Школа — не толькі прастора для ведаў, але і духоўна-культурны цэнтр, дзе закладваюцца маральныя якасці і рысы лідара, асновы грамадзянскасці і патрыятызму, раскрываюцца творчыя здольнасці і таленты, упэўнена начальнік аддзела па адукацыі Браслаўскага райвыканкама Людміла Каптур. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Патрыятызм і грамадзянскасць ляжаць у аснове выхаваўчай сістэмы ўсіх устаноў адукацыі. Як расcтаўлены акцэнты ў гэтым напрамку на Браслаўшчыне?
— Фарміраванне любові і адданасці сваёй Радзіме, народу, культуры і гісторыі — сістэмная аснова выхаваўчага асяроддзя школ і дзіцячых садоў. Шмат гадоў педагогі і навучэнцы даглядаюць 38 воінскіх пахаванняў і гістарычных помнікаў, увасабляючы ў жыццё пры гэтым і новыя ідэі. Так, у год 80-годдзя Перамогі на тэрыторыі Слабодкаўскай сярэдняй школы закладзена алея Перамогі, а ў аграгарадку Слабодка на месцы расстрэлу юных герояў-падпольшчыкаў быў адкрыты памятны знак. Маштабнай і значнай падзеяй стала прысваенне ў маі Браслаўскай гімназіі імя Героя Савецкага Саюза Івана Мікітавіча Валчкова, які загінуў у 1944 годзе, вызваляючы наш раён.
Адзін з найважнейшых сродкаў патрыятычнага выхавання — школьныя музеі. У раёне іх два: у браслаўскай сярэдняй школе № 1 імя А.М.Жданава музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, у Друйскай сярэдняй школе — музей “Гісторыі Друі”.
За апошні год педагогі распрацавалі шмат новых экскурсійных маршрутаў да памятных месцаў, прыродных славутасцей і музеяў раёна, якія сёння цікавыя школьнікам, а таксама добра падыходзяць для сямейнага адпачынку. Колькасць тэматычных маршрутаў выхаднога дня значна вырасла: з 20 у 2023/2024 навучальным годзе да 34 у мінулым. Гэтая работа працягваецца і сёння.
Асаблівы дух патрыятызму адчуваецца ў ваенна-патрыятычных класах (групах), клубах і атрадах. У мінулым годзе іх прадстаўнікі прынялі ўдзел у злёце аб’яднанага ваенна-патрыятычнага клуба Полацкага пагранатрада. У выніку навучэнцы Опсаўскай сярэдняй школы адзначаны дыпломам III ступені. Уладальнікам дыплома I ступені стаў ваенна-патрыятычны клуб “Блок-пост” браслаўскай сярэдняй школы № 2 імя З.Я.Кожар, які прадставіла Віцебская вобласць на рэспубліцы ў Лідскім пагранічным атрадзе ў верасні. Члены патрыятычнага клуба “МаршБрасОК” гімназіі Браслава прадставілі сваю дзейнасць у першым рэспубліканскім форуме ваенна-патрыятычных клубаў і ў абласным аглядзе-конкурсе “Давай служыць разам”.
— Што ляжыць у аснове духоўна-маральнага выхавання школьнікаў?
— Сёння ва ўстановах адукацыі праходзяць факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Акрамя гэтага, напрыклад, на працягу апошніх трох гадоў у сценах Відзаўскай сярэдняй школы праходзіць вечар духоўнай музыкі і паэзіі “Святло жывой свечкі”. Літаратурна-паэтычны вечар — гэта заўсёды размова пра сям’ю, пра каханне, пра павагу і ўзаемадапамогу, пра добрае і вечнае. Таксама гэта пляцоўка для творчасці, дзе таленты і крэатыўнасць праяўляюць цэлымі сем’ямі. Пры святле свечак дзеці чытаюць душэўныя вершы, выконваюць лірычныя песні. У рамках вечара праходзіць конкурс сярод школ раёна на духоўную тэматыку. Гэта могуць быць сачыненні або відэаролікі пра сям’ю, пра хобі каго-небудзь з блізкіх, прэзентацыі пра гісторыю свайго роду і г.д. Другая частка — баль, на якім школьнікі грацыёзна кружацца ў вальсе.
У рамках Тыдня бацькоўскай любові праходзяць важныя сустрэчы і гутаркі пра сямейныя каштоўнасці і традыцыі з прадстаўнікамі царквы. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй у Браслаўскай гімназіі імя Героя Савецкага Саюза І.М.Валчкова, дзе ў кастрычніку адбылася глыбокая і цікавая размова навучэнцаў 9 класа з настаяцелем Браслаўскага храма Успення Прасвятой Багародзіцы протаіерэем Міхаілам Калядой.
Падчас раённага этапу штогадовай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” плануем цяперашняй зімой правесці раённыя ранішнікі для дзяцей найбольш сацыяльна неабароненых катэгорый, а таксама дабрачынны баль для адораных навучэнцаў. Рабіць дабро мы запрашаем усе прадпрыемствы і арганізацыі, а таксама мясцовых жыхароў, неабыякавых да лёсу падрастаючага пакалення.
— Людміла Іванаўна, як будуецца прафарыентацыйная работа ў профільных класах і класах прафесійнай накіраванасці?
— Сістэму прафарыентацыйнай работы, арганізацыю профільных класаў будуем у першую чаргу на аснове аналізу раённага рынку працы. З улікам гэтага праводзім кірмашы мэтавай падрыхтоўкі для школьнікаў 9, 11 класаў і іх бацькоў, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў, каледжаў і УВА, дзе рыхтуюцца кадры па запатрабаваных для раёна педагагічных, сельскагаспадарчых, медыцынскіх і інжынерных спецыяльнасцях. Найбліжэйшае такое мерапрыемства пройдзе ў лістападзе.
Раз у месяц стараемся праводзіць ва ўсіх школах тэматычныя сустрэчы з паспяховымі прадстаўнікамі розных прафесій, сямейных дынастый, пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства.
Адукацыйны працэс у раёне ажыццяўляюць 420 педагагічных работнікаў, сярод якіх 2 настаўнікі-метадысты. 73 працэнты педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй.
Гаворачы пра вынікі, адзначу, што 8 выпускнікоў у гэтым годзе паступілі на педагагічныя спецыяльнасці. З іх трое аформілі мэтавае накіраванне, у тым ліку на фізіка-матэматычны профіль, чаго не назіралася на працягу апошніх 15 гадоў. Спецыяльнасцям сельгаспрофілю аддалі перавагу 26 выпускнікоў 9 класаў і 9 выпускнікоў 11 класаў. Дарэчы, 24 учорашнія школьнікі месцам сваёй вучобы выбралі наш мясцовы Відзаўскі дзяржаўны каледж.
Аднак па-ранейшаму актуальная патрэба ў педагагічных кадрах па спецыяльнасцях “Фізіка і матэматыка”, “Пачатковая адукацыя”, “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”, “Прыродазнаўчая адукацыя (біялогія і хімія)”. Гэта сёння асноўны вектар у прафарыентацыйнай рабоце школ. Мы добра разумеем, што без сваіх мэтавікаў не вырашыць кадравую праблему ў галіне. Таксама нацэльваем будучых абітурыентаў на ўдзел ва ўніверсітэцкіх алімпіядах, дзякуючы якім адзінаццацікласнікі могуць на льготных умовах стаць студэнтамі рэгіянальных УВА ўжо ў красавіку.
— На што вы сёння нацэльваеце калег у рабоце?
— Каб заваяваць увагу і давер сваіх падапечных, сучасны выхавальнік і настаўнік канкурыруюць з вялікім штодзённым патокам інфармацыі ад СМІ, блогераў, з сацсетак. Каб перамагчы ў гэтай барацьбе, усё больш значным становіцца маштаб асобы настаўніка: сіла інтэлекту, глыбіня эрудыцыі, маральныя якасці. А таксама перакананасць у вернасці мэт, ідэалаў, каштоўнасцей, якімі ён жыве і да якіх далучае навучэнцаў. Таму педагогу важна ўдасканальваць свае прафесійныя навыкі і пастаянна займацца самаадукацыяй. Асаблівая роля ў гэтых працэсах адводзіцца кіраўніку.
Менавіта ад прафесійна выверанай пазіцыі лідара калектыву будзе залежаць агульная нацэленасць калег на якасць адукацыйнага працэсу. І ў раёне шмат пацвярджэнняў гэтага: ёсць установы, дзе пытанне своечасовасці атэстацыі наогул не стаіць. Прыемна, што маладыя кіраўнікі (напрыклад, дырэктар Ахрэмаўскай сярэдняй школы Браслаўскага раёна імя В.Б.Александровіча А.А.Упіціс) становяцца лаўрэатамі абласнога конкурсу “Кіраўнік года” і абласнога клуба “Лідар” і трансліруюць свой вопыт і вопыт установы на ўсіх узроўнях.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





