Начальнік аддзела адукацыі Кармянскага райвыканкама Іван Ігнаценка — пра конкурс «Настаўнік года» і школьнае харчаванне

- 12:15Планерка

Актуальныя пытанні арганізацыі вучэбнага працэсу карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” абмеркавала з начальнікам аддзела адукацыі Кармянскага райвыканкама Гомельскай вобласці Іванам Ігнаценкам.

— Раскажыце, як прайшлі першыя месяцы навучальнага года. Чым яны адметныя?

— І педагогі, і вучні новы навучальны год пачалі з рабочым настроем. Напэўна, таму першыя месяцы вучобы прайшлі на добрым арганізацыйным узроўні. А што асаб­ліва парадавала, дык гэта папаўненне нашай скарбонкі дасягненняў. За першую чвэрць у яе дабавілася сем дыпломаў конкурсаў абласнога ўзроўню. Мы ганарымся перамогамі (дыпломы ІІ, ІІІ ступеней) Кармянскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Кароцькаўскай сярэдняй школы на абласным этапе рэпубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”.

Акрамя таго, восенню былі падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер, дзе ў нас таксама дыплом ІІІ ступені. Яго заваявалі прадстаўнікі Барсукоўскай сярэдняй школы, якія паказалі дастойны метадычны матэрыял.

І юнымі спартсменамі мы таксама ганарымся. У гэтым кірунку ў нас два дыпломы — ІІ і ІІІ ступеней. Адзін з іх каманда раёна заваявала ў спаборніцтве па баскетболе (3х3), а другі — па настольным тэнісе.

Асобна хочацца сказаць пра дзяцей, якія дэманструюць доб­рыя вынікі ў алімпіядным руху.

У школьным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах удзельнічала больш за тысячу дзяцей. Пераможцамі сталі каля 200 вучняў.

Па выніках раённага этапу было вызначана 99 пераможцаў. На сёння сфарміравана каманда з 12 навучэнцаў, якія будуць прадстаўляць раён на алімпія­дзе па беларускай і рус­кай мовах, хіміі, біялогіі, матэматыцы, працоўным навучанні.

— А як наладжана падрыхтоўка да конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”?

— У снежні будзем право­дзіць раённы этап конкурсу. Мы крыху змянілі падыходы. Загадзя хочам правесці раённы этап, каб потым лепшых педагогаў на працягу месяца сумеснымі намаганнямі якасна падрыхтаваць да абласнога этапу. Работа ідзе.

— Іван Уладзіміравіч, школьнае харчаванне па-ранейшаму застаецца тэмай нумар адзін у грамадстве. Вашым дзецям падабаецца, як іх кормяць у школьных сталовых?

— У нас з арганізацыяй школьнага харчавання няма пытанняў. Яно прадастаўляецца ўсім навучэнцам, а гэта 1680 чалавек.

Харчаванне арганізоўвае Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Кармянскага раёна (яны право­дзяць закупкі). Пастаўка прадуктаў ажыццяўляецца штотыдзень. Гатуецца ежа на школьных харчаблоках, яны ў нас практычна ўсе новыя. У мінулым годзе быў праве­дзены рамонт харчаблока ў 1-й школе. Сёлета зрабілі капітальны рамонт харчаблока ў гімназіі Кармы.

Але самае галоўнае — дзеці ядуць. Не вельмі любяць, напрыклад, рыбныя катлеты, таму імкнёмся карэкціраваць меню. У асноўным жа вучням усё падабаецца, асабліва запяканкі, сыр­нікі, бліны. Рацыён у дзяцей разнастайны, з садавіной, дэсертамі. Яны атрымліваюць збалансаваны комплекс у адпаведнасці з натуральнымі нормамі. Кухары ў школах ведаюць сваю справу і гатуюць смачна.

Праводзім тыдні здаровага харчавання, арганізоўваем гутаркі з бацькамі, ладзім для іх дэгустацыі страў, каб не было неабгрунтаваных скаргаў на­кшталт “гэта халоднае або недаваранае, а гэта салёнае”. Вя­дзём планамерную работу і з навучэнцамі, і з іх законнымі прадстаўнікамі.

— З 1 верасня школа стала тэрыторыяй без гаджэтаў. Як вашы вучні ўспрынялі новаўвядзенне? Чым займаюцца на перапынках?

— Успрынялі абсалютна нармальна. А на перапынках гуля­юць у настольныя гульні — шашкі, шахматы, даміно, крыжыкі-нулікі. Прыносяць размалёўкі, крыжаванкі. Арга­нізоўваюцца і рухальныя перапынкі з танцамі, гульнямі. Дзецям падабаецца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА