Не толькі драўляная барана… Больш за 230 экспанатаў расказваюць пра няпросты шлях хлеба з урадлівага поля на наш стол. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Можна бясконца любавацца хвалямі залацістага калосся, назіраць за працай камбайнаў, якія падчас жніва, нібы караблі, павольна плывуць па збожжавых палях… А яшчэ бясконца можна слухаць захапляльны аповед пра тое, як да нас на стол трапляе хлеб.
– Гэта няпросты шлях. Пачынаецца ён ранняй вясной, калі на палі выходзіць тэхніка. Трэба ўзараць поле, разрыхліць зямлю – падрыхтаваць яе да сяўбы. Нездарма кажуць: вясновы дзень год корміць. Каб засеяць вялізныя палі, патрэбны сеялкі. Перш чым пасеяць збожжа, зерне правяраюць на ўсходжасць, сартуюць на спецыяльных машынах, – гаворыць вучаніца Дар’я Сас.

Цікава дзяўчына расказвае і пра адметнасці яравых і азімых культур, асаблівасці работы збожжаўборачнай тэхнікі, элеватараў, мукамольных і хлебазаводаў. Нядзіўна, што Дар’я і яе сяброўкі неаднаразова станавіліся прызёрамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў юных экскурсаводаў.
Аповед школьніцы дапаўняюць экспанаты раздзела «Ад зярнятка да каравая». Усяго экспазіцыя складаецца з 8 частак, якія знаёмяць з прыладамі працы і побытам сялян-хлебаробаў у розныя эпохі, значэннем хлеба ў гады Вялікай Айчыннай вайны, перадавікамі сельскай гаспадаркі Чэрыкаўскага раёна. А пачынаецца экскурсія з гісторыі асваення чалавекам збожжавых культур.
– Першапачаткова людзі елі сырое зерне, пазней навучыліся расціраць яго з дапамогай двух спецыяльна апрацаваных камянёў (зерняцёрак) і атрымліваць крупы, муку. Яе змешвалі з вадой і ў выглядзе вадкай кашы елі сырой. Пасля таго як нашы прашчуры навучыліся карыстацца агнём, яны сталі варыць з мукі зацірку, выпякаць праснакі з зерневай кашы, – такімі словамі сустракае наведвальнікаў Вікторыя Яўменчыкава.
Сярод экспанатаў і хлебабулачныя вырабы. Дарэчы, свой цэнтр па хлебапячэнні ёсць і ў школе. Створаны ён у 2021 годзе на базе кабінета працоўнага навучання. Ідэя прыйшла невыпадкова: адна справа – завочна знаёміць школьнікаў з працэсам выпякання хлеба, зусім іншая – далучаць дзяцей да гэтай справы. Тут і працоўнае выхаванне, і захаванне мясцовых традыцый, і, нарэшце, цудоўная магчымасць для кожнага вучня або настаўніка стварыць кулінарны шэдэўр і парадаваць ім сваіх родных, сяброў. Таксама ў рамках аб’яднання па інтарэсах «Плюшкі і не толькі» праводзяцца майстар-класы для навучэнцаў, бацькоў, жыхароў Чэрыкава.

– У 2020 годзе наша школа ўдзельнічала ў конкурсе «Рэгіянальныя ініцыятывы для развіцця мікрарэгіёнаў», на які мы прадаставілі праект стварэння цэнтра па хлебапячэнні «Выпякайка». Дзякуючы выйгранаму гранту, набылі неабходнае абсталяванне, а таксама рэканструявалі музей, зрабілі яго экспазіцыю сучаснай, паколькі ранейшая не абнаўлялася з 1990 года – з часу адкрыцця музея, – расказвае яго загачыца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Віктараўна Яўменчыкава. – Сёння ў фондах захоўваецца больш за 230 прадметаў. Сярод іх каменныя жорны, дзежкі, у якіх гаспадыні замешвалі цеста, сярпы, цэп, саха, веялка, ёсць нават сноп калосся.
Асабліва ганарымся драўлянай бараной – сапраўднай, не макетам. Да таго, як трапіць да нас у музей, яна апрацавала не адзін гектар мясцовых палёў.
Тэме Вялікай Айчыннай вайны адведзена важнае месца, паколькі хлеб надаваў моцы чырвонаармейцам, партызанам, набліжаў Перамогу, падтрымліваў жыццёвыя сілы жыхароў блакаднага Ленінграда. Наталля Віктараўна нават спякла хлеб па рэцэпце, распаўсюджаным у акружаным фашыстамі горадзе на Няве. Сёння невялікі бохан, які складаецца пераважна з шатраванай мукі і зерневых абалонак, – цэнтральны экспанат раздзела «Цяжкі хлеб вайны».

– А гэта фотапартрэт нашай зямлячкі Валянціны Рыгораўны Жыбуль. У часы вайны яна пякла хлеб партызанам, пастаянна рызыкуючы жыццём. Калі яна была яшчэ жывая, мы з вучнямі часта наведваліся да яе ў госці, віншавалі са святамі, дапамагалі па гаспадарцы. Таксама запісалі ад яе рэцэпт партызанскага хлеба, таго самага, які яна пякла народным мсціўцам. І канечне, жанчына падзялілася сакрэтамі духмяных караваяў, якія выпякалі калісьці нашы прабабулі, – паведаміла Наталля Яўменчыкава.
…Жніво завяршаецца. Пройдзе крыху часу – і залацістыя палі збожжа ператворацца на духмяныя караваі. Якім чынам? Завітайце ў чэрыкаўскі музей хлеба – даведаецеся!
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара





