Сёлета Браслаўская гімназія адзначыла 30-гадовы юбілей. Яшчэ адна важная падзея года — прысваенне ўстанове імя Героя Савецкага Саюза Івана Мікітавіча Валчкова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Памяць на стагоддзі
Фотарэпартаж пра героя з кароткай біяграфічнай інфармацыяй на памятнай дошцы са шкла сустракае ля ўваходных дзвярэй кожнага, хто пераступае парог гімназіі.

— Капітан Іван Валчкоў, ураджэнец вёскі Пічаева Тамбоўскай вобласці Расіі, падчас стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён” камандаваў стралковай ротай 22-га гвардзейскага стралковага палка 9-й гвардзейскай стралковай дывізіі 6-й Гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Загінуў ён у ліпені 1944-га ў баях непадалёк вёскі Плюсы, — расказвае дырэктар гімназіі Алена Гірон. — Рота, якой кіраваў 33-гадовы капітан, 8 ліпеня паднялася ў атаку, калі немцы, умацаваўшыся ў вёсцы Пустошка, шквальным агнём білі па савецкіх падраздзяленнях. Падчас штурму савецкім байцам удалося прарваць варожую абарону і заняць частку вёскі. Паўторнай атакай падраздзяленне Валчкова вымусіла ворагаў адступіць. Гэта дазволіла пашырыць прарыў, і цэлы полк на 20 кіламетраў паглыбіўся ў нямецкі тыл. Загінуў камандзір праз 6 дзён 14 ліпеня. У той дзень ён, атрымаўшы раненне ў галаву, працягнуў камандаваць боем і некалькі гадзін з пяццю байцамі ўтрымліваў вышыню, знішчыўшы каля сотні фашыстаў. Пасля паўторнага ранення капітан загінуў.
Першапачаткова Івана Валчкова пахавалі ў Плюсах, а пасля вайны перапахавалі ў Браславе. На месцы пахавання савецкіх салдат, якія вызвалялі Браслаўшчыну, усталяваны мемарыяльны комплекс. На трох плітах выгравіраваны імёны 54 воінаў-вызваліцеляў.
Званне Героя Савецкага Саюза Івану Валчкову было прысвоена пасмяротна ў сакавіку 1945 года. Герой узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені.
Гімназісты шмат гадоў даглядаюць мемарыял, ушаноўваюць памяць герояў, у святочныя дні нясуць Вахту Памяці. Таксама сіламі педагогаў і навучэнцаў быў распрацаваны гісторыка-адукацыйны маршрут па месцах, дзе праходзілі бітвы, адзін з пунктаў на ім — помнік у гонар загінуўшых воінаў у аграгарадку Плюсы. У хуткім часе ў гімназіі з’явіцца музейны куток, прысвечаны Івану Валчкову.
Акцэнты адукацыйнага працэсу
Грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню ва ўстанове ўдзяляецца асаблівая ўвага. Ужо некалькі гадоў тут дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “МаршБрасОК”, які стаў сапраўднай школай мужнасці, адказнасці і каманднага духу. Сёння ў ім займаюцца 10 адзінаццацікласнікаў, якія прымаюць удзел у раённых і абласных мерапрыемствах, вядуць пошукава-даследчую дзейнасць, падтрымліваюць сувязь з ветэранамі, актыўна супрацоўнічаюць з праваахоўнікамі.
Летась у гімназіі была набрана ваенна-патрыятычная група, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі паглыблена вывучаюць гісторыю, спасцігаюць вучэбную праграму факультатыву “Гатовы Радзіме служыць!”, займаюцца пачатковай ваеннай падрыхтоўкай. Яшчэ адна група такога ж профілю набрана ў гэтым навучальным годзе.

— Акрамя развіцця ваенна-патрыятычнага кірунку, ва ўстанове адукацыі ладзіцца работа па яшчэ двух прафесійных вектарах: педагагічным і медыцынскім. Упершыню будучых педагогаў набралі ў 2016 годзе. Вывучаючы на працягу двух гадоў факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, навучэнцы знаёмяцца з сутнасцю работы настаўніка, пашыраюць свае ўяўленні ў галіне псіхалогіі пазнання і самапазнання, развіваюць камунікатыўныя навыкі, а таксама на практычных занятках прымяраюць на сябе ролю настаўніка, — гаворыць Алена Гірон. — А вось група медыцынскага профілю ў 10 класе сёлета ў нас адкрылася ўпершыню. І гэты кірунак выбраны не выпадкова, тэндэнцыя апошніх гадоў такая: штогод 5—6 выпускнікоў бяруць мэтавыя накіраванні і паступаюць у медыцынскія УВА.
Яшчэ адзін важны бок вучэбнага працэсу — арганізацыя даследчай і навукова-даследчай дзейнасці, якую вядуць педагогі і навучэнцы.

— Кожны год мы прымаем удзел у раённых або абласных канферэнцыях, — далучаецца да размовы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Лукша. — Напрыклад, у гэтым годзе на абласной канферэнцыі работ даследчага характару “Эўрыка” з дзевяцікласнікам Ягорам Адахоўскім плануем прадставіць работу “Музей СМІ Браслаўшчыны як платформа для вывучэння і папулярызацыі культуры рэгіёна”. Матэрыял для даследчай часткі па гісторыі сродкаў масавай інфармацыі раёна актыўна збіраўся ў мінулым годзе, а ў аснове практычнай часткі — адкрыццё ў гімназіі месяц назад музейнага пакоя, дзе прадстаўлены друкаваныя выданні Браслаўшчыны, радыё і тэлебачанне, у тым ліку школьнае “ОКО ТВ”, якому 5 гадоў.
***
Тры экспазіцыі музейнага кутка “Масмедыя Браслаўшчыны: ад гісторыі да сучаснасці” расказваюць пра друкаваныя выданні раёна, ролю радыё і тэлебачання. Сярод экспанатаў — першае мясцовае выданне рукапіснай “Браславской стенной газеты” 20-х гадоў, мясцовая газета “Звезда” — папярэдніца сучаснай “Браслаўскай звязды”, а таксама баявыя лісткі ваенных часоў “Смерть фашизму” і “Молодежь в борьбе”. Пра месца і ролю радыё і тэлебачання ў медыйнай прасторы раёна расказваюць стэнды “Гаворыць Браслаў” і “Браслаў у кадры”.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара





