Абараніць пункт гледжання

- 10:32Авторские колонки, Мнение

У якім ключы неабходна развіваць адукацыйную галіну? Дзе патрэбны змяненні? Як уласны карэспандэнт газеты рэгулярна размаўляю на гэтую тэму з педагагічнай грамадскасцю Магілёўшчыны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ

У ходзе камандзіровак даводзіцца бываць і ў гарадскіх, і ў сельскіх навучальных установах розных куткоў рэгіёна. У большасці настаўніцтва пагаджаецца: без развіцця сёння не абысціся. Але нямала гаворак і пра надзённыя праблемы.

Неаднаразова даводзілася слухаць нараканні наконт укаранення перадавых інфармацыйных тэхналогій у вучэбны працэс. Педагогі перакананы: тэхналогіі дазваляюць зрабіць адукацыю больш эфектыўнай, цікавай, персаналізаванай. І настаўнікі імкнуцца выкарыстоўваць гэтыя магчымасці ў сваёй практыцы. Нават у вясковых школах спрабуюць уключаць у структуру ўрокаў элементы гейміфікацыі і штучнага інтэлекту. Аднак сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі. Асноўная — недахоп сучасных тэхнічных сродкаў навучання.

Каб тэхналогіі трывала ўвайшлі ў адукацыю, аднаго мультыборда на школу недастаткова. У ідэале гэтай тэхнікай трэба абсталяваць усе кабінеты. Такім поглядам падзяліліся дырэктары некалькіх навучальных устаноў.

Па-ранейшаму вострым для педагагічнай грамадскасці застаецца пытанне і з дакументаабаротам. Здаецца, з праблемай дасканала разбіраліся, былі прыняты адпаведныя нарматыўныя акты.

Аднак у калектывах на месцах кажуць: нормы ў тарыфікацыі на папяровую работу не заўсёды хапае, бо спіс дакументаў застаўся даволі вялікі. Напрыклад, настаўнік-прадметнік з функцыяй класнага кіраўніка запаўняе журнал, ажыццяўляе праверку сшыткаў і дзённікаў, робіць паўрочнае планаванне, складае планы-канспекты інфармацыйнай і класнай гадзін. Перыядычна да гэтага дадаюцца планы на паўгоддзе, складанне характарыстыкі класа і асабістых картак навучэнцаў. А трэба яшчэ чаты для бацькоў весці і пазакласную работу арганізаваць. Каб паспяваць, педагогам нярэдка даводзіцца запаўняць дакументы ў асабісты час. Але ставяцца да гэтага з разуменнем, бо вышэйпералічаная дакументацыя мае прамое дачыненне да адукацыі. Іншае — збор статыстычнай інфармацыі або справаздач. Патрабаваць ад школы запаўнення падобных дакументаў ведамствы цяпер не могуць, факты зваротаў працягваюць прысутнічаць.

Праблемных момантаў хапае. Аднак хацелася б падкрэсліць не гэта. Назіраю ў педагагічнай грамадскасці нейкую незразумелую боязь крытыкі, боязь публічна абазначыць наяўныя недахопы. Неаднойчы прапанавала суразмоўнікам выказаць пункт гле­джання пра негатыўнае ў працы. Але жадаючых выступіць на старонках газеты не знайшлося.

Гэтая тэндэнцыя і падштурхнула на развагі. Чаму так? Якія станоўчыя змяненні можна чакаць, калі ў нас няма смеласці расказаць аб праблемах, агучыць сваё бачанне іх вырашэння?

Адсутнасць ініцыятыўнасці і адказнасці — моцны бар’ер на шляху да новага, своеасаблівы тормаз любых інавацый. Мы шмат патрабуем ад кіраўніцтва, але трэба і самім праяўляць актыўную пазіцыю. Нездарма народная мудрасць кажа: хочаш нешта змя­ніць — пачні з сябе. Варта выходзіць са звыклай зоны камфорту, прапаноўваць, дзейнічаць, абменьвацца думкамі.

Трансфармацыя сферы адукацыі — задача ўсе­агульная. Вектары ўдасканалення неабходна шукаць і вызначаць разам: у згуртаванасці і адзінстве. У гэтай справе важнасць мае ўклад кожнага.

Фота на прэўю pixabay.com, носіць ілюстрацыйны характар