Альбіна Давідовіч — пра асноўныя палажэнні канцэпцыі развіцця дашкольнай адукацыі да 2035 года

- 10:06Компетентно

У рамках рэалізацыі стратэгічных прыярытэтаў развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі галіновае міністэрства прадставіла канцэпцыю развіцця дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2035 года. Яе асноўныя палажэнні карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пракаменціравала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Альбіна Давідовіч.

— Якія асноўныя мэты новай канцэпцыі?

— Галоўная мэта — ства­рэнне спрыяльных умоў для рознабаковага асобаснага развіцця і сацыялізацыі кожнага дзіцяці. Мы імкнёмся забяспечыць роўныя стартавыя магчымасці для ўсіх дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў незалежна ад іх месца жыхарства, сацыяльнага становішча або асаблівасцей развіцця. Ключавы акцэнт робіцца на якасці дашкольнай адукацыі, яе даступнасці і бяспецы.

— Што ўжо зроблена за апошні час?

— За апошнія пяць гадоў праведзена значная работа. Доля дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў, якія атрымліва­юць дашкольную адукацыю, у 2024 годзе склала 88,5%, што перавышае мэтавы паказчык у 85% і сведчыць аб высокім узроўні запатрабаванасці і даверу з боку бацькоў. Мы актыўна мадэрнізуем інфраструктуру: з 2020 па 2024 год уведзены 73 новыя ўстановы дашкольнай адукацыі, створана больш за 11 тысяч дадатковых месцаў. Абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база: закуплены інтэрактыўныя панэлі, гульнявыя комплексы, сучаснае абсталяванне для харчаблокаў. Забяспечанасць сродкамі навучання вырасла да 91,2%, а надворным абсталяваннем — да 81,2%. Асаблівая ўвага ўдзяляецца інклюзіі: створаны ўмовы для навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку дома.

— У дакуменце згадваюцца і праблемныя пытанні. Пра што ідзе гаворка?

— Так, мы адкрыта гаворым пра выклікі. Сярод іх — захаванне высокага ўзроўню траўматызму сярод выхаванцаў, недахоп кадраў і недастатковы ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў, найперш у рабоце з дзецьмі з асаб­лівымі патрэбамі. Таксама застаецца напружанай сітуацыя з даступнасцю месцаў у асобных раёнах, у прыватнасці ў Мінскім раёне Мінскай вобласці, дзе каля 2 тысяч дзяцей не забяспечаны месцамі ў дзіцячых садах па месцы жыхарства.

— Што плануецца зрабіць для вырашэння гэтых праблем?

— Канцэпцыя да 2035 го­да прапануе комплексны падыход. Па-першае, будзе ўкаранёны прафесійны стандарт “Педагагічная дзей­насць ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, які дакладна размяжоўвае функцыі выхавальнікаў з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй, што павысіць якасць працы, асабліва ў інклюзіўным асяроддзі. Па-другое, мы ўзмоцнім падрыхтоўку кадраў: пашырым практыку мэтавай падрыхтоўкі педагогаў, абновім адукацыйныя праграмы ў каледжах і УВА, бу­дзем актыўна павышаць прэс­тыж прафесіі. Па-трэцяе, працягнецца аптымізацыя сеткі ўстаноў з улікам дэмаграфічнай сітуацыі, а таксама мадэрнізацыя інфраструктуры, уключаючы басейны, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца псіхолага-педагагічнай падтрымцы бацькоў. Ужо ў 2025 годзе плануецца стварэнне кансультацыйных пунктаў для бацькоў дзяцей, якія не наведваюць дзіцячыя сады.

— Якую ролю адводзіце лічбавізацыі?

 — Лічбавыя тэхналогіі стануць важным інструментам. Мы будзем укараняць бяспечнае лічбавае адукацыйнае асяроддзе з правераным кантэнтам, распрацоўваць лічбавыя інструменты для кіравання: кадравага ўліку, арганізацыі харчавання, збору даных. Гэта павы­сіць празрыстасць і эфектыўнасць сіс­тэмы.

— Якія канкрэтныя вынікі чакаюцца да 2035 года?

— Да канца тэрміну рэалізацыі канцэпцыі мы плануем давесці долю дзяцей 3—5 гадоў, якія атрымліваюць да­школьную адукацыю, да 92%; на 100% забяспечыць даступнасць месцаў у дзіцячых садах для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі; укараніць новы адукацыйны стандарт і абноўленую вучэбную праграму дашкольнай адукацыі; стварыць адзіны інструментарый ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі; забяспечыць псіхолага-педагагічнае суправаджэнне сем’яў і павысіць задаволенасць бацькоў дашкольнай адукацыяй.

— Што могуць зрабіць самі бацькі для падтрымкі гэтай сістэмы?

— Перш за ўсё, актыўна ўдзель­нічаць у жыцці дзіцячага сада, наведваць бацькоўскія сходы, кансультацыі, выкарыстоўваць рэсурсы кан­сультацыйных пунктаў. Важна будаваць партнёрскія адносіны з педагогамі — толькі разам мы зможам стварыць лепшую будучыню для нашых дзяцей.

Вольга ДУБОЎСКАЯ