Ірына Гурская і яе «Класныя дзеці»: у тэатральнай студыі ў Ганцавічах робяць пастаноўкі па мясцовых казачных сюжэтах

- 14:22АРТ-квартал

Толькі год у Ганцавіцкім раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці працуе тэатральная студыя “Класныя дзеці”. Але ж яе кіраўнік Ірына Гурская мае вялікі вопыт работы з самадзейнымі тэатральнымі калектывамі. У студыі, дзе дзеці спасцігаюць асновы тэатральнага майстэрства, пануе атмасфера дабрыні, творчасці, сяброўства і вялікай павагі да беларускай мовы, народных традыцый. Падрабязнасці даведаўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Год жыцця ў прасторы казак

Калі збіраўся ехаць у багатую на казкі палескую вёску Чудзін, якую вядомы фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі называў заказнікам казак, то даведаўся, што ў райцэнтры, у Ганцавічах, робяць і тэатральныя дзеі паводле тых народных казак. Ажываюць казачныя вобразы на сцэне. І нітачка цікавасці да таго, як жывуць у сучаснасці народныя традыцыі на Палессі, павяла ў Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці. А там народнае мастацтва ўплывае і на стылістыку дэкаратыўна-прыкладных, мастацкіх работ, з якімі выхаванцы педагогаў цэнтра Ірыны Мінько і Марыны Скурат знаходзяць прызнанне на розных конкурсах — пра тое напісаў раней. І пра школу з казачнай атмасферай у Чудзіне таксама. Цяпер давайце прыгледзімся да “Класных дзяцей”, іх крэатыўнага кіраўніка.

“Працуе студыя, творчае аб’яднанне “Класныя дзеці” з верасня 2024-га, і мы вам пакажам адну з нашых вялікіх пастановак, — сказала Ірына Гурская. — Доўга над ёй працавалі. Акрамя таго, што на сцэне гучыць беларуская мова, дык і з дыялектам вёскі Чудзін. Каб наблізіцца да таго арыгіналу, як запісаў казкі Сержпутоўскі… Цяжка было, але ўрэшце дзеці загаварылі як належыць”.

Здавалася б, чаму цяжка?.. Усе ж і самі нібыта палешукі. Але, вядома ж, беларуская мова з дыялектнай афарбоўкай рэдка бывае ў гарадах: з ёй трэба звыкнуцца, нібы нанова загава­рыць, калі практыкі моўнай няма. І высвятляецца з размовы: на Ганцавіччыне практычна ў кожнай вёсцы ёсць адметнасці ў маўленні. А навукоўцы на тэрыторыі раёна вызнача­юць два дыялектычныя строі: пінска-івацэвіцкі і слуцка-нясвіжскі. Чудзін па маўленні, лексіцы, манеры выканання песень бліжэйшы да апошняга. Расказваючы пра гэта, Ірына Аркадзьеўна прызнаецца: “І я не вельмі добра гавару па-беларуску, бо родам з Расіі…” Але ж гаворыць, і даволі бегла! І гэта робіць ёй гонар у пару, калі некаторым беларусам, чуў такое ад касіра на мінскай запраўцы, “проще говорить по-английски, чем по-белорусски”… Ды і самому, што хаваць, пасля гадоў вучобы ў Ленінградзе давялося беларускую літаратурную мову асвойваць нанова: спачатку ў рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”, потым больш паглыблена ў рэдакцыі часопіса “Роднае слова”. Ірына Гурская родам з Чувашыі, вучылася ў Казані. Там сустрэла добрага хлопца-беларуса, і каханне паклікала-павяло рамантычную тэатралку на Палессе.

“Калі трапіла сюды, цікава было слухаць ганцавіцкую гаворку, самой здагадвацца пра сэнсы новых для мяне слоў, — расказвае пра ўласны моўны вопыт Ірына Гурская. — Працавала ўсё жыццё ў сферы культуры, вяла тэатральную студыю — і пакрыху вывучыла мову, на якой тут размаўляюць людзі. Палюбіла і яе, і людзей гэтага казачнага краю. У нас і тут, у студыі, ёсць чым пахваліцца, бо падабраліся дзеці, як кажуць, Богам пацалаваныя”.

Добрая незаспакоенасць

Калі падбіраўся калектыў, яна прапанавала навічкам для пастаноўкі ­ўзяць што-небудзь з твораў мясцовых пісьменнікаў. Расказвала і пра Сержпутоўскага, яго жыццё. Дарэчы, летась адзначаліся 160-я ўгодкі з дня яго нараджэння. І казкі, запісаныя ім на Палессі, усіх зацікавілі. Хлопчык нарадзіўся ў небагатай сям’і, але бацькам удалося сабраць грошай і выкупіць хутар непадалёк Чудзіна: у 2003-м на яго месцы, для зручнасці маўлення названым Шарпутоўшчынай, устанавілі памятны знак. Аляксандр Сержпутоўскі скончыў настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы і настаўнікам папрацаваў. Потым паехаў у Санкт-Пецярбург: ва ўніверсітэце атрымаў юрыдычную адукацыю і больш за ­чвэрць стагоддзя быў супрацоўнікам этнаграфічнага аддзела Рускага музея.

“Сержпутоўскі пры тым і сам глыбока вывучаў фальклорную спадчыну беларусаў, ладзіў экспедыцыі, сабраў унікальныя матэрыялы і расіянам дапамагаў зразумець, што гэта за вялікае багацце, — гаворыць Ірына Гурская. — Аляксандр Казіміравіч зафіксаваў і дыялекты. Мы чытаем яго работы і нібы чуем жывую беларускую палескую гаворку. Калі ўдумліва разбірацца, то можна вызначыць: адкуль яна, з якога месца. Ён жа і атмасферу таго месца, дзе была гутарка, перадае. А якая жывая мова! Я чытала дзецям упершыню казку “Яечка” і звярнула ўвагу, што сюжэт яе падобны да расійскага, ды ўсё ж адметны. У беларускім варыянце завязка, развіццё, кульмінацыя і развязка — зусім іншыя, на мой погляд. Яшчэ заўважыла, што рускія казкі пераважна ўсе вельмі добрыя, у іх, як кажуць, душа наросхрыст — і амаль усюды ёсць такі хэпі-энд, як у індыйскіх фільмах. А беларускія казкі, я так адчуваю, заўсёды вымушаюць іх герояў напружвацца, праз выпрабаванні шукаць выйсце. У іх нібы закла­дзена такая звышідэя, што дабрыня павінна быць і з сілай, з унутраным намаганнем. Я для сябе зрабіла такую выснову: беларусам усё жыццё даводзіцца розныя цяжкасці пераадольваць, а хто сам шмат перажыве, той лепш іншых разумее. І вось таму, відаць, беларусы такія добрыя, душэўныя… Перачытайце беларускія народныя казкі і звярніце ўвагу: там ёсць атмасфера дабрыні, героі казак спагадлівыя… Я бачу ў іх і нейкі станоўчы, вялікі энергетычны пасыл, і ён пругкі, а нас казкі вучаць… нейкай добрай незаспакоенасці. Яны падказваюць: заўсёды ў складанай сітуацыі трэба шукаць выйсце — і яно абавязкова знойдзецца”.

Дакрануцца да таямніц

Пытаюся, ці прадоўжыцца яшчэ работа ў казачны бок? Безумоўна, гаворыць Ірына Гурская, ды толькі ўвесь матэрыял дзецям не дасі. Пачытаць можна шмат чаго, а вось паказаць на сцэне… А што яшчэ староннім і зацікаўленым поглядам у нашых казках яна заўважыла?

“У казках, запісаных Сержпутоўскім, ідэалогія праваслаўнай веры цесна спалучана з дзеяннем казкі, — разважае кіраўнік студыі. — Скажам, Бог згадваецца практычна ва ўсіх вырашальных момантах аповеда, і яго воля ўсё працінае, дзейнічае як неадольная сіла. Шмат матэрыя­лаў, назбіраных Аляксандрам Сержпутоўскім, прысвечана… народнай педагогіцы. Яны пра тое, як бабулі, дзядулі, таты і мамы на Палессі нечаму вучаць дзяцей, каб яны, скажам, ведалі прыкметы, па якіх можна вызначаць надвор’е, у тым ліку на перспектыву. А гэта ж было вельмі важна, бо ад характару надвор’я залежаў сялянскі ўраджай у тым ліку, а значыць, і жыццё людзей. Чытаеш пра такое і ловіш сябе на думцы: нам дазволілі дакрануцца да вялікіх таямніц, заглянуць у мінулае… Я ўпэўнена, што гэтыя веды мае выхаванцы засвояць і панясуць далей. Можа, перададуць і нашчадкам ці сваё жыццё неяк з гэтымі ведамі спалучаць. А чаму я ўпэўнена? Бо вельмі таленавітыя дзеці!”

Перад пачаткам дзеі з самай юнай артысткай Лізай Зуйкевіч сфатаграфаваўся на сцэне загадчык раённага аддзела па адукацыі Аляксандр Заяц. Я пазней высветліў, што Аляксандр Валер’евіч таксама быў сама­дзейным артыстам, іграў ролі ў пастаноўках народнага тэатра “Мы” гарадскога Дома культуры.

Сцэнічны фармат

У адной пастаноўцы “Класныя дзеці” сыгралі тры казкі, сюжэтна паяднаныя. Кіраўнік студыі гаворыць, што сцэнічны ход падказалі самі юныя акцёры: у стылістыцы твора “Бежын луг” Івана Тургенева. І вось на сцэне гарыць стылізаванае вогнішча, сядзяць юныя пастушкі ў начным. Адна дзяўчынка прыдрамала на возе з сенам. Як вядома, летам у гарачую пару коней у вёсцы выганялі вечарам пасля работы пасвіцца ў лугі, а прыганялі раніцай. Пабыць у начным было як вялікае свята для сялянскіх дзяцей. Яны і расказваюць пры вогнішчы казкі, ды яшчэ разыгрываюць па ролях для нагляднасці тое, пра што ідзе гаворка.

“Я на такое пагадзілася, бо казкі выбралі для пастаноўкі крыху страшнаватыя, — прызнаецца Ірына Аркадзьеўна. — І такое ж ноччу расказвалі раней дзеці, падлеткі, калі вакол цёмна і свет набывае нібы нейкае іншае вымярэнне. Ва ўсякім разе мы, калі былі піянерамі, пры вогнішчы расказвалі падобныя страшнаватыя гісторыі”.

На сцэне спачатку расказваецца доўгая, з рознымі жахамі дзіцячая лічылка. Потым — казка пра Чорта, які хоча скі­нуць месяц з неба. Прытым апавядальнік размяркоўвае, хто з дзяцей каго будзе іграць. І вось на сцэне з’яўляюцца адна Дачка, і другая, і Чорт… Потым разыгрываецца казка “Яечка” — з выкарыстаннем хусткі, пры дапамозе якой артысты паказваюць курачку.

“Гэта народная традыцыя: абыгрываць-ажыўляць усё, што ёсць пад рукой, — акцэнтавала ўвагу Ірына Гурская перад пачаткам дзеі. — Мы і выкарыстоўваем такі прыём. Дзяўчынка хустку зняла — і з ёй адбываецца казачнае дзеянне. Аповед і паралельна паказ”.

І на сцэне тут жа дзеці пераўтвараюцца ў Дзеда і буркатлівую Бабу, а яшчэ і Курачку разыгрываюць — пры дапамозе той самай хусткі.

Расціце, таленты!

Ірына Гурская пасля пастаноўкі знаёміла нас з юнымі артыстамі, занятымі ў ёй. Усяго ж у студыі 12 дзяцей і падлеткаў з розных школ горада і каледжа. Пачала з той самай Лізачкі Зуйкевіч, якая хутка пойдзе ў 2 клас. Назвала яе чалавекам са сцэнічным вопытам: “Мы з ёй з дзіцячага сада знаёмы, калі я ў Доме культуры яшчэ працавала”. Ліза прывяла ў студыю старэйшую сястру Дашу, якой 13 гадоў: “Гэта розум нашага калектыву, засяроджаная і спакойная заўсёды, шмат чытае”. Знайшліся добрыя словы ў кіраўніка студыі таксама і пра Кацю Кіршун, Насцю Мельнікаву, Соню Сойку, Алега Мальсагава, Назара Паўловіча, найстарэйшага з усіх Ягора Крупеніча: ён вучыцца ў аграрным каледжы, “вельмі добры, і да яго ўсе ставяцца як да старэйшага брата”. Увогуле, па яе словах, у студыі пануе сяброўская, нават сямейная творчая атмасфера.

Напрыканцы сустрэчы я згадаў пра конкурс юных казачнікаў, які раз на два гады праходзіць у Беларусі. Традыцыі расказвання казак моцныя на Палессі, то чаму б не адрадзіць іх і ў Ганцавічах!

“Мы займаемся ў тым ліку і тэхнікай маўлення, — сказала Ірына Гурская. — Так што пагля­дзім-паспрабуем. Казкі ўвогуле спрыяюць таму, каб усебакова раскрываліся юныя таленты, прасвятляліся душы. І таленты расказчыкаў таксама пашукаем”.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара