У падрыхтоўцы да новага навучальнага года дробязей не бывае. Што зроблена і якія акрэслены новыя мэты і задачы — пра гэта і не толькі карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” гутарыць з начальнікам аддзела па адукацыі Глускага райвыканкама Аляксандрам Леўчанкам.
Спажывецкіх настрояў няма
— Аляксандр Аляксандравіч, наколькі школы раёна гатовы да пачатку навучальнага года?
— Усе 14 устаноў адукацыі здалі адпаведны экзамен. Ёсць у нас свой сакрэт поспеху ў гэтай справе — беражліва ставіцца да таго, што маем. Тым не менш да кожнага новага навучальнага года рыхтуемся ўзмоцнена. Спажывецкіх настрояў няма. Там, дзе гэта магчыма, спраўляемся ўласнымі сіламі. Многае ўдалося зрабіць дзякуючы планаванню і рацыянальнаму размеркаванню астатку нарматыву мінулага года. У сярэдняй школе № 1 Глуска правялі рамонт спартыўнай залы: абнавілі столі, сцены, замянілі падлогавае пакрыццё, закупілі сучаснае спартыўнае абсталяванне. Завяршаем работы на пляцоўцы па мініфутболе: засталося пакласці штучны газон. Новае асфальтабетоннае пакрыццё з’явілася ў двары дзіцячага сада № 1, там жа ўстаноўлены новыя бардзюры. Набылі 3 камп’ютарныя класы для гарадскіх школ, новую мэблю, тэхнічнае абсталяванне. Зрабілі сучасны рамонт харчаблока і абедзеннай залы ў Заеліцкай сярэдняй школе. Прыгожа атрымалася! Камісія была ўражана маштабамі і якасцю работ. Бацькі жартуюць, што дзеці будуць харчавацца як у рэстаране.

Без перабольшання адзначу: школьныя сталовыя нам удалося тэхналагічна пераўзброіць. Абнавілі ўсё — ад посуду да агароднінарэзак, мясарубак і слайсераў, не гаворачы ўжо аб параканвектаматах і халадзільніках. Усё для якасці харчавання.
Ва ўсе школы горада і раёна паставілі сучасную музычную апаратуру са стэрэагукам. Мы ўдзяляем вялікую ўвагу ўрачыстасцям, дзяржаўным святам. Гук павінен быць якасным, прыгожым.
А яшчэ ва ўсіх садах і школах устанавілі сучасныя дзіцячыя гульнявыя комплексы.
Выхаваць грамадзяніна і патрыёта
— Цяпер самы час ставіць новыя мэты і задачы, строіць планы для дасягненняў і перамог…
— Так. Новы навучальны год — новыя справы, але і мінулы быў нядрэнны. Нашы выпускнікі паспяхова справіліся з ЦЭ. У раёне 6 залатых медалістаў — у гімназіі, сярэдніх школах № 1 і № 2 Глуска, а таксама Усцерхаўскай, Заеліцкай і Завалочыцкай сярэдніх школах. Навучэнцы неаднаразова дэманстравалі добрыя вынікі на абласных, рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, конкурсах навукова-даследчых работ. Ёсць рэсурс прымножыць дасягненні. Зробім упор на падрыхтоўку алімпіяднікаў — праз сістэмную і карпатлівую работу з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, прафілізацыю. Вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні будзе арганізавана ў 5 школах раёна, а ахоп навучэнцаў профільнай адукацыяй складзе каля 64%.
Добрыя вынікі абумоўлены дзяржаўным стаўленнем да адукацыі выканаўчай і заканадаўчай улад раёна, прафесіяналізмам і самаадданай працай кіраўнікоў устаноў і педагогаў.
У фокусе ўвагі — прафарыентацыя. У гэтым годзе 15 выпускнікоў выбралі УВА аграрнага профілю, 13 — педагагічнага. Дарэчы, 7 з іх — мэтавікі. У школе № 2 прадоўжаць работу профільная педагагічная група, у школе № 1 — групы педагагічнай і інжынернай накіраванасці, у гімназіі — інжынернай. Акрамя таго, у 5 школах раёна на ўроках працоўнага навучання будзе весціся падрыхтоўка па запатрабаваных рабочых прафесіях. Навучэнцы атрымаюць пасведчанні аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду па прафесіях сталяр, швачка, агароднік, садавод.
— Якія асноўныя прыярытэты вызначаны ў выхаванні?
— Робім акцэнт на працоўным, грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, развіцці дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, фарміраванні ў вучняў здаровага ладу жыцця і сямейных каштоўнасцей. На мой погляд, выхаваць працаўніка і сем’яніна азначае выхаваць грамадзяніна і патрыёта. Нашы дзеці, як вясковыя, так і гарадскія, не баяцца працы. У школе № 2 Глуска штогод з агарода нарыхтоўваецца каля 2,5 т бульбы, якая ідзе на патанненне харчавання навучэнцаў. Там свае цяпліца, агарод і нават яблыневы сад. Ва Усцерхаўскай сярэдняй школе апрацоўваюць каля 60 сотак зямлі — пад поўнае запатрабаванне там вырошчваюць бульбу, моркву, буракі, капусту, фасолю. Навучэнцаў і выхаванцаў кормяць бясплатна. Як кажуць, маем, бо працуем. Умовы для вучобы і ўсебаковага развіцця там таксама выдатныя.
Не без гордасці скажу, што глускія гімназісты прывезлі нямала ўзнагарод з абласнога этапу ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”. У нас ёсць кім натхніцца ў справе ваенна-патрыятычнага выхавання. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Раман Аляксандравіч Тычына, ваенкам Сяргей Генадзьевіч Корбут і настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 Аляксандр Мікалаевіч Тарашчук удзельнічаюць у рэканструкцыі баёў на “Лініі Сталіна”. Гэтыя захопленыя людзі, патрыёты, энтузіясты ўласным прыкладам вучаць дзяцей любіць сваю Радзіму, шанаваць гістарычную памяць.
Шырока рэалізуем выхаваўчы рэсурс музея народнай славы ў Катцы. Не без суму скажу, што Каткаўскую базавую школу, дзе было маё першае працоўнае месца, сёлета мы закрылі. У 1992 годзе я прыйшоў туды маладым спецыялістам і 10 гадоў (тады яшчэ ў сярэдняй школе) выкладаў фізічную культуру… Аптымізацыя — працэс аб’ектыўны. Напружанасці няма, бо да закрыцця ўстановы падрыхтаваліся загадзя. Перш за ўсё вырашана пытанне падвозу. Заеліцкая сярэдняя школа, куды пераводзяцца дзеці, за 15 км ад Каткі. На сустрэчах з бацькамі, педагагічнымі калектывамі прыйшлі да высновы, што гэта ўзважанае і добра прадуманае рашэнне. Школа павінна адпавядаць патрэбам часу.
Сапраўды, калі да аптымізацыі падрыхтавацца як мае быць, то пазітыў пераважыць. Мы загадзя прадумалі прафесійны лёс кожнага педагога, тэхнічнага работніка, падрыхтавалі варыянты для іх працаўладкавання.
Усім прапанавана работа, перш за ўсё ў Заеліцкай школе. Прадумалі траекторыю навучання кожнага дзіцяці. Перавага ў тым, што Заеліцкая школа па ўсіх крытэрыях якасці не саступае вядучым гарадскім установам адукацыі. Там створаны камфортныя і сучасныя ўмовы для педагогаў і навучэнцаў. Па апошнім слове тэхнікі абсталяваны кабінеты фізікі, хіміі і біялогіі, спартыўная зала. Усё там спрыяе засваенню вучэбнай праграмы на 100 працэнтаў. Пагадзіцеся, працаваць і вучыцца ў сучаснай школе, дзе кожны можа прявіць сябе і самарэалізавацца, — у радасць. Задаволены не толькі педагогі, але і навучэнцы, іх бацькі, якія ўжо прыходзілі сюды на экскурсію.
Разглядаюцца варыянты прымянення будынка аптымізаванай школы. Усе зацікаўлены, каб ён атрымаў другое жыццё. І вельмі спадзяёмся, што наша Катка ўступіць у “эпоху адраджэння”…
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлена суразмоўнікам





