэтныя факты пра знішчаныя ў раёне вёскі. Да таго, як пачалося расследаванне крымінальнай справы па генацыдзе, лічылася, што ў Веткаўскім раёне падчас вайны захопнікі знішчылі 29 вёсак. А цяпер вядома пра 35. Дабавілася шэсць, пра якія не згад­валася раней.

Вядома ж, пракуратура і Следчы камітэт у значна большым аб’ёме, чым школа, працуюць па тэме генацыду. Вывучаюцца архіўныя матэрыялы, удакладняюцца даныя ў розных крыніцах, у тым ліку і праз апытанне сведкаў злачынстваў, іх нашчадкаў. Сяргей Дзмітрыевіч расказваў пра тое падрабязна. Пошукавікі са школы, найперш Марыя Вячаславаўна, дапамагаюць устанавіць раней невядомыя месцы пахаванняў ахвяр вайны — мірных жыхароў, знішчаных захопнікамі. Пры гэтым аналізуюцца акты надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якая працавала пасля вайны ў вызваленых раёнах. Фарміруецца і папаўняецца вялікая электронная база даных па фактах генацыду. Сяргей Сініцкі паведаміў пра 906 мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі гена­цыду ў межах Веткаўскага раёна — з улікам ранейшага адміністрацыйнага дзялення.

Пракурор Веткаўскага раёна Сяргей Сініцкі выступае на мітынгу ў памяць аб ахвярах генацыду

“Марыя Вячаславаўна з самага пачатку ўваходзіць у раённую рабочую групу, якая даследуе абставіны генацыду, — адзначае пракурор. — Нароўні з прафесійнай следчай дзейнасцю ў гэтай справе ёсць вялікі пласт аналітычнай работы, нават навуковай, і ў ёй задзейнічаны людзі розных прафесій.

У нашым раёне, як і ў іншых па краіне, распараджэннем райвыканкама створана рабочая група. Мэта работы прапісана так: устанаўленне абставін генацыду і ўвекавечанне памяці ахвяр тых злачынстваў. Розныя людзі ўключаны ў групу, сярод іх работнікі культуры, ідэалогіі, сістэмы адукацыі. Кожны робіць свой уклад у агульную справу. Падключаны сельвыканкамы: іх старшыні апытваюць мясцовых старажылаў, якія валодаюць не зафіксаванай у іншых крыніцах інфармацыяй. Папрасілі іх удакладніць: што пом­няць пра ваенны і пасляваенны час, хто што калі расказваў. Да такой работы звяртаемся і пры расследаванні іншых абставін. Скажам, выяўляем факты пра дзейнасць у рэгіёне ў ваенны перыяд банды Баглая, пра якую ёсць звесткі ў гістарычных крыніцах. Яна супрацоўнічала з фашысцкай Германіяй напрамую — па сутнасці, гэта былі тыя ж паліцаі. Банда займалася выяўленнем партызанскіх атрадаў, знішчала партызан, былі нападзенні на мясцовае насельніцтва, рабаванні: у людзей забіралі ежу і рэчы. Мы паднялі вялікі пласт злачыннай дзейнасці, рыхтуем справы на разгляд Вярхоўнага Суда, якія туды накіроўвае Генпракуратура ў дачыненні да тых, хто здзейсніў злачынствы, але іх раней не асудзілі ці яны памерлі. Падобныя справы не маюць тэрміну даўнасці, правасуддзе дае ацэнку дзейнасці злачынцаў”.

Факты з дакументаў і жывы боль

У музеі, якім кіруе Марыя Худзякова, частка экспазіцыі прысвечана генацыду беларускага народа і размяшчаюцца адпаведныя матэрыялы. Некаторыя з іх былі там і да таго, як была заве­дзена справа па генацыдзе. “Педагогі школы, вучні ўдзельнічаюць у аглядзе, вывучэнні дакументаў, — гаворыць Марыя Вяча­славаўна. — У раён прыходзілі фільтрацыйныя справы, якія захоўваюцца ў дзяржархівах. Тонкія, максімум лістоў па 12. Як правіла, там ёсць аўтабіяграфія чала­века, падрабязная анкета-апытальнік, тлумачэнні і апытанні, узятыя супрацоўнікамі сілавых органаў, пра тое, што чалавек не знаходзіўся на службе Германіі. Бачым тлумачэнні: пры якіх абста­вінах туды трапіў, чым у лагеры ці іншым месцы займаўся, як прыйшло вызваленне… Сустракаюцца далучаныя да спраў лагерныя працоўныя кніжкі на нямецкай мове — з некаторых зрабілі копіі, гэта ўжо экспанаты для экспазіцыі па генацыдзе”.

Сяргей Сініцкі паказаў некаторыя фільтрацыйныя справы. З іх бачна, як няпроста складваліся лёсы мірных людзей, якія траплялі ў жорны вайны. Фільтрацыйных спраў па БССР было створана ў пасляваенны час звыш 35 тысяч. Калі яны накіроўваліся ў раён, то Марыя Худзякова і яе памочнікі дапамагалі работнікам Следчага камітэта, пракуратуры іх праглядаць, аналізаваць, на не­чым важным засяроджваць увагу. Якую задачу яны пры гэтым ставілі? Што шукалі? “Найперш тых шукалі, хто жыў, меў дачыненне да гэтай тэрыторыі, — сказаў Сяргей Сініцкі. — Справы былі адабраны ўвогуле па вобласці. Людзей з Веткаўшчыны ў іх мала, мы высвятлялі, ці могуць быць жывыя іх сваякі ці яны самі. Да таго ж у некаторых фільтрацыйных справах ёсць лісты з лагераў — мы рабілі з іх копіі. Лагернікі з Германіі пісалі сваякам: “У нас тут усё добра…”

Як траплялі такія “агіткі” ў Беларусь, невядома, толькі ж яны ў фільтрацыйных справах ёсць. “Прывозілі папкі, мы вось тут працавалі з Сяргеем Дзмітрыевічам, потым са школьнікамі ў дэталі па ксеракопіях, зробленых з яго дазволу, унікалі, калі трэба было, — гаворыць Марыя Худзякова. — А справа ў тым, што многіх тады падманулі: нехта паддаўся прапагандзе і ў Нямеччыну з’яз­джаў добраахвотна. Бачачы такое, часам думаю: і сёння некаму здаецца, што на Захадзе — рай… Тады фашысты казалі: там залатое жыццё, рэйх квітнее… І вось лісты адтуль: “Нам добра…” А ў пратаколах бачым зусім іншае: кармілі дрэнна, абыходзіліся як са скацінай — і цяжкая праца дзень пры дні. І вось, бачачы такое, школьнікі пачынаюць разумець: ёсць дзве версіі таго, як жылося беларусам у Германіі. Так што і тады былі хітрасць, падман, дэзынфармацыя — фэйкі. Для сялян і лістоўкі захопнікі расклейвалі на рускай мове, сэнс якіх у наступным: зямля ваша, вы толькі дапамагайце нам — і ўсё ў вас добра бу­дзе, і ўсё будзе ваша… Такая фэйк-лістоўка ёсць і ў нашым музеі”.

У дадатак да цікавай размовы Марыя Худзякова паказала ксеракопію з крымінальнай справы — іх таксама пераглядаюць — па якой праходзіла сведкай былая партызанка настаўніца гісторыі 1-й веткаўскай школы ў 1949—1969 гадах Геня Залманаўна Дынькіна. Школьны музей адкрыўся ў 1973-м, і яна прыклала для гэтага шмат намаганняў, большасць экспанатаў першай экспазіцыі сабрала ра­зам з вучнямі. Сведчыць настаўніца пра чалавека, які быў у атрадзе, а праявіў сябе як здраднік. Урэш­це яго знайшлі, арыштавалі летам 1947-га, завялі крымінальную справу, аддалі пад суд.

Ахвяры варожай хлусні

Усплывае і такое: не ўсе, хто ў ваенны час прымусова працаваў на Германію, сапраўды былі ахвярамі нацыстаў. “Калі чалавек добраахвотна перайшоў на бок ворага — трэба высветліць, — пасвячае ў тонкасці справы пракурор. — Былі жанчыны, скажам, якія паехалі за мужамі, бо за немцаў замуж павыходзілі. Не гвалтам іх вывезлі. Мэта ў іх была — выйсці замуж за немца. І потым яны праходзілі ўсё, як кажуць, ад пачатку і да канца. З’язджалі з імі ў Нямеччыну — асабліва часта, калі Чырвоная Армія наступала. Мы бачылі фільтрацыйную справу: грамадзянка БССР з’ехала. Якая прычына? Высвятляецца: не таму, што пагналі ў рабства — сама пайшла за немцам. Не масава, але і такое было. Потым — рэальнасць: муж забыў пра яе, кінуў, загінуў… Яна ў баўара працавала, каб выжыць, прыбіральшчыцай пры бальніцы. Ахвяра? Хіба? Матыў першапачатковы: захацела салодкага жыцця і сама з’ехала. З рознымі фільтрацыйнымі, крымінальнымі справамі школа і асабіста Марыя Вячаславаўна нам вельмі дапамаглі”.

Марыя Худзя­кова паказвае салідны “Каталог помнікаў ваеннай гісторыі, размешчаных у населеных пунктах Веткаўскага раёна Гомельшчыны”. Да гэтай пошукавай, аналітычнай работы яе таксама падштурх­нула дзейнасць у складзе рабочай групы. Настаўніца адзначае: “Па тых вёсках, якія, расследуючы справу, аглядалі работнікі пракуратуры і Следчага камітэта, мы склалі гэты каталог. Вялікая праца праведзена і школай. Напрыканцы 2024 года мы з настаўніцай гісторыі Анжэлай Уладзіміраўнай Ніколінай былі ў Гродне, на ХІІІ Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытаннях “80-годдзе Перамогі: памяць і духоўны вопыт пакаленняў”. І там гэтая работа маёй калегі адзначана дыпломам ІІІ ступені. Для нас гэта вялікі поспех”.

Цяпер каталог дапрацаваны — таксама дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з раённай пракуратурай і Следчым камітэтам.

Што ўразіла ўдзельнікаў рабочай групы, калі яны паглыбляліся ў факты генацыду, чужога болю? Марыя Вячаславаўна згадала дзяўчат-дурніц, жанчын, якія па салодкае жыццё самі, нібы ў пастку, з’еха­лі ў няволю. Як можна быць такімі наіўнымі, спадзявацца, што ворагі, якія прыйшлі на тваю зямлю са зброяй, зробяць цябе шчаслівай?

Сяргей Дзмітрыевіч прызнаецца, што яго ўвогуле цяжка чымсьці здзівіць: “Мы па родзе службы ўсякае бачым… Але фільтрацыйныя, крымінальныя справы ўтрымліваюць факты пра жудасныя выпрабаванні, праз якія праходзілі людзі, пра зверствы нацыстаў, якія халодзяць душу. Асаб­ліва спачуваеш непаўналетнім, якіх з бацькамі зганялі ў няволю. А там есці не было чаго, жылі ў бараках, на падлозе спалі, у міску адну на пяцярых бурду налівалі. І гэта не прыдумкі — дакументы ёсць, пратаколы допытаў”.

…Марыі Худзяковай першыя месяцы тры, як пачала знаёміцца з фільтрацыйнымі справамі, тыя людзі ўсё сніліся. Вельмі цяжка было чытаць і эмацыянальна перажываць тыя гісторыі. А потым псіхіка, відаць, адаптавалася да стрэсаў, і розум падказаў: не трэба самаразбурацца, бо ў даўняй трагедыі ўжо нічога не пераменіш.

І яшчэ раз яна гаворыць пра тое, як яе ўразіла даверлівасць людзей — ужо тых, якіх на нашай зямлі каты вялі на смерць: “Верыў жа хтосьці ў германскі рай. Фашысты выклікалі, зарэгістравалі, сказалі: будзеце і жыць добра — пой­дзем з намі. Яны верылі… Нават калі ўжо іх павялі тут, у Ветцы, на расстрэл. У нас у музеі ляжаць памазкі для галення — мужчыны бралі іх з сабой, а таксама люстэрка, грабянец, лыжка, відэлец, іншыя рэчы першай неабходнасці. Верылі, што гэта “недзе там” спатрэбіцца. Прос­тыя душой, даверлівыя людзі — такое ўвогуле славянам уласціва. Яны праходзілі праз лес, і ніхто не бег, уцячы не спрабаваў. А там расстрэльвалі. Ці немцы прыходзілі ў вёску і казалі: збірайце рэчы — паедзем. Дапаможам, вывезем за мяжу — там будзеце жыць добра. І ўсіх у рабства, усю сям’ю… І так па многіх пратаколах, практычна па ўсіх вёсках Веткаўшчыны”.

Пра тых “дабрадзеяў”, іх звярыную сутнасць усім варта памятаць — і дзецям, унукам расказваць. Каб ведалі, памяталі, не паддаваліся на фэйкі. А якімі словамі назы­ваць тыя злачынствы? Мы называем іх генацыдам. І мільёны ахвяр вайны па-ранейшаму шэпчуць у нашы розумы словы чэшскага антыфашыста Юліуса Фучыка: “Людзі, я любіў вас! Будзьце пільнымі…”

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара