Матываваць педагогаў на развіццё і бесперапынны рух наперад, быць арыенцірам для падначаленых у стаўленні да прафесіі і сваіх абавязкаў. У такім ключы імкнецца працаваць начальнік аддзела па адукацыі Клімавіцкага райвыканкама Пётр Шашкоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— За даволі кароткі тэрмін на пасадзе вам удалося выбудаваць эфектыўную мадэль кіравання. Што вам дапамагло ў гэтым?
— Педагогіку лічу сваім жыццёвым прызваннем. Я з настаўніцкай сям’і. Можна сказаць, што прафесію атрымаў у спадчыну. Цалкам свядома вярнуўся пасля вучобы на малую радзіму. З першых крокаў работа прыносіла толькі задавальненне. Напэўна, у гэтым і хаваецца галоўны сакрэт эфектыўнасці: проста трэба любіць справу, якой займаешся. Стаўку раблю і на адказнасць, рашучасць, сумленнасць, узаемадзеянне з людзьмі. Без гэтых якасцей кіраўніку не абысціся. Важнае таксама ўменне матываваць, натхняць, весці за сабой. Над выкананнем любых задач педагагічная грамадскасць працуе адзінай камандай. Гэта і дазваляе дасягаць поспехаў.
— Як зараз развіваецца сістэма адукацыі раёна?
— У горадзе і сельскай мясцовасці функцыянуюць 20 навучальных устаноў. Адукацыяй ахоплены звыш 2,8 тысячы вучняў, уключаючы дашкалят. Педагагічныя калектывы працуюць зладжана і вынікова. Многае зроблена для ўмацавання матэрыяльнай базы школ і дзіцячых садоў. Улетку правялі шэраг рамонтаў, паставілі новае абсталяванне, абнавілі вучэбныя кабінеты, харчаблокі, спартыўныя залы, стадыёны. У арганізацыі адукацыйнага працэсу выкарыстоўваем перадавыя тэхналогіі, каб узровень навучання адпавядаў патрабаванням сучасных рэалій. Імкнёмся да раскрыцця здольнасцей кожнага вучня. Фокус увагі і на выхаванні, станаўленні дзіцячай асобы.
— Назавіце прыярытэты выхаваўчай работы.
— Прыярытэтным напрамкам выхаваўчай работы з’яўляецца фарміраванне ў дзяцей грамадзянскіх і прававых кампетэнцый, духоўных і маральных каштоўнасцей. Праз тэматычныя праекты і ініцыятывы педагогі развіваюць у дзяцей патрыятычныя пачуцці, абуджаюць цікавасць да гераічнага мінулага беларускага народа, прывіваюць любоў да нацыянальнай культуры, звычаяў і традыцый. Многае робіцца для прафесійнага самавызначэння вучняў. У нас створана шырокая сетка профільных класаў рознай накіраванасці, рэгулярна праходзяць прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Рыхтуем навучэнцаў да жыцця, дапамагаем ім знайсці сваё месца ў грамадстве.
— Чым ганарыцца настаўніцтва Клімаўшчыны?
— Апошнім часам мы істотна павысілі якасць агульнай сярэдняй адукацыі. За тры гады атэстаты асаблівага ўзору з уручэннем залатых і сярэбраных медалёў атрымалі 62 выпускнікі. Навучэнцы добра здаюць ЦЭ і ЦТ: па шэрагу вучэбных прадметаў вынікі вышэйшыя за абласныя паказчыкі, ёсць і максімальныя балы. Вучні пастаянна вызначаюцца ў творчасці, спорце, інтэлектуальных і навукова-даследчых конкурсах. Праяўляюць сябе і ў алімпіядах. Сёлета школьнікі заваявалі шэсць дыпломаў на трэцім і адзін дыплом на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. За пяцігодку сем навучэнцаў былі ўключаны ў спецыяльны фонд Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі.
— За дасягненнямі вучняў нязменна стаіць асоба педагога.
— Клімавіцкія настаўнікі — гэта выключныя прафесіяналы, усёй душой адданыя дзецям, неабыякавыя да іх лёсаў. Яны пастаянна ўдасканальваюць сваё прафесійнае майстэрства. Звыш 75% педагагічных работнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Мы загадзя рыхтуем змену педагагічным кадрам. Актыўна заключаем дагаворы на мэтавую падрыхтоўку з выпускнікамі школ. З 2023 года аформлена дзесяць такіх дагавораў. Хутка чакаем прыезду маладых спецыялістаў.
— Якія мэты ставіце перад сваёй камандай на найбліжэйшую перспектыву?
— Планаў мноства. Сумесна працягнем развіваць сферу адукацыі раёна. Педагагічная супольнасць дакладна разумее, як і куды неабходна рухацца. Агульнымі намаганнямі будзем плённа працаваць над павышэннем якасці і даступнасці навучання, выхоўваць дзяцей патрыётамі і дастойнымі людзьмі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





