Відэаблогі аб прафесіях здымаюць у cмілавіцкім дзіцячым садзе

- 14:15Видеосюжет, Новости

Са светам прафесій праз блогерства выхаванцаў знаёмяць у дзіцячым садзе № 2 г. п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Менавіта гэты сучасны напрамак выбралі тут з мэтай ранняй прафарыентацыі дашкольнікаў і стварылі педагагічны праект «Укараненне сістэмы фарміравання ўяўленняў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту аб прафесіях дарослых сродкамі тэхналогіі блогерства».

— Тэму шукалі доўга, — адзначае загадчыца сада Галіна Шатэрнік. — Хваляваліся, бо гэты напрамак патрабуе ў тым ліку ведаў, як працаваць з рознай тэхнікай. Але вельмі хацелася прыдумаць нешта сваё, цікавае сучасным дзецям. Лічу, што ў нас атрымалася: ва ўстанове з’явілася творчая група — выхавальнікі, дашкольнікі і бацькі. Разам дзеці не толькі здымаюць влогі (відэаблогі) пра розныя прафесіі, але і знаёмяць сяброў са справай, якой прысвяцілі сваё жыццё мамы і таты.

Створаны акаўнт у Іnstagram blogerkids_smilovichi, у якім размяшчаюцца фота і відэа на тэму праекта, а таксама сцэнарыі такіх заняткаў для педагогаў. У музычнай зале абсталявана міні-студыя для маленькіх блогераў — тут і вялікі экран, і мікрафон, і тэлефон на спецыяльнай падстаўцы, навушнікі, ноўтбук, сістэма акустыкі. Дзеці —акцёры, якія лёгка адчуваюць сябе ў новай ролі, і эмацыянальна, з захапленнем расказваюць пра розныя прафесіі.

 

Гэты год для праекта выніковы, таму блогерская дзейнасць увайшла ў сваю самую актыўную фазу. Нават была арганізавана квест-гульня «Свет блогераў».

— Установа ўзаемадзейнічае з дзіцячым садам № 5 в. Копішча Мінскага раёна, — расказвае намеснік загадчыцы па асноўнай дзейнасці Інеса Дубовік. — Наш маленькі блогер Дзмітрый Еўтух не так даўно наведаў гэты сад і іх рэсурсны цэнтр «Школа сучасных прафесій» і зняў там свой влог.

Г. Шатэрнік падкрэслівае: без цеснага кантакту з бацькамі дзетак, без іх падтрымкі нічога такога ва ўстанове не атрымалася б. Так, Ганна Еўтух, мама Дзімы, якая сама захапляецца блогерствам, рэгулярна прыходзіць у сад, каб праводзіць з малымі практычныя заняткі.

— Мы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі садзімся ў кола, размаўляем пра прафесіі, пра блогерства, — распавядае яна. — Разам здымаем відэаролікі, потым глядзім і абмяркоўваем. Дзеці вельмі адгукаюцца на такія заняткі, актыўна адказваюць на пытанні і самі шмат чым цікавяцца — ім хочацца ведаць літаральна ўсё.

Дарэчы, напрыканцы года выхаванцы з педагогамі будуць абараняць свой праект на абласным узроўні.

— Зараз мы працуем над выставай-прэзентацыяй «Свет у вясёлцы прафесій», — заўважае Г. Шатэрнік. — У аснове яе канцэпцыі ідэя прадставіць кожную прафесію як унікальны колер вясёлкі.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота і відэа аўтара