Іванаўскі раён з году ў год пацвярджае статус лідара ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. І гэты навучальны год не стаў выключэннем, адзначыла начальнік аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама Таццяна Пархамчук у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”.

— На абласным этапе нашымі вучнямі заваявана 17 дыпломаў, на рэспубліканскім — 5 дыпломаў і адзін пахвальны водзыў. Па гэтых паказчыках мы займаем 3-е месца ў вобласці пасля Баранавіч і Маскоўскага раёна Брэста. 102 нашы вучні сталі пераможцамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх навукова-даследчых канферэнцый і інтэлектуальных конкурсаў. Больш за 300 узнагарод атрымана ў рознага роду творчых выпрабаваннях, — адзначае Таццяна Валяр’янаўна.
— Назавіце навучэнцаў, якія дасягнулі найбольшых поспехаў у гэтым годзе, і тых, хто іх падрыхтаваў.
— Настаўніца хіміі з гімназіі Іванава Ала Таболіна мае званне ганаровага грамадзяніна Іванава і Іванаўскага раёна. Сёлета яна падрыхтавала пераможцу рэспубліканскай алімпіяды Дар’ю Ткачук, якая стала кандыдатам у зборную каманды краіны для ўдзелу ў Міжнароднай алімпіядзе па хіміі. У біёлага Валянціны Лялюк з гімназіі сёлета 6 вучняў удзельнічалі ў рэспубліканскай алімпіядзе. Дыпломы атрымалі Ксенія Кухарчук і Настасся Бібко. Настаўніца грамадазнаўства Іна Максімовіч з сярэдняй школы № 4 Іванава падрыхтавала пераможцу заключнага этапу алімпіяды Мілану Пяркоўскую.
Ганарымся Максімам Варухам, вучнем 11 класа Яечкавіцкай сярэдняй школы, які стаў пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па фізкультуры. Юнак выйграў першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы на дыстанцыі 800 і 1500 метраў, Усерасійскія спаборніцтвы на прызы алімпійцаў ЦСК, атрымаў залатыя медалі на міжнародных спартыўных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы ў Маскве, дзе ўстанавіў нацыянальны рэкорд. Максіма рыхтавалі настаўнік Сяргей Занько і педагогі раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.
— Што спрыяе выніковасці алімпіяднага руху?
— Стварэнне адпаведных умоў: выдзяленне дадатковых 70 гадзін на гімназію для работы з адоранымі навучэнцамі, правядзенне раённых збораў для падрыхтоўкі да трэцяга і заключнага этапаў алімпіяды, на якія ў 2024 годзе было выдзелена 1049 гадзін, сістэма маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. У калектыўных дагаворах прадугледжана матэрыяльнае стымуляванне педагогаў, якія падрыхтавалі пераможцаў алімпіяд. А па выніках кожнага навучальнага года лепшыя вучні і педагогі атрымліваюць прэмію райвыканкама “Поспех”.
— Якія ініцыятывы рэалізуюцца ў раёне ў сувязі з Годам добраўпарадкавання і 80-годдзем Перамогі?
— Упершыню добраўпарадкаваннем тэрыторыі аздараўленчага лагера “Брыганціна” займаліся калектывы ўсіх нашых школ. Па ініцыятыве дарэктараў устаноў сумесна з дэпутацкім корпусам у гэтым лагеры плануецца стварыць Алею славы. Пэўныя лакацыі былі замацаваны за школамі ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы “Карасіна”. Там да 80-годдзя Перамогі прайшла маштабная рэканструкцыя побыту і ваенных дзеянняў партызан, у якой таксама былі заняты нашы навучэнцы і педагогі. Кожная ўстанова адукацыі адказная за добраўпарадкаванне пэўных памятных месцаў і воінскіх пахаванняў. Агульнымі намаганнямі прывялі ў парадак гарадскі парк Перамогі.
Сёлета, акрамя бягучых рамонтаў, ва ўсіх установах адукацыі мы правядзём капітальны рамонт з рэканструкцыяй дзіцячага сада № 4 Іванава. На гэта выдзяляецца больш за 1 млн рублёў. Працуем над стварэннем безбар’ернага асяроддзя. У сярэдняй школе № 2, дзе вучацца дзеці з інваліднасцю і функцыянуюць 14 інтэграваных класаў, запланавана рэканструкцыя ганка з пандусам.
У аграгарадку Моталь у жніўні пройдзе фестываль “Мотальскія прысмакі”, а ў Тышкавічах у лютым прайшоў фестываль “Фальклор без меж”. У гэтыя дні звычайна прыязджае мноства гасцей, у тым ліку з Расіі. Школы ў названых населеных пунктах з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі творчых праграм фестываляў.
— Хутка выпускныя вечары. Як праходзіць гэтае свята ў вашым раёне?
— Мы выпускаем у дарослае жыццё 323 адзінаццацікласнікі. Пры правядзенні выпускных прытрымліваемся пэўных традыцый. Аднак летась упершыню арганізавалі агульнараённы баль выпускнікоў. Да гэтага штогод рыхтавалі гарадскі баль.
У гэты дзень усе выпускнікі ў сваіх школах атрымаюць атэстаты, а затым прыедуць у Іванава на агульнае свята, дзе будзе адзначана кожная школа і кожны выпускнік, названы іх дасягненні, уручаны медалі. Пройдзе шэсце выпускнікоў на плошчы, потым ўрачыстая частка, пасля якой юнакі і дзяўчаты станцуюць вальс. Адбудзецца канцэрт. Вечар завершыцца дыскатэкай. Такі фармат выпускнога асабліва радуе вучняў сельскіх школ, дзе звычайна мала выпускнікоў. Цяпер яны атрымаюць магчымасць адсвяткаваць гэты дзень з усімі выпускнікамі раёна.
Летась рэалізавана яшчэ адна ідэя. Наша раённая газета прысвяціла цэлы нумар выпускнікам, іх педагогам. Кожны з іх атрымаў газету ў падарунак. Сёлета “раёнка” зноў плануе выпусціць такі святочны нумар.
— Якія ў раёне планы на аздараўленне?
— У аздараўленчым лагеры “Брыганціна”, размешчаным на беразе Завышанскага возера, пройдзе 5 змен, дзе плануецца аздаравіць 580 дзяцей. Астатнія дзённыя і кругласутачныя лагеры арганізуюць ва ўстановах адукацыі для 150 навучэнцаў. У лагерах працы і адпачынку будуць заняты 60 дзяцей. На працягу некалькіх гадоў на базе Адрыжынскай сярэдняй школы ў супрацоўніцтве з Іванаўскім благачыннем функцыянуе раённы лагер духоўна-маральнай накіраванасці з кругласутачным знаходжаннем. Пройдуць тры ваенна-патрыятычныя змены: у “Брыганціне” для навучэнцаў 10-х класаў раёна, дзе прадугледжаны ваенна-палявыя зборы, у Махроўскай сярэдняй школе і сярэдняй школе № 2 Іванава, дзе змены будуць мець пагранічную накіраванасць. Навучэнцы раёна, якія рыхтуюцца да алімпіяд, адпачынак сумясцяць з навучаннем у лагерах на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і абласнога дзіцячага аздараўленчага лагера “Ювента” Івацэвіцкага раёна.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





