У бібліятэцы сярэдняй школы № 1 Крычава заўсёды шмат навучэнцаў. Нават на летніх канікулах тут не змаўкаюць дзіцячыя галасы. І ўсё дзякуючы загадчыцы — Людміле Малашанка. Падрабязней — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Натхнёны сваёй справай прафесіянал, яна ўмела прывівае вучням любоў да кніг і чытання.
— Сёння бібліятэкару недастаткова быць толькі гідам у свеце інфармацыі. Каб захапіць сучасных дзяцей, трэба знайсці з імі агульную мову, стаць сябрам, цікавым суразмоўнікам. Адпавядаць павевам часу павінна і сама бібліятэка. У нашай школе гэта не проста кнігасховішча, а сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, які спрыяе фарміраванню ў навучэнцаў духоўнасці, культуры, навыкаў бесперапыннай самаадукацыі, — расказала Людміла Віктараўна.

У структуры адукацыйнага працэсу 1-й крычаўскай школы бібліятэка сапраўды адыгрывае значную ролю. У фондах тут налічваецца больш за 25 тысяч кніг. Гэта падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, зборнікі задач, хрэстаматыі. А яшчэ — мастацкая, навукова-пазнавальная, метадычная літаратура.
— Вялікая камплектнасць кніг дазваляе забяспечваць поўнае інфармацыйнае суправаджэнне настаўнікаў і вучняў. Бібліятэка абсталявана камп’ютарамі, неабходнай мультымедыйнай тэхнікай, выхадам у інтэрнэт. Гэта прываблівае цяперашняе пакаленне навучэнцаў, вучыць іх працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, — патлумачыла Людміла Малашанка.
Сваёй галоўнай задачай бібліятэкар лічыць папулярызацыю чытання сярод дзяцей. Прапаганду кнігі яна здзяйсняе рознымі метадамі.
— Добра зарэкамендавалі сябе гучныя чытанні. Запрашаю ў бібліятэку вучняў пачатковых класаў і ўголас чытаю ім казкі ці вершы. Пасля мы разам абмяркоўваем прачытанае, аналізуем учынкі персанажаў. Для старэйшых навучэнцаў складаю рэкамендацыйныя спісы літаратуры. Эфектыўна працуе правядзенне рэкамендацыйных гутарак, падчас якіх даю своеасаблівыя рэцэнзіі на канкрэтныя кнігі. Перыядычна ствараю яркія відэаролікі — буктрэйлеры. Такая форма агляду твораў вельмі падабаецца дзецям, — паведаміла Людміла Віктараўна.
У перыяд летніх канікул школьнікі прыходзяць па кнігі, наведваюць мерапрыемствы па інтарэсах і творчыя майстар-класы. Уключаюцца дзеці і ў працоўную дзейнасць: рамантуюць падручнікі, прыводзяць кнігі ў належны стан.
Прыцягнуць увагу вучняў да кніг Людміле Малашанка дапамагаюць і разнастайныя пазнавальныя мерапрыемствы. Па яе ініцыятыве ў бібліятэцы рэгулярна праходзяць тэматычныя выставы, гульні, конкурсы, віктарыны, квізы.
— Нашымі гасцямі часта становяцца бацькі навучэнцаў. Мамы і таты актыўна ўдзельнічаюць, атрымліваюць парады па далучэнні дзяцей да чытання. Прыклад бацькоў тут неверагодна важны, бо ўсе асновы закладваюцца ў сям’і, — адзначыла Людміла Віктараўна.
Падыходы Людмілы Малашанка прыносяць чаканыя вынікі. Школьнікі чытаюць з задавальненнем. Вучні пачатковага блока з энтузіязмам вывучаюць энцыклапедыі, казкі, павучальныя апавяданні. У хлопчыкаў і дзяўчынак сярэдняга звяна карыстаецца попытам фантастыка і прыгоды. Старшакласнікі выбіраюць праграмную мастацкую літаратуру.
— Прыхільнасць дзяцей да кніг не можа не радаваць, бо чытанне пашырае кругагляд, павялічвае імкненне да ведаў і вучэбную паспяховасць, станоўча ўплывае на духоўнае станаўленне. У сувязі з гэтым цалкам правільным лічу рашэнне аб забароне гаджэтаў у школе. Інфармацыйныя тэхналогіі на карысць, калі выкарыстоўваюцца пад патрэбу і ў меру, — пераканана Людміла Віктараўна.
Акрамя сваёй асноўнай функцыі, бібліятэка сярэдняй школы № 1 Крычава ўсебакова задзейнічана ў арганізацыі выхаваўчай работы. Падчас навучальнага года практычна кожную суботу тут праходзяць святы, прымеркаваныя да знакавых дат у календары, сустрэчы з ветэранамі, пісьменнікамі і вядомымі ў горадзе людзьмі, вядуцца дыялогі аб патрыятызме, грамадзянскасці і іншых маральных каштоўнасцях.
— Стараюся пастаянна шукаць нейкія арыгінальныя формы ўзаемадзеяння з дзецьмі, прыдумваць для іх нешта адметнае. У нашых хутка зменлівых рэаліях трэба бесперапынна самаразвівацца, удасканальваць прафесійнае майстэрства. У маіх найбліжэйшых планах — засвоіць алгарытм стварэння інтэрактыўных плакатаў, — падзялілася Людміла Малашанка. — Ёсць і мноства іншых ідэй, якія буду паступова ўкараняць у работу. Хочацца, каб бібліятэка і ў далейшым заставалася месцам прыцягнення для навучэнцаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





