Пра вынікі выпускной кампаніі і пра тое, як праходзяць летнія канікулы ў навучэнцаў і педагогаў Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Заяц.

Палепшылі вынікі
— Выпускная кампанія ў раёне прайшла арганізавана, зладжана. 173 навучэнцы здавалі ЦЭ ў асноўныя дні на базе Ганцавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Там, дарэчы, праводзіўся і рэпетыцыйны ЦЭ. І мы задаволены вынікамі. У цэлым па раёне ў вучняў добрыя сярэднія балы па прадметах. Напрыклад, сярэдні бал па фізіцы — 92.
Сёлета ў параўнанні з мінулым годам вырасла колькасць стабальнікаў.
Сем выпускнікоў Ганцавіч атрымалі запаветныя 100 балаў на цэнтралізаваных экзаменах. Стабальныя вынікі ў навучэнцаў сярэдняй школы № 2 Паліны Канановіч па біялогіі (настаўніца Надзея Долмат) і Станіслава Зяньковіча па беларускай мове (настаўніца Таццяна Рылко), у навучэнцаў сярэдняй школы № 3 Усевалада Паплаўскага па матэматыцы (настаўніца Галіна Краўцова) і Аляксандра Уласеня па беларускай мове (настаўніца Таццяна Паўловіч).
Больш за ўсё сертыфікатаў у 100 балаў на рахунку Ганцавіцкай гімназіі. Дар’я Леўкавец атрымала адразу два стабальныя вынікі — па англійскай і рускай мовах, а ў Ягора Грыцкевіча — сертыфікат з найвышэйшым балам па грамадазнаўстве.

Дар’я рыхтавалася да ЦЭ са сваімі настаўніцамі Галінай Герман і Аленай Дайлід. Педагогі ўпэўнены, што найвышэйшыя балы ў дзяўчыны — заканамерны вынік мэтанакіраванай скрупулёзнай работы. Дар’я вельмі адказная, старанная, працаздольная, паспяхова прымала ўдзел у Рэспубліканскай алімпіядзе па рускай мове. Па выніках унутрыўніверсітэцкай алімпіяды, якая праводзілася ў БарДУ, яшчэ вясной дзяўчына стала студэнткай гэтай установы адукацыі. Яна плануе прадоўжыць педагагічную дынастыю, пайсці па слядах мамы і выкладаць вучням мовы.
Ягора Грыцкевіча да высокага выніку прывёў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Аляксандр Кавалеўскі. Юнак перакананы, што галоўнае ў падрыхтоўцы — не адкладваць усё на апошні момант. Ягор марыць паступіць на юрыдычны факультэт БДУ і стаць пракурорам.
Мы разумеем, што нам ёсць да чаго імкнуцца і куды расці. Бяром прыклад з Баранавіч, Баранавіцкага раёна, імкнёмся не адставаць ад лідараў.
Канікулы на карысць

— Гэтым летам у Ганцавіцкім раёне плануецца аздаравіць 890 навучэнцаў (а гэта больш за 30% школьнікаў): 570 дзяцей у лагерах дзённага знаходжання і 320 — у кругласутачных. Дзённае аздараўленне арганізавана на базе ўсіх гарадскіх і сельскіх школ і гімназіі, акрамя Раздзялавіцкай сярэдняй школы, дзе праходзіць капітальны рамонт, і Круговіцкай сярэдняй школы, у якой невялікая колькасць дзяцей.
Кругласутачны раённы выхаваўча-аздараўленчы лагер “Юны абаронца” працаваў у чэрвені на базе Ганцавіцкай спецыяльнай школы-інтэрната, Малькавіцкай і Хатыніцкай сярэдніх школ. У межах гэтага лагера дзесяцікласнікі прайшлі практыку па дапрызыўнай і ваеннай падрыхтоўцы. У жніўні яшчэ 35 дзяцей адпачнуць у кругласутачным лагеры на базе Ганцавіцкай спецыяльнай школы-інтэрната.
160 падлеткаў ва ўзросце 14—17 гадоў змогуць адпачыць у раённым аздараўленчым лагеры “Астравок” ваенна-патрыятычнага профілю. Ён размесціцца на аднайменнай турбазе, якая з’яўляецца філіялам Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства.
З 2 ліпеня пачалася змена ў раённым профільным выхаваўча-аздараўленчым лагеры “Лідар”. У лагер трапляюць дзеці, якія праяўляюць сябе на ўзроўні раёна, вобласці, рэспублікі, дэманструюць высокія дасягненні ў вучобе, грамадскіх справах, разнастайных спаборніцтвах.
Дырэктарам лагера “Лідар” на працягу апошніх 5 гадоў з’яўляецца намеснік начальніка аддзела па адукацыі Ірына Савеня. Генератар ідэй па адпачынку таленавітай моладзі ў гэтым лагеры — галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Аксана Рылка.
Дзеці-сіроты раёна, дзеці з мнагадзетных, няпоўных сем’яў, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, традыцыйна аздараўляюцца на базе стацыянарнага лагера “Дружба” Баранавіцкага раёна.
На базе гімназіі Ганцавіч завяршыў работу дзённы выхаваўча-аздараўленчы лагер “Сонечная рэспубліка”. Навучэнцы наведвалі заняткі ў гуртках па інтарэсах “Свет маіх захапленняў”, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, здзяйснялі пазнавальныя экскурсіі. Так, адбыўся займальны велапрабег, прысвечаны знаёмству з гістарычнымі помнікамі горада і раёна. Пазнавальнай аказалася экскурсія на пелетны завод. Навучэнцы даведаліся пра новы экалагічна чысты від паліва, які выпускаюць на заводзе, азнаёміліся з тэхналогіяй яго вытворчасці.
І адпачыць, і падзарабіць
— Другасная занятасць школьнікаў арганізоўваецца на працягу ўсяго лета ўстановамі адукацыі. Адны ўстановы прапаноўваюць навучэнцам работу ў ліпені, некаторыя — у жніўні. У цэнтры ўвагі — дзеці ўразлівых катэгорый. У асноўным школы самі вызначаюць, якія віды работ яны прапаноўваюць навучэнцам. Звычайна гэта работы на свежым паветры, на агародзе (праполка, паліў і г.д.), прышкольнай тэрыторыі: догляд клумб, прыбіранне сухой расліннасці, зграбанне скошанай травы, работа ў бібліятэцы — усё тое, што патрабуецца для падтрымання парадку як на прылеглай тэрыторыі ўстановы адукацыі, так і ў яе будынку.
З 1 ліпеня на арандаванай базе Ганцавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа пачаў работу лагер працы і адпачынку, дзе для 20 навучэнцаў каледжа арганізавана часовая працоўная занятасць.
Наша раённае аддзяленне БРСМ таксама прапаноўвае навучэнцам папрацаваць у студэнцкіх атрадах. Рабочыя месцы прадастаўляюць ЖКГ, Ганцавіцкі лясгас, мясцовыя сельгаспрадпрыемствы. Дарэчы, зусім нядаўна за сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна мы замацавалі школы. Напрыклад, гімназію і сярэднюю школу № 1 — за Ганцавіцкім хлебазаводам, сярэднюю школу № 2 — за ААТ “Любашава”. Спадзяёмся, што такое супрацоўніцтва адкрые новыя магчымасці для працаўладкавання падлеткаў.
Рыхтуйся ўвесь год!
— Стэрэатып, што школы рыхтуюцца да новага навучальнага года летам, паступова разбураецца. Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да 1 верасня праводзіцца на працягу ўсяго каляндарнага года. Спецыяльныя камісіі наведалі ўстановы адукацыі яшчэ ў красавіку, вызначаны прыкладны пералік работ на лета. Так, касметычныя рамонты пройдуць ва ўсіх установах адукацыі сіламі педагогаў і тэхнічных работнікаў. Будуць прыцягнуты сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці, спонсарскай дапамогі. Замена аконных блокаў праводзіцца ў Ганцавіцкай сярэдняй школе імя А.П.Брынскага, а безбар’ернае асяроддзе ствараецца ў сярэдняй школе № 2 Ганцавіч. Капітальны рамонт вядзецца ў Раздзялавіцкай сярэдняй школе. Дарэчы, на яго правядзенне з бюджэту было выдзелена 600 тысяч рублёў. У Люсінскай сярэдняй школе імя Якуба Коласа і Круговіцкай сярэдняй школе праводзяцца работы па абсталяванні аварыйных выхадаў з другога паверха ўстаноў адукацыі, дзе размяшчаюцца дашкольныя групы.
Да Дня Незалежнасці ў Малькавіцкай сярэдняй школе ўрачыста адкрылі дашкольную групу, на рамонт і абсталяванне памяшканняў для якой было выдзелена больш за 100 тысяч рублёў.
Зараз ідзе распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на правядзенне капітальнага рамонту ў Агарэвіцкай сярэдняй школе імя М.А.Крысюка. Мяркуецца, што ўжо наступнай вясной мы пачнём праводзіць вулічныя работы, якія не будуць перашкаджаць адукацыйнаму працэсу: рабіць адмостку, рамантаваць ганак і г.д.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





