З’яўленне цэнтра вывучэння кітайскай мовы і культуры на базе сярэдняй школы № 17 Баранавіч пашырыла магчымасці ўстановы адукацыі. Цяпер вучні і настаўнікі паглыбляюцца ў вывучэнне не толькі мовы Паднябеснай, але і яе багатых культурных традыцый. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кітайскую мову ў навучальнай установе пачалі выкладаць у 2021 годзе. Цэнтр вывучэння кітайскай мовы і культуры ў 2023 годзе стваралі і адкрывалі сумесна з Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Як адзначыў дырэктар сярэдняй школы № 17 Баранавіч Мікалай Мамедаў, адкрыццё цэнтра стала не проста амбіцыйнай задачай. У навучальнай установе з уласнымі музычна-харавымі, нацыянальнымі традыцыямі даўно хацелі пашырыць культурныя і адукацыйныя межы. А стварэнне цэнтра не абмяжоўвалася выкладаннем кітайскай мовы. Гэтая структура нацэлена і на правядзенне культурных мерапрыемстваў, што ў выніку спрыяе папулярызацыі кітайскай мовы і культуры Кітая ў Беларусі, умацаванню супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем у сферы адукацыі і культуры, а таксама паглыбленню сяброўства і ўзаемаразумення паміж народамі.

— У гэтым навучальным годзе кітайскую мову ў нас вывучае 86 навучэнцаў: 32 вучні 3-х, 4-х класаў — як асноўную замежную мову, 26 школьнікаў — на факультатыўных занятках і 28 чалавек з іншых устаноў адукацыі горада, а таксама дарослыя — на платнай аснове, — паведаміў дырэктар школы.
Для ажыццяўлення сучаснай адукацыйнай дзейнасці цэнтр вывучэння кітайскай мовы і культуры валодае адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базай: абсталявана 15 асобных вучэбных месцаў для навучэнцаў і працоўнае месца для настаўніка, для рэалізацыі вучэбных мэт выкарыстоўваецца мабільны камп’ютарны клас з 11 ноўтбукамі і інтэрактыўнай дошкай. Цэнтр укамплектаваны вучэбнымі, метадычнымі, нагляднымі дапаможнікамі для вучняў і педагога.
Кіраўніком цэнтра з’яўляецца настаўніца замежнай мовы Алена Шамаева. Алена Васільеўна вучылася на спецыяльных двухгадовых курсах, пасля якіх афіцыйна стала выкладчыкам кітайскай мовы. Затым стажыравалася ў Кітаі, мае сертыфікат Цэнтра міжнародных моўных абменаў і супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі КНР.
Энтузіязм педагога і павышэнне прафесійных меж паспрыялі таму, што ў 2024 годзе яна атрымала прэмію Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі як лепшы настаўнік кітайскай мовы Беларусі ў 2024 годзе.

Алена Васільеўна настолькі паглыбілася ў выкладанне кітайскай мовы і вывучэнне культурных традыцый Кітая, што падцягнула за сабой і іншых калег. У гэтым годзе перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Выкладчык замежнай мовы (кітайскай)” прайшлі яшчэ два педагогі школы — настаўніца англійскай мовы А.Ю.Башкірава і настаўніца біялогіі В.Я.Філічкіна. Цяпер яны таксама вучаць дзяцей кітайскай мове. Побач з беларускімі педагогамі працуе настаўнік-валанцёр Тан Цаньлінь, аспірантка ўніверсітэта Сучжоу. Абмен педагагічным вопытам спрыяе не толькі прафесійнаму росту, але і дапамагае лепш разумець падыходы ў навучанні.
— У мінулым годзе пры падтрымцы Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўпершыню быў арганізаваны анлайн-лагер для навучэнцаў нашага цэнтра. Выкладчыкі Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта прапанавалі праграму па вывучэнні кітайскай мовы і культуры Кітая на тэму “Старажытная і сучасная культура, тысячы асоб за тысячы гадоў”. На працягу першага тыдня ўдзельнікі лагера слухалі лекцыі ў прамым эфіры, выконвалі практыкаванні па кітайскай граматыцы і фанетыцы, расказвалі выкладчыкам з Кітая пра сябе, сям’ю, школу, будучую прафесію. Другі тыдзень лагера быў прысвечаны вывучэнню культурнага вопыту Кітая. Дзеці вывучылі чатыры тэмы па культуры: чайнае мастацтва, кітайская опера, адзенне і жывапіс. Пры навучанні ў анлайн-лагеры выкарыстоўвалася чатырохмерная інтэграваная мадэль “Умацаванне кітайскай мовы + лекцыі па культуры + рэальны вопыт + навучанне ў інтэрнэце”, — расказала Алена Шамаева.
Штогод навучэнцы цэнтра па запрашэнні Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфунцыя БДУ і Таварыства дружбы “Беларусь — Кітай” прымаюць удзел з творчымі нумарамі ва ўрачыстым канцэрце, прысвечаным Святу ліхтароў (кітайскі Новы год).
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара





