У Мінску праходзіць ІХ Сусветны кангрэс Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў. Пасля польскага Кракава Мінск стаў другім горадам ва Усходняй Еўропе, які гасцінна прымае гэты прэстыжны форум. Сталіца нашай краіны абрана для яго правядзення невыпадкова: найперш гэта сведчанне найвышэйшага ўзроўню і паспяховасці міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар”, які вось ужо амаль дзесяць гадоў ладзіць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
У кулуарах поспехі БДУ і яго “Тэатральнага куфара” ў міжнародным студэнцкім тэатральным руху параўноўваюць з поспехамі барысаўскага футбольнага клуба “БАТЭ”: як “БАТЭ”, не маючы даўніх футбольных традыцый, а маючы толькі гонар і волю да перамогі, вось ужо які год запар умудраецца прывозіць на беларускія стадыёны топавыя клубы кшталту “Рэала” ці “Барселоны”, так і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, не маючы тэатральнага факультэта ў сваёй структуры (як, напрыклад, тая ж Беларуская акадэмія мастацтваў), штогод дазваляе беларускай студэнцкай публіцы знаёміцца з лепшымі ўзорамі сусветнага маладзёжнага тэатральнага мастацтва. Ідэя правесці чарговы форум Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў у Мінску належала асабіста яе прэзідэнту Жану-Марку Лару, які не раз сам бываў на “Куфары” і на ўласныя вочы мог убачыць і ўзровень арганізацыі фестывалю, і яго агульную атмасферу, і мастацкія вартасці спектаклей, якія ў нас дэманстраваліся. Яго вердыкт быў безапеляцыйны: у 2012 годзе Сусветны кангрэс асацыяцыі пройдзе ў сталіцы Беларусі і толькі тут.
2 ліпеня ў Мінск з’ехаліся дзясяткі навукоўцаў-тэатразнаўцаў, рэжысёраў, крытыкаў, прафесійных акцёраў і акцёраў-студэнтаў з 35 краін свету, каб абмеркаваць актуальныя пытанні тэатральнага адукацыйнага і творчага працэсу на ўзроўні ўніверсітэцкай і іншай вышэйшай ступені адукацыі (такія задачы ставіць перад сабой Міжнародная асацыяцыя ўніверсітэцкіх тэатраў). У лік самых паважаных гасцей кангрэса, акрамя, зразумела, самога Жана-Марка Лару, трапілі генеральны сакратар Міжнароднага інстытута тэатра ЮНЕСКА Тобіяс Б’янконэ, яго калега з Румыніі Карнеліу Думітрыу, вядомы тэатральны крытык прадстаўнік Расійскага ўніверсітэта тэатральных мастацтваў і Маскоўскага мастацкага тэатра Павел Руднеў. Усе яны свайго кшталту зоркі сусветнага маштабу ў сваёй галіне. Іх заўсёды чакаюць у тэатральных колах ва ўсім свеце, але сёння яны — у Мінску.
І адразу ж, 2 ліпеня, пасля цёплых слоў прывітання з вуснаў рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі, намесніка міністра адукацыі Віктара Якжыка, першага намесніка міністра культуры Уладзіміра Карачэўскага, згаданых Жана-Марка Лару і Тобіяса Б’янконэ, кангрэс пачаў сваю напружаную работу. Навуковая, навукова-практычная і адукацыйная прастора форуму — гэта дзясяткі дакладаў, кароткіх паведамленняў, майстар-класаў, дэманстрацый і трэнінгаў, падчас якіх іх удзельнікі знаёмяцца са спецыфікай розных нацыянальных тэатральных школ, а таксама з безліччу тэарэтычных і практычных пазанацыянальных пытанняў тэатральнай дзейнасці ад акцёрскай падрыхтоўкі да дызайну касцюмаў. Дарэчы, сёння, 5 ліпеня, у Ліцэі БДУ адбудзецца адно з самых чаканых пленарных пасяджэнняў кангрэса — “Дакументальны тэатр: ідэі і практыка” — пад кіраўніцтвам расійскага крытыка-мэтра Паўла Руднева.
А вось адмысловым мастацкім афармленнем ІХ Сусветнага кангрэса Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў стаў… Няцяжка здагадацца, што менавіта ён — таксама дзявяты па ліку міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар”.
Сёлета ён праходзіць пад крыху незвычайным дэвізам “Душэўны фестываль”. Па словах яго нязменнага дырэктара Кацярыны Саладухі, на такой фармуліроўцы арганізатары спыніліся, зважаючы ў першую чаргу на тое, што паміж студэнтамі-акцёрамі і студэнтамі-гледачамі заўсёды ўзнікае менавіта душэўная, эмацыянальна насычыная размова, няхай нават пры гэтым яны часам і не разумеюць адно аднаго вербальна.
Усяго ў праграме фестывалю — 12 пастановак з 11 краін свету. Гледачы ацанілі ўжо большасць з іх, у тым ліку два пазаконкурсныя спектаклі ў рамках спецпраекта “Па кім звоніць звон…” (паказваліся 3 ліпеня ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь).
І фестываль, і кангрэс завершаць сваю работу ўжо заўтра, 6 ліпеня. ІХ Сусветны кангрэс Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў на сваёй генеральнай асамблеі прыме выніковую рэзалюцыю. А ІХ Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар” увечары парадуе сваіх прыхільнікаў двума спектаклямі: “Чыстае каханне” Тэатра Універсітэта Атэнэа (Маніла, Філіпіны) і “Ілюзіён” Тэатра “МОСТ” Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Самыя задушэўныя размовы пачынаюцца, як правіла, напрыканцы свята…
Мікола ЧЭМЕР.
gilevitch@ng-press.by
© Сайт арыгіналу Абітурыент, 2012.
Тэгі:
Feed enhanced by Better Feed from Ozh