Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі: як у Столінскім раёне вырашаюць кадравае пытанне

- 12:24Планерка

У 27 гадоў Кірыл Мяснікоў стаў дырэктарам школы, а праз шэсць гадоў узначаліў аддзел па адукацыі Столінскага райвыканкама. Малады, энергічны і ініцыятыўны кіраўнік падзяліўся з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” поглядамі на развіццё галіны і расказаў пра сябе.

— Родам я з вёскі Рухча, што недалёка ад Століна. Вучыўся ў звычайнай сельскай школе, якую скончыў у 2006 годзе. Мой бацька працаваў у будаўніцтве, мама — настаўніца гісторыі, ветэран педагагічнай працы. Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Фізіка, інфарматыка” ў 2011 го­дзе я працаваў у Столінскім раёне, у школе № 2 рабочага пасёлка Рэчыца. Праз шэсць гадоў мне даверылі ўзнача­ліць сярэднюю школу № 3 Століна — адну з самых буйных у раёне, дзе вучыцца больш за 900 дзяцей. На той момант я быў самым маладым сярод дырэктараў устаноў адукацыі раёна. У 2022 го­дзе мяне прызначылі кіраўніком сярэдняй школы № 4 Століна — установы-новабудоўлі. З 1 лютага 2023 года займаю пасаду начальніка аддзела па адукацыі.

— Як маладому кіраўніку справіцца з вялікай адказнасцю?

— Не так важна, у якім узросце ты ўзначаліў калектыў. Цяжка будзе заўсёды. Важна, наколькі ты працавіты і адказны. Гэтыя якасці, думаю, я пераняў ад сваіх баць­коў, перад вачыма быў іх прыклад. Лічу, калі табе давяраюць сур’ёзную справу, трэба не перажываць, а рабіць. Як кажуць, хто, калі не мы. Згодны, што вопытны кіраўнік больш упэўнена прымае рашэнні. Але калі ты выбудаваў з калектывам даверлівыя адносіны, старэйшыя калегі заўсёды падкажуць, як лепш справіцца з той ці іншай задачай. Першае, з чым сутыкнуўся, калі прыйшоў у школу ў якасці дырэктара, — рамонты. У маім кабінеце заўсёды было зменнае рабочае адзенне. Часта пераапранаўся і ішоў дапамагаць рабочым і педагогам: тынкаваў, фарбаваў, мяняў дзверы ў кабінетах, клаў плітку і лінолеум і г.д. І ўсё гэта мне вельмі падабалася. Працавалі мы пасля ўрокаў і на канікулах. Што тычыцца вучэбнага працэсу, то я працягваў весці фізіку. Паспяхова рыхтаваў дзяцей да раённых алімпіяд, конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, НПК. Лідарам па колькасці дыпломаў на раённым узроўні традыцыйна была гімназія Століна. У 2017 го­дзе перад калектывам 3-й школы была пастаўлена мэта выйсці ў лідары. Дзякуючы матываваным педагогам і зацікаўленым дзецям мы дасягнулі яе праз два гады. Высокія вынікі паказалі па геаграфіі. Вучні Сяргея Ва­сільевіча Дзенісовіча дахо­дзілі да рэспубліканскага ўзроўню. У нас былі перамогі і па працоўным навучанні — да сямі дыпломаў на раёне і вобласці за год. За пад­рыхтоўку прызёраў алімпіяд педагогі атрымлівалі матэрыяльнае заахвочванне. Сёння мне ўжо даводзіцца ставіць задачы перад калегамі ў маштабах раёна.

— Раскажыце пра запатрабаваныя ў старшакласнікаў профілі. Ці дапамагаеце дзецям з выбарам прафесіі? Куды паступаюць вашы выпускнікі?

— У 2025 годзе 43,5% навучэнцаў 11-х класаў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Усе медалісты і стабальнікі працягнулі вучобу ў Беларусі. Галоўная асаб­лівасць профільнага навучання — яго прафесійна арыентаваная накіраванасць. Найбольшую цікавасць у дзяцей выклікае інжынерны напрамак: з шасці выпускнікоў сярэдняй школы № 4 Століна, якія яго выбралі, пяць сёлета паступілі на адпаведныя спе­цыяльнасці. У мінулым навучальным го­дзе сем школьнікаў займаліся ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Выпускнік гімназіі Сяргей Страха скарыстаўся рэкамендацыямі наглядальнага савета і быў залічаны без уступных выпрабаванняў у БНТУ. У 2024 годзе рэкамендацыю савета тэхнапарка атрымаў Максім Пупенка. Каля 20% выпускнікоў педагагічных груп і класаў выбралі адукацыю па сваім профілі. Запатрабаваны і аграрныя групы, асабліва ў школах аграгарадка Альшаны, дзе развіта фермерская гаспадарка. З 2023 года ўзмацнілася ўзаема­дзеянне з арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі. Праводзяцца экскурсіі, наладжана мэтавая падрыхтоўка кадраў. Калі дзеці бачаць, як функцыянуе рэальная вытворчасць, ім прасцей вызначыцца з выбарам. Яскравы прыклад — кірмаш мэтавай пад­рыхтоўкі, які штогод прахо­дзіць у раёне пад дэвізам “Будучыня малой радзімы”. Да таго ж трэці год на базе 4-й школы Століна ла­дзіцца кірмаш прафесій з удзе­лам прадстаўнікоў каледжаў і ўніверсітэтаў краіны.

— Акрэсліце, калі ласка, кад­равую сітуацыю ў раёне. Якую перспектыву бачыце ў вырашэнні гэтага пытання?

— Мы ўкамплектаваны практычна на 100%. Усе вакансіі, якія ўзнікаюць, хутка запаўняюцца. Па замежных мовах нават ёсць прафіцыт. У мінулым навучальным годзе заключана сем мэтавых дагавораў з выпускнікамі. У верасні гэтага года да нас прыехалі сем маладых спецыялістаў, у тым ліку два мэтавікі ў сельскія школы: хімік-біёлаг і матэматык-інфарматык. Па магчымасці дапамагаем з жыллём: кампенсуем выдаткі на арэнду, даём інтэрнат або ставім у чаргу на арэндныя кватэры. Свае патрэбы ў кадрах аналізуем да 2031 года. Штогод плануем заключаць не менш за 10 мэтавых дагавораў. Пры гэтым памятаем, што важна захаваць баланс: з аднаго боку, прыцягваць моладзь, а з другога — працаўладкоўваць педагогаў з устаноў адукацыі, якія былі аптымізаваны.

— Кірыл Васільевіч, сельская школа, якую вы самі скончылі, захавалася? Ці давялося яе аптымізаваць?

— Цяпер гэта Рухчанская базавая школа. Калі я вучыўся, яна была сярэдняй. Да таго ж школа пераехала на плошчы былога дзіцячага сада. У ёй сёння вучыцца 27 дзяцей. У 2023 годзе мы не закры­лі ніводнай установы, у 2024-м аптымізавалі дзве школы і адзін дзіцячы сад, а сёлета плануецца аптымізацыя чатырох устаноў. Пытанне гэтае балючае і не адназначнае. У нас ёсць школы, дзе ў класах займаецца ўсяго 1—2 вучні. Такія дзеці атрымліваюць больш увагі настаўніка, але пры гэтым не ў дастатковай меры сацыялізуюцца. Кожнаму вучню патрэбна пэўнае асяроддзе, здаровая канкурэнцыя з аднагодкамі, абмен вопытам. Калі ва ўстанове менш за 50 дзяцей, скарачаюцца некаторыя стаўкі педагогаў, што не спрыяе павышэнню ўзроўню адукацыі. Дзяржава стварае ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі. І калі школа аптымізуецца, арганізоўваецца падвоз у найбліжэйшыя ўстановы, куды часцей за ўсё працаўладкоўваем работнікаў.

— На ваш погляд, які галоўны напрамак развіцця сістэмы адукацыі ў раёне?

— Мы імкнёмся захоўваць лепшыя традыцыі, адначасова развіваючы сучасныя і даступныя формы навучання. Галоўная задача — выхоўваць маладое пакаленне ў духу патрыятызму, дапамагаць кожнаму рас­крыць свой патэнцыял, знайсці сваё месца ў грамадстве. Важна пака­заць дзецям станоўчыя бакі жыцця на роднай зямлі, каштоўнасць працы, навучыць прыно­сіць карысць сабе і навакольным. Пры гэтым школа павінна супрацоўнічаць з сям’ёй: без падтрымкі бацькоў педагогі не змогуць дасягнуць максімальнага выніку.

— Кірыл Васільевіч, рас­кажыце пра свае жыццёвыя мэты. Чым захапляецеся ў вольны час?

— З любымі мэтамі ў жыцці адбываецца так: дасягаеш адной — на гарызонце з’яўляецца наступная. Калі гаварыць пра прывычнае “пасадзіць дрэва, пабудаваць дом, вырасціць дзяцей”, то многае ўжо выканана. У мяне двое сыноў: старэйшы вучыцца ў 8 класе, малодшы — у 4-м. Дрэвы я са­джаў шмат разоў, а дом — дачу — працягваю ўзводзіць. У 2025 го­дзе скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце па напрамку “Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай”. Сёння з’яўляюся старшынёй раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” і дэпутатам па акрузе ў р.п. Рэчыца. Хочацца быць бліжэй да лю­дзей, лепш разумець іх патрэбы і чаканні. У вольны час захапляюся спортам: гуляю ў футбол і настольны тэніс. Удзельнічаю ў раённых турнірах і чэмпіянатах разам з навучэнцамі і калегамі. Гэта не толькі хобі, але і магчы­масць падтрымліваць каманд­ны дух і жывыя зносіны.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара