Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” зазірнула на тэатральны паказ у сталічны дзіцячы сад № 96 Фрунзенскага раёна, дзе дашкаляты з маленства лёгка ўжываюцца ў ролю, а за год рыхтуюць па 35 новых спектакляў!

Кацярына Казлова, якая працуе тут намеснікам загадчыка, адначасова выкладае на кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі БДПУ. Яна прызнаецца, што сумяшчаць гэтыя дзве работы для яе вялікая ўдача: педагог мае магчымасць на базе дашкольнай установы рыхтаваць студэнтаў, якія прыходзяць сюды на практыку, наведваюць майстар-класы па тэатральнай дзейнасці ў дзіцячым садзе.

А паглядзець тут сапраўды ёсць на што. Сёння на садаўскай сцэне “Калабок”. Усе дзеці малайцы, а маленькая Софія пасля спектакля нават не можа развітацца з роллю лісіцы.
— Дзеці хутка ўжываюцца ў ролю і вельмі добра разумеюць свайго персанажа, — гаворыць Кацярына Казлова. — Дзіцячы тэатр — самы шчыры! Дашкаляты нясуць свой вобраз з асаблівай годнасцю, нават калі гэты персанаж адмоўны, як, напрыклад, лісіца. Пераўтварэнне ў тую ці іншую асобу ці жывёлу вучыць дзяцей распазнаваць дабро і зло, фарміруе ў іх духоўна-маральныя арыенціры, развівае маўленне і дапамагае падрыхтавацца да школы. Казкі падбіраем па ўзросце ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай: напрыклад, дзецям 3—5 гадоў даступна ўнутранае суперажыванне, яны мысленна ўдзельнічаюць ва ўяўных абставінах. А дзеткі 5—7 гадоў ужо здольны добра разумець унутраны свет персанажаў, падчас вельмі супярэчлівы.
Дзеці, якія з маленства на сцэне, можа, і не стануць вялікімі акцёрамі, але цікавымі асобамі — адназначна!
Сярод бацькоў, якія прыйшлі паглядзець спектакль, няма ніводнага, хто не марыў бы ўбачыць сваё дзіця на сцэне. Больш за тое, дарослыя актыўна падключаюцца да пастановак: самі шыюць дзецям касцюмы. Гэта, па словах Кацярыны Іванаўны, яднае сем’і і паказвае дзецям, што бацькі падзяляюць іх захапленні.

Стварэнне спектакля ў дзіцячым садзе — складаны працэс, амаль як падрыхтоўка сапраўднага фільма. Да яго падключаюцца ўсе. Педагогам дзіцячага сада гэта дазваляе праявіць свае творчыя якасці: хтосьці малюе плакаты ці рыхтуе дэкарацыі, хтосьці піша сцэнарый ці працуе непасрэдна з дзеткамі. Часам далучаюцца студэнты, а бацькі дзетак майструюць касцюмы.
— Студэнты БДПУ прыходзяць да нас не толькі на практыку, але і проста пасля заняткаў на працягу навучальнага года, — расказвае Кацярына Іванаўна. — Дарэчы, некаторыя з іх ужо працуюць у нашым садзе. Хачу запрасіць усіх студэнтаў да нас у магістратуру: гэта цудоўная магчымасць павысіць свой навуковы ўзровень і разам з тым набыць бясцэнны практычны вопыт.
Каля 15 спектакляў у арсенале сада — на беларускай мове. Напрыклад, “Коцік Петрык і мышка”, “Дзедава рукавічка”, “Муха-пяюха”, “Каза-манюка”, “З рога ўсяго многа”, “Пых” і інш. Гэта вельмі карысна для сучасных дзяцей, многія з якіх адчуваюць цяжкасці з вывучэннем беларускай мовы ў 1 класе школы.
У садзе ставяць спектаклі розных відаў: музычныя, драматычныя, ёсць тут нават тэатр ценяў і тэатр лялек!

Загадчыца дзіцячага сада № 96 Людміла Круковіч адзначае, што амаль ва ўсіх групах ёсць тэатральныя куткі, а таксама сфарміравана група полікультурнага кірунку:
— Наш сад унікальны тым, што з’яўляецца філіялам кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі БДПУ. Яго студэнты дзённай формы праводзяць у нас лабараторныя работы па дысцыплінах “Развіццё гульнявой дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту”, “Тэатральная дзейнасць ва ўстанове дашкольнай адукацыі”. Наогул, ролю тэатра ў вырашэнні праблем сучаснай педагогікі немагчыма пераацаніць: гэта і фарміраванне ў дзяцей эстэтычнага густу, і развіццё волі і памяці, і стварэнне станоўчага эмацыянальнага фону, і зняцце напружанасці, і, вядома, прывучванне дзяцей да мастацтва — літаратурнага, драматычнага. Праз тэатр мы вучым дзяцей любіць Радзіму: у нашай установе працуе рэсурсны цэнтр “Дашкольная адукацыя. Асновы грамадзянска-патрыятычнай культуры”. Таксама наш дзіцячы сад увайшоў у тройку лідараў раёна па выніках работы ўстаноў дашкольнай адукацыі за 2024 год.

“Калабок” на сцэне актавай залы завершаны: дзіцячы спектакль доўга не ідзе, бо дзеці хутка стамляюцца. Аднак эмоцыі ад перажытага застаюцца з імі яшчэ на некалькі дзён. Дарэчы, пасля спектакля дашкаляты ствараюць малюнкі па яго матывах і потым арганізуюць выставы. Прычым малююць не толькі сюжэты, але і сам тэатр: білецёра, касіра, залу. З малымі праводзяцца адпаведныя заняткі па тэмах “Як прайсці на сваё месца ў тэатры”, “Ці можна падчас спектакля есці, шамацець”. А яшчэ дзецям тут прапаноўваюцца гульні на тэму тэатра, тэматычныя рэбусы, крыжаванкі.
— Але галоўнае, напэўна, тое, што дзеці падчас выступлення на сцэне разнявольваюцца, пазбаўляюцца комплексаў, сарамлівасці. Яны чуюць першыя апладысменты ў свой адрас і разумеюць: “Я ўсё магу!”, — падкрэслівае намеснік загадчыка Кацярына Казлова. — І гэтая ўпэўненасць у сабе застаецца з дзецьмі на ўсё жыццё.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі








