Што прапануе гледачам Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад»

- 17:20АРТ-квартал

У насычанай праграме 31­-га па ліку Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” не толькі прагляды адметных твораў сучаснага кінамастацтва. Ёсць магчымасць перагледзець на вялікіх экранах і тое, што стала класікай. А круглыя сталы, творчыя сустрэчы, майстар-­класы — цудоўная магчымасць для зносін як прафесіяналаў, так і шматлікіх прыхільнікаў кіно розных узростаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пагадзіцеся, кіно — нешта большае, чым кінамастацтва. Вакол яго ў наш час вібрыруе энергаполе, якое ўплывае на розумы і сэрцы мільёнаў людзей. Многія з нас яго і на сабе адчувалі. Кінакультурная энергасетка ў свеце, пэўна, больш магутная, чым у спадарожнікаў з касмічнага праекта Starlink Ілана Маска. І ўявіце сабе: лепшыя навінкі замежнага кіно, прэм’еры ад беларускіх аўтараў збірае і прадстаўляе наш “Лістапад”. А дэвізам сёлетняга кінафэсту стала сентэнцыя “Гісторыя, што мяняе погляд”. Відаць, гаворка пра кінагісторыі, якія спрыяюць нейкім светапоглядным трансфармацыям у свядомасці гледачоў.

На прэс-канферэнцыі ў адноўленым кінатэатры “Масква”, адкрытым сёлета ў сучасным, 4-зальным фармаце, прагучалі такія лічбы: на конкурс пададзена 3655 заявак са 120 краін, і звыш 170 з іх, ад кінематаграфістаў з 40 краін, увайшлі ў конкурсную праграму “Лістапада-2025”. Фестывальныя паказы пройдуць не толькі ў лепшых кінатэатрах сталіцы, але і ў абласных, раённых цэнтрах краіны. Анансавана і прэм’ера тэлеверсіі спек­такля “Ідыёт”: пазаконкурсны па­каз пройдзе ў кінатэатры “Перамога” вечарам 6 лістапада. Спектакль паводле рамана Фёдара Дастаеўскага, дарэчы, з поспехам ідзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Максіма Горкага, дзе ў 2023-м аднавіла ранейшую бялградскую пастаноўку рэжысёра Стэва Жыгана яго дачка Івана.

Актрыса і рэжысёр Івана Жыган, ушанаваная спецпрэміяй Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва, на сёлетнім “Лістапа­дзе” — старшыня журы конкурсу “Кіно маладых”. На прэс-канферэнцыі яна выказала думку, што новы свет нараджаецца на нашых вачах. І ёй хочацца ў конкурсных фільмах убачыць, што цяпер адчуваюць маладыя людзі, што ахоўвае ад разбурэння глыбінныя каштоўнасці душы. У свеце кінематаграфіі, лічыць госця з Сербіі, цяпер больш клопатаў не пра сэнсы і духоўныя арыенціры, а пра тое, ці дасць фільм добры прыбытак… На яе думку, самае простае і ў той жа час галоўнае ў гэтым свеце — быць чалавекам. І спектакль “Ідыёт”, і яго тэлеверсія — гэта спроба сказаць пра галоўныя сэнсы, паняцці, жыццёвыя арыенціры.

Да сямі ранейшых конкурсаў на кінафэсце дабавіўся ў гэтым годзе і кароткі метр, як назваў жанр кінамайстар Уладзімір Грамацікаў. Ён жа ўзначаліў журы ў конкурсе. Госць парадаваўся, што “Лістапад” застаецца важнай пляцоўкай, цудоўнай магчымасцю для зносін, абмену думкамі як прафесіяналаў, так і аматараў кіно.

Пра даўнія творчыя сувязі з кінастудыяй “Беларусьфільм” згадаў кінарэжысёр Карэн Шахназараў: ён узначальвае журы галоўнага конкурсу ігравых фільмаў. А вядомы беларускі рэжысёр-аніматар Алена Турава ўвайшла ў журы конкурсу анімацыйных фільмаў. Яна сказала, што на яго было прадстаўлена з 20 краін 47 работ, самых розных па тэхніцы, жанрах і тэмах.

Расійскі рэжысёр Святаслаў Уласаў прадставіў на конкурс кінастужку “Мой дзед”, галоўную ролю ў якой выканаў вядомы акцёр Уладзімір Гасцюхін.

Значная ўвага ў дні “Лістапада” ўдзяляецца беларускаму кіно. Як паведаміў праграмны дырэктар нацыянальнага конкурсу Аляксандр Пятровіч, базавым для такіх праглядаў стане кінатэатр “Піянер”. На яго думку, тэмы патрыя­тызму, маральнасці, духоўнасці заўсёды ляжалі ў аснове беларускага кіно: “Гэта чырвоная лінія нашага кінематографа. Таму любы фільм, які ствараецца беларускімі рэжысёрамі, закранае гэтыя тэмы найперш. Каб наша Беларусь квітнела, яе жыхары павінны любіць сваю Радзіму і быць духоўна багатымі”.

У праграме нацыянальнага конкурсу — ігравыя, анімацыйныя, а ў большасці дакументальныя кінакарціны. Адкрываў паказы фільм “Мой дзень Перамогі ў Белавежскай пушчы” рэжысёра Надзеі Габец. Увогуле фільмы, прысвечаныя падзеям вайны і памяці пра яе, у праграме конкурсу пераважаюць. Прадстаўлены адразу дзве работы рэжысёра Белтэлерадыёкампаніі Алега Шычко: “Героі беларускага падполля: Мікалай Кедышка” і “Еўфрасіння Полацкая. Святая ахоўніца Беларусі”. Узначальвае журы нацыянальнага конкурсу Сафар Хакдодаў, старшыня Саюза кінематаграфістаў Таджыкістана.

“Лістапад” прадаўжаецца. Урачыстая цырымонія закрыцця кінафестывалю пройдзе ў кінатэатры “Масква” 7 лістапада.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота БелТА