Якія праекты па добраўпарадкаванні рэалізуюцца ў Слабадской сярэдняй школе Пружанскага раёна

- 14:10На пользу дела, Новости

Як педагогі і вучні Слабадской сярэдняй школы Пружанскага раёна ствараюць на тэрыторыі ўстановы прыгажосць сваімі рукамі, падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Яркі і запамінальны школьны двор не толькі дорыць пазітыўны настрой, але і дапамагае атрымліваць новыя веды, — лічыць дырэктар Эльміра Токарава. — Таму на працягу многіх гадоў мы праводзім вялікую работу, каб тэрыторыя радавала і нас, і гасцей.

З гэтай мэтай ва ўстанове рэалізуюцца розныя праекты па добраўпарадкаванні, якія ўключаюць комплекс мерапрыемстваў па стварэнні і арганізацыі функцыянальных зон вакол асноўнага будынка. Праект “Школьная тэрыторыя” складаецца з падпраектаў і адначасова выконвае пазнавальную, развіццёвую, духоўна-маральную і эстэтычную ролі.

Ва ўстанове абыходзяцца без паслуг спецыялістаў па добраўпарадкаванні і азеляненні. Педагогі з цікавасцю і энтузіязмам бяруцца за праекты любой складанасці, кіруючыся прынцыпам “вочы баяц­ца, а рукі робяць”.

— Работа па пераасэнсаванні функцыянальнасці школьнай тэрыторыі пачалася даўно, бо час не стаіць на месцы і прапануе новыя магчымасці, — гаворыць Эльміра Токарава. — 15 гадоў назад мы набылі некалькі туй, якія толькі з’явіліся на рынку, і вырашылі з іх дапамогай кардынальна перарабіць некаторыя зоны. Для гэтага давялося ас­воіць асновы ландшафтнага дызайну, выву­чыць уласцівасці пэўных раслін і не толькі.

Штогод педагогі знаходзяць у двары ўчастак, якому імкнуцца надаць новы выгляд. Але шлях ад задумы да яе ўвасаблення не вельмі хуткі: спачатку трэба пад­рыхтаваць план, разбіць участак на зоны, падабраць зялёныя насаджэнні, пасля чаго стварыць праект на паперы для далейшай рэалізацыі.

— Займаючыся добраўпарадкаваннем і азеляненнем, мы імкнуліся знайсці кампраміс паміж магчымасцямі ўчастка памерам 3 гектары і творчымі падыходамі, бо не толькі ўвасаблялі пэўную мастацкую ці дызайнерскую ідэю, але і стваралі новае асяроддзе, — далучаецца да размовы настаўніца рускай мовы і літаратуры Ірына Маскалік. — Цяжкасць пастаўленай задачы падштурхоўвала да творчага пошуку, у выніку чаго ўмела абыграныя асаблівасці таго ці іншага ўчастка надавалі ландшафту адметны выгляд.

Педагогі не забылі і пра адну з важных функцый азелянення — адукацыйную, паколькі дзеці спазнаюць навакольны свет непасрэдна ў месцы вучобы. Школьнікі з радасцю далучыліся да работы і нават прыцягнулі да яе бацькоў. Многія выпускнікі, наведваючы ўстанову, з гордасцю паказва­юць тое, што стварылі сваімі рукамі, і ўспамінаюць, як гэта было. Тут і зона адпачынку з лавачкамі, і акуратныя газоны, і дэкаратыўныя кусты, і клумбы…

— Асартымент драўнінна-­хмызняковых і кветкавых раслін распрацаваны з улікам іх устойлівасці да ўмоў нашай мясцовас­ці, сезоннасці, спалучальнасці і дэкаратыўнасці, — працягвае Ірына Маскалік. — У азеляненні выкарыстоўваюцца расліны, вырашчаныя ў расадніку і цяпліцы: алісум, аксаміткі, віёла, сальвія, цынерарыя прыморская, газанія, хоста, а таксама нізкарослыя лілеі. Кветкі, выбраныя для клумб, з’яўляюцца шматгадовымі і аднагадовымі, холадаўстойлівымі і маюць працяглы перыяд цвіцення. Такім чынам удаецца забяспечыць яго бесперапын­насць: адны кветкі змяняюцца іншымі.

— Вялікую дапамогу педа­гогам аказвае вучнёўская выт­ворчая брыгада, створаная ў 2016 годзе. Яе дзейнасць не толькі дазваляе дзецям зара­біць першыя грошы, але і выхоўвае павагу да працы, беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя, калектывізм, пачуццё далучанасці да агульнай справы, — заўважае дырэктар. — Сучасныя школьнікі працягваюць традыцыі, закла­дзеныя папярэднікамі, і клапоцяцца пра захаванне ўжо створанага. Вучні даглядаюць дрэвы, кусты і газоны, прыбіра­юць лісце, займаюцца падкормкай, рыхленнем, абрэзкай, прарэджваннем і высадкай сезонных раслін. У выніку сістэмнай і карпатлівай работы ландшафтныя кампазіцыі і малыя архітэктурныя формы раду­юць вока і паляпша­юць псіхалагічны мікраклімат. А сумесная праца спрыяе паспяховай сацыялізацыі моладзі.

Год добраўпарадкавання і 80-годдзе Вялікай Перамогі сталі чарговай нагодай, каб задумацца пра нашу адказнасць перад сабой, малой радзімай і нашчадкамі за навядзенне парадку і захаванне міру на зямлі, — гаворыць Ірына Маскалік. — У рамках праекта “Ніхто не забыты!” вучні 7 і 9 класаў добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол абноўленага помніка ахвярам фашызму ва ўрочышчы Яцкаўшчына непадалёк вёскі Слабудка. У час нямецкай акупацыі тут былі расстраляны каля 1000 ваеннапалонных і 4000 вязняў яўрэйскага гета. Гэта самая вялікая брацкая магіла на Пружаншчыне, дзе пахавана каля 10 тысяч ахвяр генацыду. Рэалізаваны праект і штогадовая акцыя “Абеліск” з’яўляюцца данінай памяці землякам. Па выніках абласнога конкурсу “Кветкі дабра” праект адзначаны дыпломам І ступені.

На летніх канікулах школьнікі працавалі ў ААТ “Пружанскае”, дзе наводзілі парадак на прылеглай тэрыторыі і ў сельгаспамяшканнях, а таксама знаёміліся з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Акрамя таго, летам ва ўстанове правялі эстафету працоўных спраў, у тым ліку з удзельнікамі аздараўленчага лагера. Вучні пад­рыхтавалі фотавыставу “Родная Беларусь”, дзе паказалі прыга­жосць малой радзімы.

Вопыт Слабадской сярэдняй школы даказвае: добраўпарадкаванне пачынаецца з малога — з энтузіязму, клопату і шчырага жадання зрабіць навакольны свет лепшым. У сумесных справах і нараджаецца любоў да роднай зямлі. Нядзіўна, што ўстанова на працягу многіх гадоў займае ў абласным конкурсе “Цудоўней стане Брэстчына мая” прызавыя месцы сярод сельскіх школ. А мясцовыя жыхары рэгулярна наведваюцца сюды, каб набыць якасную расаду ці саджанцы.

— Работа па ўпрыгожванні школьнай тэрыторыі не завершыцца разам з Годам добраўпарадкавання, а абавязкова знойдзе працяг у новых справах і ініцыятывах, — падагульняе дырэктар.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы